На паверцы вентканалы. Месяц працягваласяна Ляхавіччыне пажарна-прафілактычная акцыя «За бяспеку разам»

Літаральна тыдзень назад на дзвярах пад’езда з’явілася аб’ява, што Баранавіцкі камбінат супрацьпажарных работ у адзін з дзён (дата называлася) правядзе праверку тэхнічнага стану дымавых вентыляцыйных каналаў з 9 да 13 і з 17 да 20 гадзін, гаспадары кватэр у гэты час павінны быць дома. У кватэрах некаторых суседзяў такія праверкі былі (у маю не заходзілі, хаця цэлы дзень чакалі майстроў). Пры выяўленні парушэнняў даваліся прадпісанні аб неабходнасці іх ухілення.

Тэхагляд праводзіўся па ініцыятыве жылкамунгаса ў рамках месячніка супрацьпажарнай бяспекі, які праходзіў у раёне з 20 кастрычніка па 20 лістапада.

У мінулы панядзелак на апаратнай нарадзе ў старшыні райвыканкама начальнік РАНС Валерый Равінскі паведаміў, што правераны тэхнічны стан дымавых вентыляцыйных каналаў у  8 шматкватэрных дамах   (№№ 37,44,45,46,46А,48,50,52 па вуліцы Леніна) з 18 запланаваных у райцэнтры. Згодна графіка, рэйд плануецца завяршыць да 26 лістапада.

З 22 жыллёва-будаўнічых спажывецкіх кааператываў у 12 ёсць дымавыя вентыляцыйныя каналы. Па стане на 13 лістапада правераны толькі ЖБСК № 19 (вул. Інтэрнацыянальная, 31).

Больш заявак у камбінат  супрацьпажарных работ не  паступала. Няўжо старшынь ЖБСК не хвалюе бяспека жыльцоў? Разам з тым, па словах Валерыя Равінскага, Ляхавіцкі раён газазабеспячэння мер пакарання ў адносінах кіраўнікоў ЖБСК, якія не паклапаціліся аб праверцы тэхнічнага стану вентканалаў, не прымаў.

Тым часам работнікі камунгаса вядуць прачыстку вентыляцыйных каналаў, дзе ёсць засмечванне і заторы. Такія работы ў доме № 50 па вуліцы Леніна ў райцэнтры трапілі ў аб’ектыў фотакарэспандэнта “ЛВ”.

Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *