Каардынаты спагады. 3 снежня – Дзень інвалідаў. Гэта падстава паглядзець, як ім жывецца, што цікавіць, аблягчае жыццё

Супрацоўнікі аддзялення і іх таленавітыя падапечныя

У тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва 1 снежня 2010 года адкрылася аддзяленне дзённага знаходжання для інвалідаў. Садзейнічанне ў сацыяльна-бытавой, працоўнай і псіхалагічнай рэабілітацыі людзям з абмежаванымі магчымасцямі, у тым ліку выхаванцам цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі, аказваюць і спецыялісты гэтага аддзялення. Яму споўнілася 5 гадоў.

23 падапечных, 4 з якіх абслугоўваюцца на даму, знаходзяцца пад чулым кіраўніцтвам дырэктара ТЦСАН Галіны Пішч, загадчыцы аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў Святланы Несцяровіч, спецыяліста па сацыяльнай рабоце Жанны Прывольневай, кіраўнікоў гурткоў Дзіны Кендыш і Веранікі Коктыш, інструктара па працоўнай тэрапіі Людмілы Сокал, медсястры Людмілы Жук і малодшай медсястры Наталлі Свінабурка. Яны не проста калегі – яны сям’я. Індывідуальныя кансультацыі, шчырыя размовы, псіхалагічная дапамога, арганізацыя вольнага часу і, самае галоўнае, – простыя чалавечыя зносіны. Вось чаму аддзяленне так па душы ўсім падшэфным.

Жыццё тут не стаіць на месцы. Працуюць 7 гурткоў. На занятках гурткоў “Камп’ютарны свет”, “Фантазія” і “Выток” можна авалодаць неабходнымі ведамі і ўменнямі работы на камп’ютары, навучыцца ствараць пано, карціны, вырабы з бісеру, пластыліну, крэпавай паперы і нітак, даведацца больш пра родны край. Аматары займаюцца рытмапластыкай, сцэнічнымі эцюдамі, удзельнічаюць у пастаноўцы лялечных спектакляў, малююць, пішуць вершы і прозу, а яшчэ асвойваюць кулінарыю, правілы этыкету, асновы вядзення дамашняй гаспадаркі і арганізацыі быту. Іх творчыя работы экспануюцца на выставах, якія арганізоўваюць работнікі ТЦСАН. Выклікаюць захапленне працы Івана Рашанава, Вольгі Таранда,

Галіны Малевіч, Святланы Сяргей, Уладзіміра Бусько, Марыі Сухоцінай, Дзмітрыя Сталярчука, Дар’і Пазняковай, Ганны Масловай, Алы і Васілія Шапеляў. Па сумесным з ЖКГ праекце “Квітней, Зямля” падапечныя працуюць на праполцы клумбаў, добраўпарадкуюць родны горад.

У пашане тут экскурсіі. Пабывалі ў краязнаўчым музеі, экалагічным цэнтры дзяцей і моладзі г. Баранавічы, у РАНС, мясцовай гасцініцы “Эдэльвейс”, прайшліся па памятных месцах нашага горада, з’ездзілі ў цырк, дэльфінарый г. Мінска, наведалі Мірскі замак і Свята-Успенскі Жыровіцкі манастыр.

А ў аддзяленні дзённага знаходжання для інвалідаў з’яўляюцца новыя і новыя паслугі, якія робяць умовы тут яшчэ больш камфортнымі. Для лю-дзей з абмежаванымі магчымасцямі з сакавіка сёлета існуе гасцініца выхаднога дня. Гэта значыць, што тут могуць правесці час маладыя інваліды, а іх бацькі і

законныя прадстаўнікі атрымаць сацыяльны перапынак у выхадны дзень (суботу). А для развіцця здольнасцей і інтарэсаў, працоўных навыкаў, з мая арганізавана рэабілітацыйна-працоўная майстэрня па вырабу падаруначных пакетаў, канвертаў, паштовак ручной работы.

Пра сяброўства з фізкультурай. У цэнтры ёсць трэнажоры для заняткаў, праводзяцца спартландыі для людзей з абмежаванымі магчымасцямі, “Вясёлыя старты” на лыжа-

ролернай трасе ў в. Казлякевічы Баранавіц-кага раёна, спартыўныя мерапрыемствы сумесна з навучэнцамі ЦКРНіР і валанцёрамі школ горада.

І самае галоўнае, аддзяленне – не закрытая тэрыторыя, каардынаты спагады ведаюць і не забываюць многія землякі. Неаднойчы паступала матэрыяльная падтрымка ад ТАА “Трансэлектракамплект” (кіраўнік Г. Сакуць), СААТ “Ляхавіцкі малочны завод” (В. Жукоўскі), ТДА “Карвента” (В. Карпіевіч), ЗТАА “БелДан” (Н. Гаварко), ПГУП “Дуганаў” (А. Дуганаў), ПУГВП “Гандлёвы дом “Уладзімір” (В. Радзюк), ПУВ “Шумілаў” (А. Шумілаў), ПП “БелГранітСэрвіс” (А. Вальчук), ПУГП “ЕВ Фартуна” (А. Царык).

Анастасія ПЛЯШКО,

вучаніца гімназіі.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *