Актуальнае сацыяльнае. У Ляхавічах на пасяджэнні райвыканкама аналізавалі выкананне дзяржаўных праграм

Выкананне раённых мерапрыемстваў комплекснай праграмы развіцця сацыяльнага абслугоўвання на 2011-2015 гады, дзяржаўнай праграмы нацыянальных дзеянняў па папярэджванні і пераадоленні п’янства і алкагалізму, комплексу мерапрыемстваў па забеспячэнні санітарна-эпідэміялагічнага дабрабыту насельніцтва абмяркоўвалася на лістападаўскім пасяджэнні райвыканкама. У ім прынялі ўдзел старшыня Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і сацыяльным развіцці Савета Рэспублікі Мікалай Казаравец, галоўны дзяржаўны санітарны ўрач Брэсцкай вобласці Нэлі Гіндзюк, начальнік упраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі УУС аблвыканкама Віктар Мельнікаў.

На зніжэнне
Праблема распаўсюджвання п’янства і алкагалізму не проста трывожыць – вымушае супрацьстаяць  ёй  па самых розных напрамках. Хаця ёсць і станоўчыя моманты.
Выконваючы абавязкі галоўнага ўрача  ЦРБ  Міхаіл Куляшоў падкрэсліў, што ў краіне з кожным годам зніжаецца ўзровень спажывання алкаголю  на душу насельніцтва. Напрыклад, у  2011 годзе  гэта лічба дасягала 13,3 літра, у 2014 – 10,5.  Але лічбы гэтыя ўсё ж вельмі высокія.
У раёне зменшылася колькасць  хранічных алкаголікаў, якія стаяць на ўліку ў наркалагічным кабінеце  паліклінікі:  па стане на 1 лістапада такіх 709 чалавек (у  2014 г. – 734), прычым 192 з іх – жанчыны.
Але сігналаў трывогі не меншае. Мяркуйце самі: у падлеткавым асяроддзі  павялічваецца колькасць непаўналетніх, якія  сябруюць з алкаголем.  Яшчэ адна “п’яная” праблема – сёлета 7 атручванняў алкаголем закончылася смерцю пацярпелых. Як можна мірыцца з тым, што па віне бацькоў-п’яніц  пакутуюць дзеці? Сёлета трое аматараў алкаголю пазбаўлены бацькоўскіх правоў, чацвёра дзяцей прызнаны маючымі патрэбу ў сацыяльнай абароне.
Па даных медыкаў, найбольшая колькасць злоўжываючых алкаголем грамадзян жыве на тэрыторыі Альхоўскага, Востраўскага і Крывошынскага сельсаветаў.
З пачатку года ў абласной псіхіятрычнай бальніцы “Крывошын” пралечана 225  жыхароў раёна з дыягназам сіндром залежнасці ад алкаголю.  Часта даводзіцца, што  называецца,   адкачваць у райбальніцы і тых, хто перабраў спіртнога ці атруціўся ім. Кошт  аднаго дня знаходжання такога пацыента ў бальніцы абыходзіцца бюджэту ў 416 тысяч рублёў,  поўны курс – мінімум 5 дзён. Няцяжка палічыць,  колькі каштуе такая рэабілітацыя.
Старшыня райвыканкама Вячаслаў Сельмановіч гаварыў пра неабходнасць  пашырэння мер грамадскага ўздзеяння на аматараў алкаголю,  увядзенне практыкі працатэрапіі (каб  тыя, хто за дзяржаўны кошт у нядрэнных умовах адбываюць свае 10-15 сутак за  з’яўленне ў грамадскіх месцах у нецвярозым стане ці за п’яныя дэбошы,  замест “адпачынку” ў ізалятары часовага ўтрымання працавалі, напрыклад, на добраўпарадкаванні горада і вёсак).
Кіраўнік раёна незадаволены дзейнасцю камісій па барацьбе з п’янствам, якія створаны на большасці прадпрыемстваў і ў арганізацыях раёна.  Чамусьці не праводзяцца пасяджэнні выязных судоў, сельскія сходы, на якіх разбіраюць паводзіны аматараў алкаголю ў прысутнасці іх землякоў.  Указана і на недастатковую прафілактычную работу раённай арганізацыі БРСМ, іншых грамадскіх арганізацый,  у першую чаргу,  прафсаюзаў.
Клопату многа не бывае
Другое пытанне парадку дня датычыла сацыяльнага абслугоўвання.
Больш за 8900 жыхароў раёна атрымліваюць пенсіі і дапамогі. З іх 30 – ветэраны Вялікай Айчыннай вайны, 495 – непрацуючыя адзінокія грамадзяне, 3102 – адзінока пражываючыя сталага ўзросту, трое перасягнулі стогадовы рубеж. Пажылыя і з абмежаванымі магчымасцямі землякі  пад асаблівай увагай. У раёне распрацавана і  дзейнічае комплексная праграма развіцця сацыяльнага абслугоўвання.  Пра яе выкананне расказаў начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Леанід Калбаса.  Падчас штогадовых абследаванняў умоў жыцця асобных катэгорый грамадзян   высвятляецца,  якая дапамога ім патрабуецца, у тым ліку і для стварэння бяспечных умоў.  Сёлета абследаванне  праходзіла адначасова з рэспубліканскай пажарна-прафілактычнай акцыяй “За бяспеку разам”. Спецыяльна створаныя камісіі завіталі да  589 адзінокіх і адзінока пражываючых грамадзян, інвалідаў працаздольнага ўзросту. Па выніках абследавання ў доме інваліда адрамантавана пячное ацяпленне, 9 чалавек атрымалі матэрыяльную дапамогу са сродкаў Фонда сацыяльнай абароны насельніцтва на набыццё паліва. У  спе-цыяльныя сацыяльныя ўстановы ўладкаваны  трое  пажылых землякоў. Ва ўстановах адукацыі раёна арганізавана работа 27 цімураўскіх атрадаў, 14 атрадаў “Міласэрнасць”, 10 валанцёрскіх. Пад іх апекай –  ветэраны  вайны, адзінокія пажылыя грамадзяне.  Усё больш землякоў сталага ўзросту карыстаецца сацыяльным абслугоўваннем на даму – цяпер 583 чалавекі  з 84 населеных пунктаў раёна.  У райбальніцы паспяхова дзейнічае “Школа трэцяга ўзросту”, сёлета медыцынскі лікбез у  ёй  атрымалі 60 пенсіянераў.  Запатрабаваныя месцы ў аддзяленні сястрынскага догляду  Крывошынскай участковай бальніцы.
Значная ўвага  надаецца прыцягненню пажылых людзей да актыўнага ўдзелу ў жыцці грамадства.  Шмат прыхільнікаў   творчасці народнага клуба ветэранаў вайны і працы “Сівізна”, запатрабаваны  клуб па інтарэсах для людзей пенсійнага ўзросту “Лада” пры цэнтральнай раённай бібліятэцы, 6 клубаў дзейнічае пры ТЦСАН.  У Ганчарах створаны  дом сумеснага пражывання для пажылых людзей, з’явіліся дзве прыёмныя і гасцявая сем’і. Раённыя мерапрыемствы комплекснай праграмы выкананы  за выключэннем аднаго пункта:  не набыты спецыялізаваны аўтатранспарт для падвозу інвалідаў у ТЦСАН. Запланавана гэта на бліжэйшую перспектыву. Пры ўсім дзяржаўным клопаце, якім акружаны пенсіянеры, нельга забываць пра іншы бок справы: некаторыя састарэлыя людзі засталіся без увагі і дапамогі ўласных дзяцей: не прыязджаюць, не цікавяцца іх жыццём, не клапоцяцца. Як дастукацца да іх сумлення? Таксама – праблема, якая патрабуе вырашэння.
Што мы п’ём і чым  не хварэем
На пасяджэнні райвыканкама прааналізавалі і яшчэ адно злабадзённае пытанне – «воднае». Вынікі даследавання пітной вады сведчаць пра  дастаткова высокі ўзровень яе эпідэміялагічнай бяспекі: за апошнія 5 гадоў не было ні адной пробы, якая б не адпавядала нарматывам па мікрабіялагічных паказчыках. Пра гэта заявіў галоўны санітарны ўрач раёна Віталій Ціханаў і падкрэсліў, што такому становішчу паспрыялі перакладка гаспадарча-пітнога водаправода ў  Ляхавічах, увядзенне ў эксплуатацыю гарадской станцыі абязжалезвання (першая чарга запушчана сёлета 10 верасня, другая плануецца на снежань).  Разам з тым, па словах галоўнага санітарнага ўрача Брэстчыны Нэлі Гіндзюк,  не забяспечаны гігіенічныя нарматывы пітной вады па санітарна-хімічных паказчыках. У прыватнасці, па ўтрыманні жалеза: у нашым раёне  гэты паказчык   у некалькі разоў перавышае сярэднеабласны.
Нэлі Гіндзюк лічыць,  што не ў поўнай меры выкананы работы па  бесперапынным  забеспячэнні насельніцтва  вадой з падземных крыніц, што не адпавядае  гігіенічным патрабаванням:  не пачата будаўніцтва водаправода ў аграгарадках Жарабковічы і Падлессе; не ўведзена ў эксплуатацыю станцыя абязжалезвання ў Начы, недастаткова эфектыўна працуюць і іншыя такія  станцыі.
Актуальнейшае  пытанне – якасць і бяспека харчовай прадукцыі ў магазінах і прадпрыемствах грамадскага харчавання. За апошні час прыведзены ў належны стан 14 аб’ектаў, яшчэ на 16-ці палепшаны ўмовы рэалізацыі.
Сярод самых распаўсюджаных парушэнняў – рэалізацыя прадукцыі з сышоўшым тэрмінам прыгоднасці, без дакументаў, якія пацвярджаюць якасць і бяспеку; адсутнасць належных умоў для захоўвання і рэалізацыі тавараў. Адміністрацыйнае спагнанне за гэта атрымліваюць  і прадаўцы, і ўладальнікі гандлёвых кропак.  Але штрафы штрафамі, галоўнае – паляпшэнне сітуацыі.
Нэлі Гіндзюк  адзначыла, што ў Ляхавіцкім раёне за апошнюю пяцігодку істотна палепшыліся санітарна-гігіенічныя ўмовы  знаходжання дзяцей амаль ва ўсіх установах адукацыі.  Прафілактыка скаліёзу ў школьнікаў паспрыяла таму, што ў раёне дзяцей з такімі парушэннямі значна менш, чым у сярэднім па вобласці.  Станоўчая сітуацыя і па колькасці парушэнняў вастрыні зроку ў школьнікаў.  Але ў плане захавання і ўмацавання здароўя падрастаючага пакалення ёсць шэраг пытанняў,  што патрабуюць першачарговага вырашэння. Напрыклад, з  18 школьных  спартзалаў толькі ў васьмі ёсць душавыя з гарачай вадой. Патрабуе замены  частка школьнай мэблі, асабліва адчувальна гэта ў СШ № 1, Тухавіцкай СШ, Дараўскім ДС-СШ.  Неабходны капітальны рамонт з мадэрнізацыяй харчаблокаў дзіцячых садкоў у Задвор’і, Ураджайнай, Навасёлках,  капрамонт сталовых СШ № 1 і гімназіі.
Віталій Ціханаў  паведаміў, што рэалізацыя мерапрыемстваў па забеспячэнні санітарна-эпідэміялагічнага дабрабыту насельніцтва дазволіла дасягнуць пэўных станоўчых вынікаў у зніжэнні інфекцыйных і агульных захворванняў. Але, калі не  выправіцца сітуацыя з пітным водазабеспячэннем, правіламі перавозкі, захоўвання і рэалізацыі харчовай, у тым ліку і хутка псавальнай прадукцыі, застаюцца перадумовы для ўзнікнення вострых кішэчных інфекцый.
Рашэннем райвыканкама дырэктару КУМВП ЖКГ “Ляхавіцкая ЖКГ” Аляксандру Мядзвецкаму ўказана на  незабеспячэнне належнага санітарнага стану тэрыторый гаражных масіваў і могілак, якія знаходзяцца на балансе камунгаса, непрыняцця належных мер па забяспечанасці насельніцтва якаснай пітной вадой; старшыні праўлення райпо Васілію Некрашэвічу – на недастатковую эфектыўнасць прымянення  сістэмы скідак на тавары, у якіх заканчваецца тэрмін прыгоднасці, а таксама на недапрацоўкі ў водазабеспячэнні  сельскіх магазінаў.
Галіна КАНЬКО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *