Гаспадарскі падыход

У панядзелак на нарадзе ў старшыні райвыканкама трымаў “экзамен” па выкананні плана добраўпарадкавання тэрыторыі сельсавета старшыня Крывошынскага сельвыканкама Юрый Чаранкевіч. Крывошынскі сельсавет адзін з самых густанаселеных – у 13 вёсках пражываюць больш за 3000 чалавек. На яго тэрыторыі знаходзяцца СВК “Ліпнянка” і ЗАТ “Белпрампрыбор”.

Па добраўпарадкаванні і навядзенні парадку ў сельсавеце зроблена нямала. Мясцовыя арганізацыі і ўстановы, насельніцтва высякалі кустоўе, рамантавалі агароджу на вясковых могілках, падкошвалі тэрыторыю пустуючых домаўладанняў, добраўпарадкавалі помнікі і месцы воінскіх пахаванняў, праводзілі іншыя работы. За год за кошт мясцовага бюджэту і добраахвотных узносаў спілаваны 74 аварыйныя дрэвы.

Рэгулярна грэйдзіруюцца дарогі, абкошваюцца абочыны, праводзіцца і ямачны рамонт, але для трывалага станоўчага выніку патрабуецца больш сур’ёзнае “лячэнне”. Вырашэнне гэтага пытання патрабуе значных фінансавых сродкаў, якія сёння адсутнічаюць.

Нягледзячы на тое, што камунгас арганізаваў рэгулярны вываз смецця, праблемай у населеных пунктах, дзе адсутнічаюць кантэйнерныя пляцоўкі, сталі несанкцыянаваныя сметнікі. За пару месяцаў ліквідавана больш за 15 такіх непрывабных “аўтарскіх аб’ектаў”. Зносяцца трухлявыя дамы і ўключаюцца ў сельгасабарот вызваленыя землі, устанаўліваюцца  гаспадары пустуючых будынкаў. Актыўна дапамагае ў акультурванні вызваленай зямлі ЗАТ “Белпрампрыбор”.

Плюсы і мінусы ў добраўпарадкаванні асобных вытворчых аб’ектаў, што прапісаны на тэрыторыі сельсавета, назвалі і іншыя адказныя асобы. Так, галоўны дзяржаўны санітарны ўрач раёна Віталій Ціханаў з дапамогай фотаздымкаў прадэманстраваў “балючыя” кропкі, якія патрабуюць тэрміновага аздараўлення.

Старшыня райвыканкама Вячаслаў Сельмановіч рэзюмаваў: падтрыманне парадку ў населеных пунктах – задача нумар адзін. І ў гэтым павінны быць задзейнічаны ўсе: кожнаму неабходна адчуваць сваю адказнасць за добраўпарадкаванне і чысціню вакол.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *