Лад жыцця — законны

У мінулым годзе пракуратурай раёна ва ўзаемадзеянні з іншымі праваахоўнымі, а таксама дзяржаўнымі органамі праводзілася пэўная работа па ўзмацненні барацьбы са злачыннасцю, умацаванні законнасці і правапарадку, адстойванні правоў грамадзян, забеспячэнні абароны дзяржаўных і грамадскіх інтарэсаў. Але, нягледзячы на прынятыя меры, на тэрыторыі раёна колькасць зарэгістраваных злачынстваў не зменшылася, а павялічылася на адно. Рост злачыннасці адзначаецца на тэрыторыі шасці сельсаветаў: Конькаўскага (з 20 да 29), Жарабковіцкага (з 18 да 19), Востраўскага (з 22 да 28), Крывошынскага (з 15 да 21), Свяціцкага (з 11 да 13), Куршынавіцкага (з 10 да 12). У горадзе Ляхавічы дзякуючы прафілактычным мерам удалося дабіцца зніжэння злачынстваў са 121 да 105.
Каталізатарам больш паловы ўчыненых правапарушэнняў і злачынстваў з’яўляецца п’янства. Не ўсе дзяржаўныя органы, суб’екты гаспадарання, грамадскія арганізацыі занялі прынцыповую пазіцыю ў пытаннях умацавання працоўнай і вытворчай дысцыпліны, папярэджання правапарушэнняў і злачынстваў.
У мінулым годзе ўчынены 4 наўмысныя забойствы з замахамі – гэта ўдвая больш, чым пазалетась. У двух выпадках іх здзейснілі асобы, якія мелі судзімасць. Раней неаднаразова судзімы ляхавічанін А. Чарняк у ноч з 18 на 19 лістапада мінулага года знаходзіўся ў доме № 21 па вуліцы Матросава, дзе пражываў пенсіянер П. Знаходзячыся ў стане алкагольнага ап’янення, пасля сумеснага распіцця спіртных напіткаў Чарняк учыніў сварку і збіў пенсіянера, які ад цяжкіх цялесных пашкоджанняў памёр на месцы злачынства. За паўтара месяца да гэтага А. Чарняк атрымаў бытавую траўму і быў часова непрацаздольны, злоўжываў спіртным, вёў антыграмадскі лад жыцця. Ён меў патрэбу ў прымусовым лячэнні ад алкагалізму, аднак РАУС не прымаў мер па накіраванні яго ў ЛПП.
У ходзе расследавання крымінальнай справы пракурорам раёна ўнесены прадстаўленні аб ухіленні прычын і ўмоў учынення гэтага злачынства ў адрас начальніка РАУС, галоўнага ўрача УАЗ “Ляхавіцкая цэнтральная раённая бальніца”, дзе стаяў на ўліку А. Чарняк, дырэктара ЖКГ, дзе ён працаваў, старшыні назіральнай камісіі пры райвыканкаме.
Нягледзячы на прынятыя меры, не ўдалося дабіцца змяншэння колькасці наўмыснага прычынення цяжкіх цялесных пашкоджанняў. Іх колькасць засталася на ўзроўні мінулага года – 5. Адначасова адзначаны рост колькасці зарэгістраваных хуліганстваў – з 7 да 9. Пераважна гэты від злачынстваў рэгіструецца ў сельскай мясцовасці, што сведчыць пра неналежнае ўзаемадзеянне ўчастковых інспектараў міліцыі са старшынямі сельвыканкамаў у пытаннях прафілактыкі. 6 з дзевяці хуліганстваў учынены асобамі, якія знаходзіліся ў стане алкагольнага ап’янення, 2 — раней судзімымі, 2 – непаўналетнімі, 4 – групай асоб, 3 – непрацуючымі.
Па-ранейшаму асноўную частку ўчыненых на тэрыторыі раёна злачынстваў складаюць крадзяжы маёмасці. За мінулы год іх – 131. Практычна кожны другі з іх – крадзёж маёмасці з жылога памяшкання. Найбольшая колькасць такіх злачынстваў зарэгістравана на тэрыторыі Востраўскага сельсавета (16), Конькаўскага (12), Альхоўскага (10) і ў г. Ляхавічы (48). У 86 выпадках умовай крадзяжу стаў свабодны доступ у памяшканні, што сведчыць пра непрыняцце мер да захаванасці маёмасці самімі пацярпелымі. Яны не толькі не забяспечваюць належную захаванасць маёмасці, але і ствараюць умовы для ўчынення крадзяжоў, запрашаючы да сябе дадому малазнаёмых асоб, распіваючы з імі спіртное.
Зыходзячы з пракурорскіх праверак і аналізу ўчыненых злачынстваў на тэрыторыі раёна, канстатую, што пакуль яшчэ не дасягнуты мэты, якія дазваляюць істотна паўплываць на крымінагенную абстаноўку. Сярод прычын – нізкая эфектыўнасць дзеянняў па папярэджанні правапарушэнняў і пера-адоленні п’янства і алкагалізму. Праверкі, праведзеныя пракуратурай, паказалі: старшыні сельвыканкамаў не вывучаюць стан грамадскага парадку на тэрыторыі, замацаванай за грамадскім пунктам. Фактычна не каардынуецца работа прадстаўленых у ім суб’ектаў прафілактыкі, не распрацоўваюцца і не ўносяцца кампетэнтным органам і службам прапановы па пытаннях аховы грамадскага парадку і прафілактыкі правапарушэнняў. Разгляд гэтых пытанняў на пасяджэннях сельвыканкамаў носіць фармальны характар і, як правіла, зводзіцца да за-слухоўвання справаздачы аб рабоце ўчастковых інспектараў міліцыі.
Недапушчэнню росту ў раёне рэцыдыўных злачынстваў спрыяюць прафілактычныя гутаркі пракурорскіх работнікаў з асобамі, якія адбываюць пакаранне, не звязанае з пазбаўленнем волі, і якія неаднаразова дапускалі парушэнне парадку і ўмоў адбывання пакарання, без уважлівых прычын не працуюць больш месяца. А таксама з тымі, хто вызвалены з месцаў пазбаўлення волі. Практыкуюцца сумесныя сходы пракуратуры раёна, РАУС, упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва райвыканкама з запрашэннем непаўналетніх, якія ўчынялі злачынствы і правапарушэнні, а таксама асоб, якія знаходзіліся ў выпраўленчых кало-ніях, асуджаных, хто адбывае пакаранні, не звязаныя з ізаляцыяй ад грамадства. Разглядаюцца пытанні працаўладкавання і аказання сацыяльнай дапамогі асуджаным. У ходзе такіх сустрэч пракурорам раёна аб’яўлена 37 афіцыйных папярэджанняў асуджаным і асобам, якія вядуць антыграмадскі лад жыцця, пра недапушчальнасць супрацьпраўных паводзін.
Пры райвыканкаме створана назіральная камісія па аказанні дапамогі УІІ Ляхавіцкага РАУС у арганізацыі выпраўленчага працэсу ў адносінах асуджаных і іх рэадаптацыі. Разам з тым, неабходна прыняць дзейсныя меры па актывізацыі яе дзейнасці, у прыватнасці, па аказанні дапамогі мясцовым выканаўчым і распарадчым органам у забеспячэнні рэсацыялізацыі асоб, вызваленых з месцаў пазбаўлення волі, ці тых, хто вярнуўся з лячэбна-працоўных прафілакторыяў.
Патрабуецца ўзмацненне дзейнасці РАУС, у прыватнасці, па забеспячэнні якаснага выканання ўчастковымі інспектарамі міліцыі патрабаванняў заканадаўства аб правядзенні прафілактычных мерапрыемстваў з асуджанымі і іншымі асобамі, якія стаяць на прафілактычным уліку. Трэба выключыць фармальны падыход да правядзення прафілактычных мерапрыемстваў, а таксама да кантролю за захаваннем асуджанымі, якія стаяць на ўліку ў УІІ міліцыі, парадку і ўмоў адбывання пакаранняў. Больш актыўна выкарыстоўваць абмежаванне асоб, хто злоўжывае алкагольнымі напіткамі, у дзеяздольнасці. Наогул, неабходна ўзмацніць работу ўсіх кампетэнтных служб і органаў па прафілактыцы п’янства і алкагалізму насельніцтва.
Аляксандр ЯРАШЭВІЧ, пракурор раёна, саветнік юстыцыі.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *