Рэанімацыя стомленага металу . У снежні пройдзе традыцыйны агляд- конкурс машынных двароў і гатоўнасці рамонтна-абслуговай базы сельгаспрадпрыемстваў раёна да работы ў зімовых умовах. А як справы сёння?

Токар Багдан Грушэўскі.

Днямі ў мехмайстэрні ДП “Нача” ўключылі кацёл, каб праверыць функцыянаванне ацяпляльнай сістэмы. Зразумела, пакуль на двары плюсавая тэмпература, не было сэнсу грэць радыятары. Але трэба пераканацца, што мароз не будзе перашкаджаць займацца рамонтнымі работамі. Дарэчы, яны распачаты з 1 лістапада, як і запланавана. Тут прывыклі да парадку: любая тэхніка, якая ў гэты момант не задзейнічана, павінна быць спраўнай. Галоўны інжынер прадпрыемства Аляксандр Рак расказаў пра сваю гаспадарку: 20 трактароў, па 4 пагрузчыкі і зернеўборачныя камбайны, 3 – кормаўборачныя, 15 аўтамабіляў, прычапны інвентар.

– Машынна-трактарны парк пастаянна абнаўляецца. Сённяшні яго стан і па магутнасці, і па спраўнасці лічу задавальняючым. Ва ўсякім разе з усімі сельгасработамі мы спраўляемся сваімі сіламі, калі просяць, стараемся дапамагчы іншым. Сёлета, напрыклад, наша кормаўборачная тэхніка працавала ў СВК “Шлях новы”.

У “Начы” рэгулярна праводзяць тэхагляды, калі што – не адкладваюць справу на пасля. Вось і цяпер праведзена дэфектоўка машын і механізмаў, нават даволі складаныя няспраўнасці ліквідуюць самастойна.

– Пакуль працуе “старая гвардыя”, можна быць спакойным, – і жартам, і ўсур’ёз гаворыць Аляксандр Міхайлавіч і называе імёны мясцовых “кулібіных” з багатым вопытам. Багдан Грушэўскі – токар. Ён тут старэйшы па ўзросце – Багдану Уладзіміравічу споўнілася 80 гадоў – і непераўзыдзены па майстэрстве. У яго руках, здаецца, метал ажывае. Ёсць у каго вучыцца зваршчыку Сяргею Сокалу, слесарам Руслану Піліпчыку і Уладу Купрышу, майстру-наладчыку Уладзіміру Валаху, якія разам складаюць каманду рамонтнікаў.

Несумненна, стымулам служаць меры матэрыяльнага заахвочвання – за своечасовы і якасны рамонт дадатковыя бонусы. Паспяховай рабоце спрыяюць і вытворча-бытавыя ўмовы: абсталяваны гардэробны пакой, пакой для адпачынку, дзе можна перакусіць, выпіць кубачак чаю.

Зімой намнога складаней працаваць з металам – запчасткамі, тэхнікай. У начаўцаў ёсць свае сакрэты, вельмі простыя, але дзейсныя: трымаць усё на “сваіх месцах”. На машынным двары і прылягаючай тэрыторыі парадак. На асобнай пляцоўцы складзіруецца металалом, на іншай – адпрацаваныя шыны, на вызначаных сектарах пастаўлены на доўгатэрміновае захоўванне машыны і механізмы, пад спецыяльныя павеці схавана складаная тэхніка, на забетанаванай пляцоўцы – трактары. Заўсёды гатовы да работы і пункт тэхнічнага абслугоўвання, дзе майстар-наладчык Уладзімір Валах робіць тэхналагічную настройку і рэгуліроўку машын і агрэгатаў. Няма праблем з работай склада гаруча-змазачных матэрыялаў.

На прахадной мехдвара абсталяваны вучэбны клас па тэхніцы бяспекі, абноўлены інфармацыйныя стэнды. Тут, як правіла, праводзяцца гутаркі з работнікамі мехцэха, вырашаюцца вытворчыя пытанні. Без медаглядаў і заключэння аб прафпрыгоднасці да работы не дапусцяць.

Ці гатовы да працы ў зімовых умовах мехмайстэрні ў іншых сельгаспрадпрыемствах раёна? Начальнік аддзела механізацыі, аховы працы, транспартнай і пажарнай бяспекі райсельгасхарчу Міхаіл Новік расказвае, што на мехдвары СВК “Жарабковічы”, самым унушальным па сваіх маштабах, штодзень знаходзяць прытулак дзясяткі адзінак сельскагаспадарчай тэхнікі. “Сезонныя” механізмы пастаўлены на доўгатэрміновае захоўванне ў спецыяльныя гаражы. Ёсць майстэрня для рамонту тэхнікі, вузлоў і агрэгатаў, якая ацяпляецца, ёсць і пакой для адпачынку, гарачая вада. У СВК функцыянуюць і 2 гаспадарчыя двары – у Сваятычах і Падлессі, дзе захоўваецца і, калі трэба, рамантуецца тэхніка, якая абслугоўвае жывёлагадоўчыя фермы. Пры неабходнасці на месца выязджае рамонтная брыгада. Дарэчы, рамонтнікам і механізатарам з першага дня сезонных работ дастаўляюцца гарачыя абеды.

Як заўсёды, поўны парадак на мехдварах і ў мехмайстэрнях СВК “Ляхавіцкі”, “Шлях новы”, ЗАТ “Белпрампрыбор”. Пачалі рамонт тэхнікі ў райаграсэрвісе, дзе акрамя цэнтральнай мехмайстэрні працуюць гаспадарчыя двары ў Малым Гарадзішчы і Адахаўшчыне.

У СВК “Тальмінавічы” мехдвор раней лічыўся па многіх накірунках паказальным. Летась ён заняў трэцяе месца ў абласным аглядзе-конкурсе і ў якасці прыза атрымаў новенькі трактар МТЗ-82. Сёлета там пакуль зацішша, у мехмайстэрнях СВК за няплату адключылі электраэнергію. Па гэтай жа прычыне не вядуць рамонтныя работы ў мехмайстэрнях СВК «Ліпнянка», “Востраў-Агра”. Тое-сёе з графіка рамонту і добраўпарадкавання мехмайстэрні і прылягаючай тэрыторыі ў “Ліпнянцы” зроблена, заўважае Міхаіл Новік. Пастаўлены на захоўванне камбайны, ладзіцца сістэма ацяплення ў памяшканні. А вось тэрмінова адрамантаваць вельмі неабходныя пагрузчык і комплекс КВК, не могуць – няма грошай.

І яшчэ. У многіх сельгас-прадпрыемствах не хапае механізатараў. Самы час паклапаціцца, каб вырашыць кадравую праблему. У Чарнаўчыцах за кошт бюджэтных сродкаў рыхтуецца група машыністаў каўшовых экскаватараў, у снежні прымуць на вучобу механізатараў энерганасычанай тэхнікі. Хто не паспее – той спозніцца.

Аліна ЛАПІЧ.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *