Трыумф Дзмітрыя Лобана

У мінулую суботу ў мінскім Палацы спорту адбылася цырымонія ўрачыстага ўзнагароджання пераможцаў адкрытага публічнага конкурсу «Трыумф. Героям спорту-2010».
Галоўная мэта сумеснага праекта Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Беларусі, Прэзідэнцкага спартыўнага клуба, Міністэрства спорту і турызму і Нацыянальнага алімпійскага камітэта «Трыумф. Героям спорту» — вызначыць лаўрэатаў мінулага спартыўнага года ў васьмі намінацыях. Удзельнікамі конкурсу сталі лепшыя беларускія спартсмены і спартсменкі, якія ў 2010 годзе выступалі на буйных міжнародных спаборніцтвах. Лепшых у чатырох намінацыях —»Трэнер года», «Спартсмен года», «Спартсменка года» і «Каманда года» — выбіралі балельшчыкі шляхам галасавання (прынялі ўдзел 1мільён 342 тысячы 265 чалавек). Пераможцаў яшчэ ў чатырох намінацыях — «За волю да перамогі», «Прарыў года», «Вынік года» і «Самы яскравы спартыўны момант года» — выбірала прафесійнае журы.
Непасрэдна ў новым фармаце прайшла і ўрачыстая цырымонія, дзе галоўнымі дзеючымі асобамі былі трыумфатары спартыўных перамог, беларускія атлеты, у гонар якіх на спаборніцтвах самых высокіх узроўняў уздымаўся Дзяржаўны флаг Рэспублікі Беларусь і гучалі апладысменты балельшчыкаў.
Спачатку ўшаноўвалі пераможцаў конкурсу ў намінацыях, дзе лаўрэатаў выбірала журы. Не цяжка ўявіць, як хваляваліся мы, землякі, калі была аб’яўлена намінацыя «За волю да перамогі». У ёй бронзавая статуэтка традыцыйна ўручаецца спартсменам-паралімпійцам. Сярод прэтэндэнтаў на перамогу быў і наш зямляк — бронзавы прызёр Паралімпійскіх гульняў-2010 у канадскім Ванкуверы Дзмітрый Лобан (раёнка неаднойчы пісала пра гэтага мужнага, мэтанакіраванага, моцнага, таленавітага і вельмі сціплага маладога чалавека, які не проста марыў пра перамогу, але напружана рыхтаваўся да яе). І вось ён, доўгачаканы і такі шчымлівы момант. Вядомы беларускі хірург Аляксандр Астроўскі абвясціў рашэнне журы і пад апладысменты прысутных уручыў бронзавую статуэтку лыжніку Дзмітрыю Лобану, які насуперак рэкамендацыям урачоў, з траўмай, 18 сакавіка 2010 года выйшаў на старт 10-кіламетровай лыжнай гонкі ў алімпійскім Ванкуверы сярод сядзячых спартсменаў з парушэннямі апорна-рухальнага апарата і ва ўпартай барацьбе заваяваў сваю першую алімпійскую ўзнагароду — бронзавы медаль, што залатога варты. Зала апладзіравала Дзмітрыю стоячы. Дзмітрый, дарэчы, атрымаў і іншыя спецыяльныя прызы.
Спадзяёмся, што наперадзе ў нашага земляка — новыя спартыўныя вікторыі. Мы ганарымся табою, Дзмітрый!
Галіна КАНЬКО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *