Весткі з палёў. Размова пойдзе пра палі футбольныя

І хоць з класічным зялёным футбольным газонам паркет гульнявой залы баранавіцкага спартыўнага комплексу “Атлант” мае зусім няшмат агульнага, футбалісты тут – частыя госці. У тым ліку і ўдзельнікі каманд, што маюць ляхавіцкую “прапіску”. “Меліяратар” на занальным этапе працягвае паход у накірунку абласнога міні-футбольнага чэмпіёнства. Па выніках шасці праведзеных гульняў “паляпшальнікі зямлі” знаходзяцца на другім радку турнірнай табліцы. Апошнія  3 гульні складваліся для каманды неаднолькава, кожная мела свой сцэнарый, розную тактыку і гульнявое напружанне. А агульнасць у тым, што ўсе яны атрымаліся для “Меліяратара” пераможнымі.

Спачатку на тры галы ляхавіцкай дружыны прадстаўнік Баранавіцкага вытворчага баваўнянага аб’яднання каманда “Сіці” адказала толькі двума трапнымі ўдарамі. Пасля – а гульні, нагадаем, праходзяць праз тыдзень – адбылося саперніцтва з адной з самых “зорных” каманд зоны баранавіцкім “Аўтапаркам”.

І хоць першая палова гульні склалася на карысць гаспадароў, фінальны свісток “аддаў” перамогу “Меліяратару” – 4:6. Супрацьстаянне з баранавіцкім “Вікінгам”, што адбылося ў адзін з мінулых выхадных, асаблівым напружаннем, па словах дырэктара Ляхавіцкага ПМС Сяргея Юшкевіча, не вызначалася: на 12 галоў “Меліяратара” “Вікінгі” адказалі толькі аднойчы.

У бліжэйшы час каманды зноў  выйдуць на паркет СК “Атлант”. У спарткомплексе таксама праводзіцца і адкрытае першынство горада Баранавічы аматарскай лігі футзала. Між іншым, іменна з гэтага турніру некалькі гадоў таму пачынаўся “Меліяратар”. Сёлета наш раён у футзальным чэмпіянаце суседняга горада прадстаўляе дружына хоць і з неарыгінальнай, але патрыятычнай па сутнасці назвай “Ляхавічы”.Стартавы свісток чэмпіянату прагучаў напачатку кастрычніка, а на сённяшні дзень каманды правялі па 5 сустрэч. Для ляхавічан усе яны завяршыліся пераможна, а агульны лік забітых і прапушчаных мячоў 48:10 – сведчыць пра снайперскія здольнасці ляхавіцкіх форвардаў і надзейнасць лініі абароны. Вышэй за нашых землякоў у турнірнай табліцы на гэтым этапе размяшчаецца толькі баранавіцкая “Вікторыя”. У іх розніца паміж забітымі і прапушчанымі ў свае вароты мячамі яшчэ лепшая – 62:13.

Іван КАВАЛЕНКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *