Рэнтабельны шашлык. Канюхоўская атара ў якасна-колькасным вымярэнні ды пры дзяржаўнай падтрымцы пайшла ў рост

У свой час СВК ”Канюхі” быў адзінай у рэспубліцы авечкагадоўчай гаспадаркай, якая доўгі час трымалася на датацыях дзяржавы. Летась яе статус кардынальна змяніўся: яна далучылася да СВК “Жарабковічы”. Сёння гэта вытворчае падраздзяленне буйной гаспадаркі, якая ўключана ў рэспубліканскую праграму развіцця авечкагадоўлі. Першы этап яе рэалізацыі – абнаўленне пагалоўя авечак – актыўна ажыццяўляецца. За кошт рэспубліканскага бюджэту ў атару канюхоўскіх прэкасаў і тэкселяў, сталі завозіць авечак высокапрадукцыйных парод з Украіны і Аўстрыі. Патрачаны мільярды рублёў на асканійскіх аўцаматак і бараноў, а таксама на пароды мерыналандшаф. Да канца года новая атара зноў папоўніцца: выдзелены 2,5 мільярда рублёў на набыццё 200 высокапародных жывёл, плануецца, што ў бліжэйшы час на гэтыя мэты паступіць яшчэ прыкладна такая ж сума. У праграму закладзена і фінансавая дапамога на патанненне прадукцыі галіны.

Сельгаскааператыў набыў статус племянной гаспадаркі па авечкагадоўлі. Аднак купіць высокапародных жывёл – частка справы. Трэба арганізаваць спрыяльныя ўмовы ўтрымання. СВК “Жарабковічы” за ўласныя сродкі рэканструяваў і капітальна адрамантаваў жывёлагадоўчыя памяшканні, дзе ўстанавілі патрэбнае абсталяванне, якое дазволіла зменшыць долю ручной працы. Напрыклад, кармленне атары цяпер механізаванае. Зааветспецыялісты рас-працавалі дыферэнцыраваныя рацыёны для матачнага пагалоўя, маладняку, агульнага статка.

Сёння ў атары гаспадаркі налічваецца 3869 авечак. У параўнанні з адпаведным перыядам мінулага года іх колькасць павялічылася на 1152. На 166 вырасла колькасць аўцаматак, атрымана на 1137 ягнят больш.

Багатая кармавая база – гэта выдатныя сярэднясутачныя прывагі, яны аказаліся ў 2,1 раза большыя леташніх і ў агульнай вазе склалі 73,7 тоны.

Зінаіда Жамойдзік, якая працавала галоўным эканамістам у былым СВК “Канюхі”, а цяпер працягвае весці эканамічныя пытанні авечкагадоўлі ў СВК “Жарабковічы”, параўноўвае паказчыкі, расказвае пра перспектыву. Сцвярджае: год назад пачаўся эфектыўны этап у развіцці авечкагадоўлі, які адразу паказаў, наколькі вынікова можа развівацца галіна ў новых умовах гаспадарання. Засталася ў мінулым і праблема рэалізацыі прадукцыі авечкагадоўлі. Сёння воўна не залежваецца на складах, хоць яе стала ў разы больш. За 10 месяцаў настрыглі 7,3 тоны. Летась дагавор рэалізацыі быў заключаны са Смілавіцкай валяльна-лямцавай фабрыкай (яна, дарэчы, яшчэ не разлічылася за прадукцыю мінулага года). Сёлета гаспадарка выбірае тых спажыўцоў, хто дасць большую цану і разлічыцца своечасова. У інтэрнэце СВК “Жарабковічы” размясціў інфармацыю, і пайшлі-паехалі ў сельгаскааператыў ганцы з сялянска-фермерскіх гаспадарак рэспублікі, купляюць племянных авечак на прыватныя падвор’і, аматары шашлыкоў таксама часта завітваюць у Жарабковічы. Зінаіда Жамойдзік адзначае, што за 10 месяцаў выручка склала амаль 2,5 мільярда рублёў (амаль на мільярд больш, чым на гэты час летась). Чысты  прыбытак – 767 мільёнаў рублёў, рэнтабельнасць вытворчасці – 53 працэнты.

– Дзякуючы рэспуб-ліканскай праграме, мы змаглі ўжо на першым этапе дабіцца станоўчых вынікаў у развіцці авечкагадоўлі, – гаворыць старшыня сельгаскааператыва Віталій Бусько. – На практыцы пераканаліся, што гэта галіна жывёлагадоўлі можа быць прыбытковай, калі захоўваць тэхналогію вытворчасці і працаваць з рынкамі збыту прадукцыі. Плануем не абмяжоўвацца гадаваннем авечак, а сур’ёзна заняцца селекцыйнай работай сумесна з навукова-практычным цэнтрам Нацыянальнай акадэміі навук.

Ідэяй вывядзення новых парод авечак зацікавіліся зааветспецыялісты гаспадаркі. Начальнік жывёлагадоўчага комплексу Рыгор Зубік рыхтуе базу для дзейнасці навукоўцаў, сочыць за выкананнем рэкамендацый па ўтрыманні селекцыйнай групы авечак. На гэты раз ён працаваў разам з загадчыкам лабараторыі навукова-практычнага цэнтра Юрыем Германам, які падзяліўся планамі і першымі напрацоўкамі:

– Наша задача – вывядзенне беларускага шматплоднага паўтанкаруннага тыпу авечак, які будзе найбольш адпавядаць існуючым умовам утрымання. Гэты працэс працяглы, зойме не менш пяці гадоў. А пакуль мы атрымалі двухпародных аўцаматак шляхам скрыжавання тэкселяў, асканійскіх і мерыналандшаф. Выведзеная новая парода дазволіць хутка павялічыць пагалоўе: плануецца, што ў СВК “Жарабковічы” будзе ўтрымлівацца не менш як 10 тысяч авечак. І на сённяшні дзень у СВК “Жарабковічы” – самае буйное пагалоўе.

Аліна ЛАПІЧ.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

У краіне ў 2013-2015 годзе рэалізуецца рэспубліканская праграма развіцця авечкагадоўлі. Яе мэта – скарачэнне імпарту прадукцыі гэтай галіны. Сярод задач рэспубліканскай праграмы – павелічэнне пагалоўя авечак, задавальненне патрэб насельніцтва ў высакаякасным маладняку, забеспячэнне вытворчасці воўны ў аб’ёмах да 260 тон.
Па інфармацыі Мінсельгасхарчу, па стане на пачатак 2015 года, пагалоўе авечак у краіне складала 72,5 тысячы галоў, у тым ліку ў сельгасарганізацыях і фермерскіх гаспадарках 20,5 тысячы. У Беларусі развядзеннем авечак займаецца 21 арганізацыя (племзаводы, плем-рэпрадуктары, генафондная гаспадарка).

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *