Тут наш прычал. Ёсць на Ляхавіччыне невялікая вёсачка Бенькаўцы

Ёсць на Ляхавіччыне невялікая вёсачка Бенькаўцы. Некалі тут былі і пачатковая школа, і магазін, і клуб. Мясцовыя жыхары працавалі на ферме, у паляводчай брыгадзе калгаса. Але ішоў час, калгаса не стала, ды і вёска сёння не такая населеная, як некалі. Дзеці вырасталі і ехалі ў горад – хто вучыцца, хто працаваць. Дома заставаліся адзінкі. Сёння ў Бенькаўцах усяго ў 15 дамах жывуць людзі. Некаторых бацькоў да сябе забралі дарослыя сыны і дочкі, і цяпер прыязджаюць, даглядаюць бацькоўскі куток. Аднак, частцы двароў не так пашанцавала. І ўсё ж родныя мясціны прыцягваюць, клічуць. Месяц прайшоў з вельмі прыемнай падзеі, дзякуючы якой у Бенькаўцы завіталі многія ўраджэнцы гэтых мясцін, каб сказаць шчыра і ад душы: добры дзень, вёсачка!

Гасцінна расчыніла для нас дзверы сваёй утульнай і прыгожай сядзібы стараста вёскі Надзея Патапчык. Жадаючых сустрэцца было шмат, але па сямейных абставінах прыехаць па запрашэнні Надзеі Пятроўны змаглі не ўсе. Атрымалася гэта ў Валянціны Саўчык з мужам, якія да выхаду на пенсію жылі і працавалі ў Мінску, і ў Валянціны Кендыш з вёскі Цешаўля. З Тухавіч прыехала Ніна Саўчык, якая працавала на торфабрыкетным заводзе, а з Баранавічаў Ала Собаль – выдатны майстар-цырульнік, і Ганна Саган у мінулым паштовы работнік. З мясцовых далучыліся заўзятая грыбніца Ірына Саўчык, 80-гадовая Таццяна Саўчык, чый мілагучны голас напомніў песні нашай маладосці.

Гасцінная гаспадыня, якая некалі працавала ў калгасным дзіцячым садку, а потым начальнікам дзіцячага аздараўленчага лагера “Чайка”, і сёння не сядзіць без справы. Надзея Патапчык чалавек вельмі шчыры і суперажывальны, яна зрабіла тое, што стала для нас светлай старонкай жыцця, – сабрала разам.

І ў агульных успамінах мы перагортвалі старонкі пройдзенага, дарагога і незабыўнага. Надзея і Ала расказвалі, як пасля заканчэння васьмігодкі, каб зарабіць трохі грошай, пайшлі працаваць даяркамі. Узялі групу з 20 кароў, праца была не механізаванай, усё рабілі ўручную. Цяжка даводзілася, але ж як весела, бо маладымі былі. Валянціна Саўчык часта наведвалася да маці, дапамагала ёй. Калі ж пайшлі з мужам на пенсію, адрамантавалі бацькоўскую хату і на ўсё лета прыязджаюць сюды. Расказваюць, зімою чакаюць не дачакаюцца вясны, каб хутчэй зноў у Бенькаўцы.

Упэўнена, пакуль жыве памяць, будзе жыць і вёсачка твайго дзяцінства.

Валерыя САЎЧЫК,

в. Тухавічы.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *