Блізкія людзі

Добразычлівая Таццяна Азарка.

Аксіёма жыцця: дзеці  павінны даглядаць і клапаціцца пра сваіх састарэлых бацькоў. Па нейкіх абставінах гэта не заўсёды магчыма: нехта  адзін на ўсім свеце, у  кагосьці родныя далёка… А свой дом, як правіла, пакідаць ніхто  не жадае.

У такіх выпадках дапамога сацыяльных работнікаў вельмі дарэчы. У раёне на абслугоўванні 89 сацработнікаў знаходзіцца 580 чалавек. Трэцяя частка так званых памочнікаў па доме ў сістэме не навічкі – стаж работы многіх складае не менш за дзесяцігоддзе. Сярод нашых землякоў ёсць такія, хто больш за 15-20 гадоў неразлучныя з чужымі, якія часам бліжэй за родных. Адзін для аднаго сталі больш чым знаёмымі. Калі раней некага насцярожвала і палохала прысутнасць у доме чужых людзей, то зараз зразумела: спецыялісты тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва істотна палягчаюць жыццё тым, хто мае патрэбу ў іх дапамозе.

Каб на ўласныя вочы ўбачыць, чым даводзіцца займацца сацыяльнаму работніку, карэспандэнт “ЛВ” правёў з ім некалькі гадзін.

За 2 гады працы Таццяна Азарка дасканала вывучыла звычкі, густы і характар усіх сваіх дзесяці падапечных. Расказвае пра іх з цеплынёй і клопатам, бы ўнучка.

Кожную раніцу яна перш-наперш адпраўляецца ў магазін за пакупкамі, затым на шляху могуць быць пошта, паліклініка і іншыя службы. Сёння яе маршрут праходзіць праз “Птушку” – адна з яе падапечных аддае перавагу тутэйшай прадукцыі. Сумка ўпакавана, і мы адпраўляемся па адрасе. Цікаўлюся, ці лёгка ладзіць з пенсіянерамі, у кожнага ж свой характар, звычкі, лад жыцця. Таццяна згаджаецца, што ўсе яе падапечныя розныя, але кожнаму патрэбны клопат і добрае слова, увага і падтрымка. За дзень яна “накручвае” не адзін кіламетр (яе бабулі жывуць у розных кутках райцэнтра), на сувязі з імі пастаянна. Не глядзіць на надвор’е і час.

…Незаўважна падышлі да патрэбнага шматпавярховіка. Сацыяльны работнік набірае на дамафоне код, і мы падымаемся на першы паверх дома. Дзверы адчыняе акуратна апранутая жанчына. Цёпла вітаецца і, звяртаючыся да Таццяны, запрашае: “Будзь гаспадыняй”… Тая распакоўвае сумку, аддае чэкі і адначасова цікавіцца здароўем Яўгеніі Іванаўны.

Пакуль размаўляю з гаспадыняй кватэры, Таццяна прымаецца за прыбіранне (хоць тут і так утульна і чыста). У яе гэта атрымліваецца вельмі спрытна: прапыласосіла, памыла пол, выцерла пыл…  І абавязкова падбадзёрваючыя, добрыя словы.

Яўгенія Іванаўна не мясцовая. 27 гадоў назад, калі выйшла на пенсію (працавала бухгалтарам) змяніла расійскае месцажыхарства на беларускае. Ляхавічы выбрала невыпадкова – тут жылі родныя, а яшчэ можна было пабудаваць жыллё. Уладкавалася, прыжылася. Дачка далёка, у Варкуце, але пастаянна тэлефануе, прыязджае ў водпуск. Яўгенія Іванаўна расказвае, што ў Беларусі ёй утульна і камфортна. Тут многа сонца і людзі прыветныя. У Варкуце, адкуль яна прыехала, ледзь не круглы год зіма, толькі пару дзён лета з тэмпературай не вышэй за плюс 10 градусаў. Мая суразмоўца ўспамінае ваенныя і пасляваенныя гады:

– Многа маіх землякоў, што на Пячоры, у вайну загінула. Паштальён ідзе – галашэнне па вёсцы. Цяжкія былі гады. Але гора аб’ядноўвала. На ўсю вёску толькі пара франтавікоў вярнулася з вайны, адны ўдовы засталіся… Але людзі добрыя былі, апошнім дзяліліся і дапамагалі адзін аднаму. Так і жылі.

Успаміны перапыняюцца з’яўленнем Таццяны – трэба развітвацца і спяшацца па наступным адрасе.

Прафесія сацработніка асаблівая. Для яе абавязковыя пэўныя навыкі і склад характару. Трэба быць псіхолагам, медыкам і, канешне, гаспадыняй. А такія якасці як вытрымка, дабрыня, міласэрнасць і спагадлівасць толькі дапамагаюць у рабоце.

На вуліцы сыра і ветрана. Вельмі прыемна было апынуцца ва ўтульным пакойчыку  Ніны Іванаўны. Жыццярадасная і прывабная, яна зусім не выглядае на свае 84 гады (дарэчы, якраз 10 снежня ў яе дзень нараджэння). Нечым нагадвае добрую настаўніцу, хаця 37 гадоў узначальвала мясцовую насенную станцыю. Сёння яна не толькі жыве праз сценку ад калег, але і цікавіцца іх праблемамі. Няўрымслівая і працавітая, любіць вазіцца на ўчастку, дзе ў яе расце ўраджайная агародніна, палымнеюць кветкі.

– Зямля адцягвае мае хваробы. Папрацую – і лягчэй становіцца, – адзначае Ніна Іванаўна. І дадае, што доўга не згаджалася на дапамогу сацыяльнага работніка. А цяпер вельмі рада, што ў яе ёсць Таццяна. – Нядаўна вазіла мяне на ўласнай машыне ў паліклініку.

Малайчына, з ёй хутка ўсіх урачоў абышлі, адна б я не справілася. І вокны памые, і лякарства купіць. Усё, што ні папрашу, – дакладна і акуратна выканае, – працягвае жанчына.  Таццяна Азарка перадае гаспадыні дома квіткі за аплачаныя камунальныя паслугі, цікавіцца справамі. Плануюць, калі выпадзе снег, вынесці на вуліцу дарожкі з падлогі.

Ніна Іванаўна – цікавы суразмоўца. На яе лёс выпала шмат выпрабаванняў, але не ачарсцвела, усім ёй хочацца дапамагчы і падзяліцца. Яе памяць захоўвае і падзеі Вялікай Айчыннай. Расказвае, як у Краглях, дзе жыла з бацькамі, сустрэла вайну, а потым праз цяжкія выпрабаванні як радаваліся з землякамі яе заканчэнню…  За размовамі і клопатамі незаўважна прабег час, а Таццяна зноў спяшаецца па чарговым адрасе. Там яе ўжо чакаюць.

– Калі трохі спазняюся, мае бабулі хвалююцца, дзе дзелася. Душой да іх прыкіпела, хаця спачатку было і цяжкавата. Калі еду на вучобу (завочна атрымлівае прафесію юрыста), думаю, як яны там без мяне, – дзеліцца Таццяна Азарка.

…На гадзінніку апоўдні, а Таццяне яшчэ трэба наведаць чатырох падапечных. У кожнага свае праблемы і цяжкасці, якія яна, па магчымасці, імкнецца вырашыць.

Канешне, без сацыяльна-бытавых паслуг, што аказваюць сацработнікі, некаторым нашым землякам было б вельмі цяжка. Зімой да іншых клопатаў дадаюцца расчыстка снегу, распальванне печы і іншае. Але часта важней – жывы ўдзел у іх жыцці, узаемаразуменне і спагада.

Канешне, не ўсё так лёгка, як здаецца. Існуе мноства “закадравых” пытанняў, з якімі штодня сутыкаюцца сацыяльныя работнікі. Яны не проста выконваюць прафесійныя абавязкі, а шчыра заклапочаны праблемамі састарэлых людзей.

Трэба сказаць, што паслугі сацработніка не бясплатныя. Тарыф па аплаце за надомнае абслугоўванне залежыць ад умоў пражывання падапечных. Дарэчы, усю суму плацяць тыя, хто мае працаздольных дзяцей.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Ніна Іванаўна рада дапамозе.

One thought on “Блізкія людзі

  • 03/12/2015 в 11:46
    Permalink

    Соцработник для многих, как ясное солнышко в пахмурный день. Действительно, много среди них тех, кто терпеливо выслушает, не смотря на часы, поддержит, паодбодрит и станет родным.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *