Факт-экспрэс. Навіны Ляхавіччыны

■ Тонкі лёд. Не паспеў на вадаёмах схапіцца лёд, як некаторыя асабліва “бясстрашныя” грамадзяне вырашылі выпрабаваць яго на трываласць. Як расказала інспектар РАНС Таццяна Калгушкіна, вечарам  27 лістапада ў цэнтр аператыўнага кіравання райаддзела па надзвычайных сітуацыях паступіла інфармацыя, што на лёдзе ракі Ведзьма знаходзіцца група людзей. Калі выратавальнікі выехалі па выкліку, стала вядома: чалавек праваліўся пад лёд. 19-гадовага ляхавічаніна выцягнулі з вады яго сябры, выклікалі “хуткую дапамогу”. Пацярпелы шпіталізаваны ў райбальніцу. Выратавальнікі напамінаюць пра неабходнасць выканання правіл бяспекі і пра тое, што тонкі лёд – не для прагулак.

■ Напалохаў суседзяў. У нядзелю на тэлефон 101 паступіла паведамленне пра задымленне ў шматкватэрным жылым доме ў вёсцы Ураджайная. Перапалох справакаваў гаспадар адной з кватэр, які пакінуў гатавацца ежу на пліце і заснуў. Па інфармацыі інспектара РАНС Кірыла Красоўскага, гэты грамадзянін неаднойчы прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці за парушэнне правілаў пажарнай бяспекі, а па словах суседзяў – злоўжывае спіртным.

■ Прыгожае слова. Літаратурна-музычная вечарына “У мове века – і мая гаворка, у песні века – і маё спяванне”, прысвечаная 85-годдзю з дня нараджэння Уладзіміра Караткевіча, прайшла ў цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Янкі Купалы. На свята былі запрошаны ўдзельнікі народнага клуба ветэранаў вайны і працы “Сівізна”, жаночага салона “Лада”, клуба “Залаты ўзрост”, вакальнага гурта “Берагіня”, ветэраны-філолагі і наогул усе, хто любіць родную мову.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *