Узносы – важкі аргумент

Налічэнню пенсіі папярэднічае выплата абавязковых страхавых узносаў у фонд сацыяльнай абароны насельніцтва на працягу ўсяго працоўнага стажу і са ўсіх відаў заработку.

Кожны грамадзянін Беларусі мае канстытуцыйнае права на працоўную пенсію. Абавязковая ўмова, каб за перыяд працоўнага стажу на прадпрыемствах ці ў арганізацыях або заняткаў іншымі відамі дзейнасці ён павінен быць застрахаваны ў сістэме дзяржаўнага сацыяльнага страхавання і за яго, а таксама ім самім, у прадугледжаных заканадаўствам выпадках, выплачваліся абавязковыя страхавыя ўзносы ў фонд сацыяльнай абароны насельніцтва. За грамадзян, якія працуюць, іх пералічваюць работадаўцы. Для падлічэння пенсіі ўключаюцца тыя віды заработку, на якія налічваліся і з якіх выплачваліся гэтыя страхавыя ўзносы.
Выплата працоўных пенсій фінансуецца непасрэдна са сродкаў фонду,  а яны, у сваю чаргу, фарміруюцца за кошт страхавых узносаў плацельшчыкаў. Памер працоўнай пенсіі напрамую залежыць ад стажу работы і памеру заработку (даходу): чым яны вышэйшыя, тым большы памер пенсіі.
На жаль, некаторыя наймальнікі па тых ці іншых прычынах працяглы час не выплачваюць абавязковыя страхавыя ўзносы ў фонд і іншы раз сумы такіх даўгоў складаюць не адну сотню мільёнаў рублёў.
У гэтай сітуацыі церпіць у першую чаргу работнік такога прадпрыемства, якому прыйшоў час афармляць працоўную пенсію. Працоўны стаж і індывідуальны каэфіцыент заработнай платы пры назначэнні пенсіі залічваецца і разлічваецца толькі пры адной умове – выплаце абавязковых страхавых узносаў у фонд. Ёсць выплата ўзносаў – ёсць працоўны стаж і, адпаведна, пенсія; няма выплаты – няма працоўнай пенсіі. Таму работнікам прадпрыемства “Ляхавіцкі завод упаковачных матэрыялаў”, СВК “Тальмінавічы” і “Востраў-Агра” варта пацікавіцца ў сваіх работадаўцаў, ці выплачаны страхавыя ўзносы за сваіх працаўнікоў у поўным аб’ёме.
Напамін работадаўцам: за несвоечасовае і недакладнае прадастаўленне дакументаў персаніфікаванага ўліку прадугледжана адміністрацыйная адказнасць.
Сяргей КРЫВАРУЦКІ,
галоўны інспектар райаддзела фонду сацыяльнай абароны насельніцтва.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *