Валянціна і парадак

На раённых урачыстасцях з нагоды Дня работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці АПК сярод тых, каго выклікалі на сцэну за ўзнагародамі, была і Валянціна Анціпенка. Загадчыца МТФ “Галавачы” СВК “Шлях новы” ўдастоена Ганаровай граматы абласнога Савета дэпутатаў.

Пару гадоў як Валянціна Ільінічна вярнулася ў сваю стыхію – на ферму. І за гэты кароткі час, сцвярджае старшыня гаспадаркі Аляксандр Вашчук, здолела зрабіць тое, што ў іншых не атрымлівалася хранічна: яна аб’яднала калектыў, выкараніла ўсе перашкоды для плённай працы, навяла парадак і ў вытворчых памяшканнях, і ў адносінах паміж калегамі. Як гавораць, дастукалася да сэрца кожнага.

Цяпер тут усталявалася строгая дысцыпліна, пра прагулы і канфлікты няма падстаў нават і ўспамінаць. Выдатна працуюць даглядчыкі жывёлы. Аператары машыннага даення. Марыя Турко і Алена Зубальская наогул сярод лідараў.

А Валянціна Анціпенка лічыць усё гэта звычайнай справай, хваліць сваіх падначаленых, але і патрабуе ад іх сумленнага стаўлення да абавязкаў. МТФ “Галавачы” не з новых, ды дае па максімуму, які можна дасягнуць у такіх умовах: малако на перапрацоўку залічваецца вышэйшым гатункам.

Гаспадарка ў Валянціны Ільінічны і яе калег не малая: без 50-ці тысяча галоў тут утрымліваецца, ад цялят да дойных кароў (апошніх – 354). А наконт парадку, то і сумнявацца не даводзіцца, ён тут стаў нормай: загадчыца ну вельмі паважае яго, па-жаночаму і па-гаспадарску абсалютна.

Вольга СВЯТЛОВА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *