Наводшыбе. Кропка на карце: Гулічы Ляхавіцкага раёна /фота/

Ёсць меркаванне, што назва вёскі Гулічы паходзіць ад прозвішча Гуліч. Яно ўзгадваецца ў адной з пісьмовых крыніц ХVІ стагоддзя, дзе зазначаецца, што дробны феадал Б. Гуліч павінен быў выставіць са свайго маёнтка аднаго коннага воіна ў войска вялікага князя. Зараз у вёсцы людзей з такім прозвішчам няма.  Дарэчы, у мясцінах, дзе размешчаны Гулічы, людзі пасяліліся вельмі даўно: у кіламетры на паўночны ўсход ад вёскі знаходзяцца курганы, якія датуюцца Х – ХІІІ стагоддзямі.  У пісьмовых крыніцах Гулічы згадваюцца ў 1562 годзе як сяло Ляхавіцкай воласці Вялікага Княства Літоўскага, уласнасць караля Жыгімонта ІІ Аўгуста. Пазней – уладанне шляхцічаў-васалаў Гуліча і Цішкевіча, яшчэ пазней – графоў Касакоўскіх.  У 1940 годзе 40 тутэйшых двароў аб’ядналіся ў калгас імя Варашылава.  У гады Вялікай Айчыннай вайны Гулічы да 1944 года былі акупіраваны фашыстамі. Пасляваенныя гады – гэта аднаўленне калгаса і далучэнне яго да калектыўнай гаспадаркі, якой было дадзена імя Сталіна, а ў 1961 годзе перайменавана ў калгас “Беларусь”, цяпер – СВК “Жарабковічы”. Гэты гістарычны экскурс зрабіла загадчыца аддзела апрацоўкі і камплектавання раённай бібліятэкі імя Янкі Купалы Ірына БРЭУС.

А я ведаю вёску Гулічы іншай. У памяці – працяглая, у некалькі кіламетраў, цэнтральная вуліца, да якой прымыкалі завулкі. Паабапал – прыгожыя заможныя дамы вяскоўцаў з вялікімі белымі аканіцамі і агародчыкамі, што квітнелі вяргінямі. Вакол вёскі хлебнае поле, а на ўскрайку велічна ўздымаўся млын. Можна было доўга глядзець на велізарныя “лахты”, што паволі круціліся пад подыхам ветру, незадаволена рыпелі, прыводзячы ў дзеянне механізм з жорнамі, з-пад якіх тонкім белым струмянём сыпалася мука. Тут пахла хлебам.

А млынар дзядзька Васіль кіраваў гэтым таямнічым працэсам і быў заўсёды прыпудраны мукой. Васіль Праневіч вярнуўся з вайны на адной назе, а на грудзях ордэны і медалі. Ветэран ніколі не лічыў сябе інвалідам: працаваў за дваіх, дом пабудаваў, разам з жонкай – цёткай Зінай – двух сыноў выгадавалі. І вяскоўцы яго паважалі, бо меў ён прамое дачыненне да хлеба надзённага. Дарэчы, цётка Зіна пякла вельмі смачныя хлеб і пірагі, якімі частавала на Вялікдзень.

На той час у Гулічах было шмат тых, хто ў вайну са зброяй у руках абараняў Айчыну і дамоў вярнуўся героем-пераможцам. Сцяпан Праневіч ваяваў пад Кёнігсбергам, Канстанцін Кунцэвіч закончыў свой баявы шлях у Японіі, блішчэлі баявыя ўзнагароды на грудзях у Івана Мінкевіча, які быў разведчыкам, дайшоў да Берліна. А колькі гулічан не вярнулася з фронту…

Было і застаецца ўражанне, што ў вёсцы нараджаліся надзвычай таленавітыя людзі. Гэта малая радзіма былога міністра народнай адукацыі БССР Міхаіла Мінкевіча, а яго родная сястра Марыя Мінкевіч была першай старшынёй тутэйшага калгаса імя Варашылава. З Гуліч выйшла шмат настаўнікаў, інжынераў, ваенных, будаўнікоў.

Росквіт вёскі прыйшоўся на 60 – 80 гады, калі на тутэйшых урадлівых землях ставілі працоўныя рэкорды Сяргей Сакалоўскі, Іван Мікуліч, Ігнат Кунцэвіч, Аляксей Шагун, Аляксей Жук, Васілій Жук і многія іншыя. Вёска будавалася, квітнела, працавалі пачатковая  школа, клуб, бібліятэка, магазін. Спраўлялі вяселлі, народзіны, на святы ладзілі маёўкі, спартыўная пляцоўка ля школы ў выхадныя дні ператваралася ў танцавальную.  Былая даярка Вольга Жук (сёння ёй ужо за 80 гадоў) успамінае, як ад зоркі да зоркі шчыравалі хто на ферме, хто ў полі: палолі буракі, ірвалі лён, але стомы не было, усе радаваліся шчаслівым пераменам у жыцці. І сёння, калі збіраюцца жанкі, успамінаюць былое. Разам з сястрой Надзеяй Мікалаеўнай ткалі “перабіраныя” посцілкі і ручнікі, вышывалі, даглядалі заможныя асабістыя гаспадаркі. Так працавалі ўсе вяскоўкі: Вера Сакалоўская, Ванда Субоцкая, Марыя Шагун, Ганна Шахмуць, Вольга Туцін, Часлава Салагуб, Вольга Заяц, іншыя.

Нямногія засталіся з таго пакалення працавітых, дбайных, шчырых і добрых людзей. У свае 80–85 гадоў трымаюць на падвор’ях жыўнасць. У Чаславы Салагуб важна ходзяць па надворку індыкі, у Веры Сакалоўскай у хляве рохкае кабанчык, дагледжана хатняя птушка – каб было чым пачаставаць дзяцей, унукаў, якія любяць прыязджаць у госці да бабуляў…

Дарэчы, па інфармацыі Жарабковіцкага сельвыканкама, сёння ў вёсцы зарэгістравана 66 жыхароў. Аднак большая частка з іх “пры дзецях” – у гарадах і іншых вёсках. Многія летам вяртаюцца пад дахі сваіх дамоў: хоць нямоглыя, з кіёчкамі, але імкнуцца сюды, дзе жыццё пражыта.

– Праз некалькі дзён збіраюся ехаць на зіму да сына на Гродзеншчыну, – гаворыць гулічанка Вольга Жук. – Але, шчыра кажучы, не хочацца пакідаць сваю хатку, ужо сумую па ёй, гэтак жа і па сваіх сяброўках. Вясной, дасць Бог, пабачымся…

З сельгасвытворчасці тут засталася дзеючай малочнатаварная ферма, толькі двойчы на тыдзень можна купіць прадукты ў аўталаўцы, доўгімі зімовымі вечарамі на вясковай вуліцы пабліскваюць усяго тры ліхтары…

Але ў самым цэнтры вёскі, сярод кустоўя і прысад, паўстае прыгожы сучасны катэдж. Яго гаспадыня-гулічанка жыве ў Германіі, але тут, на радзіме сваіх бацькоў, будуе сядзібу. Магчыма, спадзяецца, што аднойчы вернецца ў Гулічы.

Аліна ЛАПІЧ.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Некалі пралі кудзелю і ткалі посцілкі Ганна Шахмуць і Марыя Шагун.

У Веры Сакалоўскай – свежаніна.

На падвор’і ў Чаславы Салагуб.

Аўталаўка прыехала! Таісія Юруць, Вольга Жук, Зінаіда Касцюк, Вольга Заяц – першыя пакупнікі.

Такія розныя сядзібы...

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *