«Уніэксперт» у надзейных руках

Спраўдзілася зрэшты доўгачаканая і медыкамі, і іх пацыентамі падзея: пастаўлена апошняя кропка, правільней, клічнік у рэалізацыі праекта капітальнага рамонту рэнтгенакабінета райбальніцы пад устаноўку новай дыягнастычнай апаратуры. Апарат устаноўлены і ў работу ўключаны. Загадчык аддзялення рэнтгенаўскай дыягностыкі Сяргей Памазанскі не хавае радасці і за бальніцу, і за жыхароў раёна:

– Новенькі «Уніэксперт 3 плюс» айчыннай вытворчасці адносіцца да апошняга пакалення такіх апаратаў і гарантуе якасныя рэнтгенаўскія здымкі, паказвае больш поўную карціну стану коснай сістэмы, лёгкіх, дазваляе праводзіць рэнтгеналагічнае абследаванне страўніка, тоўстай кішкі, нырак і г.д.   З’явілася магчымасць выявіць анкалагічную паталогію на больш ранніх стадыях. А гэта важна для своечасова пачатага лячэння.

Самая галоўная перавага абноўкі, сцвярджае Сяргей Уладзіміравіч, у тым, што яна канкрэтна дапаможа ў дакладнай дыягностыцы. Выдатна, што такія прыемныя навіны з’яўляюцца па ляхавіцкім адрасе. На здароўі эканоміць нельга, і нават у складанай эканамічнай сітуацыі ў развіццё медыцыны, у тым ліку раённай, укладваюцца немалыя сродкі. Кошт «Уніэксперт 3 плюс» – 720 мільёнаў рублёў, набыты ён за сродкі Міністэрства аховы здароўя. І амаль удвая больш – у 1,3 мільярда рублёў – абышлася раённаму бюджэту рэканструкцыя памяшкання і ўстаноўка новага апарата.

Калегі Сяргея Памазанскага – урач Канстанцін Дзядзюля і шасцёра лабарантаў і прафесійна, і, як кажуць, «па-людску» задаволены добрымі пераменамі на сваіх рабочых месцах. Чакаюць, што ў наступным годзе ў іх калектыў прыбудзе малады спецыяліст з дыпломам Гомельскага медуніверсітэта.

А сёння рыхтуецца праектная дакументацыя на новы рэнтгенафлюараграфічны кабінет у гарадской паліклініцы, які будзе ўкамплектаваны сучасным дыягнастычным абсталяваннем.

А пакуль зоркае вока «Уніэксперт 3 плюс» і не менш пільнае рэнтгена- дыягностаў убачаць і раскажуць пра здароўе пацыентаў усё, што ў іх магчымасцях. Дарэчы, прайсці дыягностыку можна будзе не толькі па накіраванні ўрача, але, калі ёсць неабходнасць, – на платнай аснове.

Вольга СВЯТЛОВА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *