Дыягназ устаноўлены. 1 снежня — Сусветны дзень барацьбы са СНІДам

Звычайная, але такая бездапаможная логіка: гэта можа здарыцца з кім заўгодна, толькі не са мною. Тысячы, мільёны разоў яна давала збой. Тысячы, мільёны разоў жорстка даказвала: не заракайся! Колькі скалечаных лёсаў выбіты з нармальнага жыцця, ці з жыцця наогул з-за такой беспадстаўнай самазаспакоенасці і самаўпэўненасці…За лесам дрэваў не відаць? І лес, і дрэвы, вобразна кажучы, – буйным планам, калі размова пра СНІД і яго ахвяры. І не дзесьці за морам- акіянам гэта бяда, а побач. Ён вандруе без візаў, скарыстоўвае любую магчымасць распаўсюджвання. Ён пагражае жыццю, ён антаганіст жыцця…

У свеце колькасць людзей, якія жывуць з ВІЧ, складае 36,9 мільёна чалавек.  У Беларусі па стане на 1 лістапада г.г. зарэгістравана 19046 выпадкаў ВІЧ-інфекцыі, колькасць тых, хто жыве з гэтым дыягназам, – 15031.  У Брэсцкай вобласці, адпаведна – 1514 і 1184 (сумнае “лідарства” ў Пінска і Пінскага раёна, у г. Баранавічы і Баранавіцкага раёна).   У Ляхавіцкім раёне – 10 выпадкаў ВІЧ-інфекцыі. Сёлета дабавіліся два. Гэтую сумную статыстыку прыводзіць памочнік урача-эпідэміёлага райЦГіЭ   Ларыса Кендыш. Транскрыпцыя наступная: 8 выпадкаў ВІЧ-інфекцыі зарэгістраваны ў раёне, 2 у горадзе. Шлях перадачы ў дзевяці выпадках – сэксуальныя кантакты і адно дзіця нарадзілася ад ВІЧ-інфіцыраванай маці. 1 снежня адзначаецца Сусветны дзень барацьбы са СНІДам.

“У гэты дзень людзі ўсяго свету аб’ядноўваюцца ў імкненні павысіць веданне аб ВІЧ-інфекцыі і падтрымаць у знак салідарнасці мільёны людзей, якія жывуць з ВІЧ”, – інфармуе санітарная служба. Сёлета тэма гэтага дня: “Паскарэнне мер для выкаранення СНІДа”. Дарэчы, такі заклік прагучаў у штаб-кватэры ААН у Нью-Йорку напярэдадні юбілейнай 70-й Генеральнай асамблеі Арганізацыі Аб’яднаных Нацый. Меры па выкараненні эпідэміі СНІДа да 2030 года і пошуку новых больш дасканалых спосабаў аказання асноўных медпаслуг павінны быць паскораны.

Антырэтравірусная тэрапія пры лячэнні ВІЧ-інфекцыі – даволі магутная зброя, але зусім не панацэя. Хаця ранняе выяўленне і своечасова назначанае лячэнне з’яўляецца дзейснай мерай у барацьбе з захворваннем. У Беларусі ўсе ВІЧ-пазітыўныя пацыенты знаходзяцца на дыспансерным назіранні і бясплатна атрымліваюць лекавыя сродкі для антырэтравіруснай тэрапіі.

Шляхі перадачы інфекцыі даўно вывучаны: пры сэксуальных кантактах, праз кроў, ад ВІЧ-інфіцыраванай цяжарнай жанчыны да яе немаўляці – самыя распаўсюджаныя. А калі ўдумацца, то прычына кожнага – у чалавеку: чыёсьці легкадумства, ці неасцярожнасць, ці злачынная наўмыснасць, ці халатнасць. Сам сабе «рэжысёр», альбо для іншага вольна ці не вольна «пастараўся» пра страшны дыягназ, факт застаецца фактам. І нават пры ім чалавек мае магчымасць жыць паўнацэнна і доўга.  З дапамогай медыцыны і ўласнай сілы волі.   Самае галоўнае, што можа і павінен зрабіць кожны землянін, – усвядоміць ісціну: у большасці выпадкаў гарантыяй пазбегнуць ВІЧ з’яўляецца здаровы лад жыцця і заўсёдныя меры перасцярогі.

Вольга СВЯТЛОВА.

Атрымаць кансультацыю па пытаннях прафілактыкі ВІЧ/СНІДа можна ў раённым цэнтры гігіены і эпідэміялогіі па тэл. 2-11-37 або ў аддзеле прафілактыкі ВІЧ/СНІД ДУ “Брэсцкі абласны цэнтр гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя” па тэл. 8-0162-20-75-86, а прайсці абследаванне на ВІЧ, у тым ліку ананімнае – у працэдурным кабінеце райпаліклінікі.
У  Ляхавіцкай райбальніцы працуе “тэлефон даверу” па нумары 2-07-47.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *