Аўтааматары выпіць

Бесперспектыўнасць такога “саюза” не падлягае сумненню. Прыхільнікам і карыстальнікам аўтамабіля, на моцныя напоі неабходна забыцца. Падобнае сумяшчэнне не абяцае нічога добрага, хутчэй – наадварот: пахмельны сіндром у выніку нецвярозай язды нярэдка становіцца вельмі хваравітым, балючым і фінансава, і ў плане асобных абмежаванняў.

Напрыканцы кастрычніка і ў пачатку лістапада суд Ляхавіцкага раёна разгледзеў дзве ў многім падобныя крымінальныя справы. І ў першым, і ў другім выпадку абвінавачваліся вадзіцелі, якія ў нецвярозым стане дазволілі сабе сесці за руль аўтамабіля. Прынцыпова важны момант: за гэтым заняткам і ў такім жа стане яны трапілі на вока дзяржаўтаінспектара не ўпершыню на працягу пэўнага часу. А гэта ўжо іншы прававы расклад і фармат адказнасці.

Першы “пракол” на дарозе 36-гадовага жыхара адной з вёсак раёна здарыўся 9 чэрвеня г.г. Аўтамабіль БМВ пад яго кіраваннем быў спынены супрацоўнікам ДАІ. Праверка паказала, што вадзіцель знаходзіцца ў стане алкагольнага ап’янення. Наступствам такой язды з’яўляецца адміністрацыйная адказнасць. У даным выпадку на парушальніка правіл дарожнага руху быў накладзены штраф і яго пазбавілі права кіравання транспартным сродкам тэрмінам на 3 гады. Чакаць так доўга, каб пасля пераздачы зноў сесці за руль, мужчына не стаў. Зрабіў гэта праз нейкія два тыдні. Паехаў не адзін: з трох чалавек, што ў якасці пасажыраў размясціліся на задніх сядзеннях, двое з’яўляліся непаўналетнімі. Рамянямі бяспекі ніхто з пасажыраў не скарыстаўся, аўтамабіль не прайшоў ва ўстаноўленым парадку дзяржаўны тэхнічны агляд. Скорасць руху пры гэтым “вагалася” вакол адзнакі   90 кіламетраў у гадзіну.

У прыгаворы суда адзначаецца, што вадзіцель праявіў злачынную нядбайнасць, няўважлівасць і неабачлівасць да дарожнай абстаноўкі і яе змяненняў, пры выбары скорасці руху не ўлічыў асаблівасці і стан транспартнага сродку, складаныя дарожныя ўмовы. Можна таксама гаварыць і аб няправільна выбранай скорасці. Вадзіцель не справіўся з кіраваннем аўтамабілем, дапусціў яго занос. Аўто аказалася на абочыне і перакулілася ў кювет. У выніку ДТЗ траўмы атрымалі ўсе ўдзельнікі той паездкі. Найбольш пацярпеў старэйшы з пасажыраў, які атрымаў цяжкія цялесныя пашкоджанні.

Прававыя “кропкі” ў справе расставіў суд. Ён прызнаў вадзіцеля БМВ вінаватым у кіраванні транспартным сродкам у стане алкагольнага ап’янення, якое было ўчынена паўторна на працягу года пасля адміністрацыйнага пакарання за аналагічнае парушэнне. Экс-вадзіцель поўнасцю прызнаў сваю віну як у гэтым, так і асобных іншых прад’яўленых яму абвінавачваннях, раскаяўся. І панёс пакаранне ў выглядзе двух гадоў і аднаго месяца пазбаўлення волі з адбыццём тэрміну ў папраўчай калоніі ва ўмовах пасялення, а таксама пазбаўлення права кіравання ТС тэрмінам на  5 гадоў і штрафам у суме  18 мільёнаў рублёў. Аўтамабіль БМВ правапарушальніку больш не належыць – канфіскаваны ў даход дзяржавы.

Другі выпадак у многім пераклікаецца з вышэй- разгледжаным. 28-гадовы жыхар райцэнтра, які ў 2011 годзе ўжо быў асуджаны за кіраванне транспартам у стане алкагольнага ап’янення, у мінулым кастрычніку зноў сеў за руль аўтамабіля нецвярозым. На адной з гарадскіх вуліц “Опель” быў спынены супрацоўнікамі дзяржаўтаінспекцыі. Праведзены ў ЦРБ медагляд пацвердзіў нецвярозы стан вадзіцеля.

2 лістапада суд вынес рашэнне з улікам таго, што правапарушэнне было ўчынена ў перыяд неадбытага яшчэ пакарання па прыгаворы суда 2011 года. Згодна з ім грамадзянін быў пазбаўлены права кіравання транспартнымі сродкамі. Невыкананне прыгавора суда з’яўляецца наўмысным злачынствам.  Па сукупнасці прыгавораў ляхавічаніну прысуджана пакаранне ў выглядзе арышту тэрмінам на 3 месяцы, пазбаўлення права кіравання ТС на 5 гадоў і штрафам у памеры  36 мільёнаў рублёў. Зарэгістраваны на жонку асуджанага “Опель” канфіскаваны ў даход дзяржавы.  Ці патрэбны іншыя доказы, якія сведчаць, што для нецвярозай язды характэрны жорсткі пахмельны сіндром?..

Ігар ПАЛЫКА,

намеснік пракурора раёна.

One thought on “Аўтааматары выпіць

  • 02/12/2015 в 23:39
    Permalink

    В отношении таких «аўтааматараў» очень уместны фразы из басен «уж сколько раз твердили миру» — «а воз и ныне там». Печально и трагично, что из-за их глухоты, равнодушия, попустительства и даже твердолобости гибнут ни в чём не повинные люди. Что должно произойти, чтобы они остановились? Наверное, надо ещё больше ужесточить и так суровые меры воздействия

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *