Прайшліся па парадку

Пытанні добраўпарадкавання і навядзення парадку на зямлі не здымаюцца з кантролю органаў улады. У мінулы панядзелак яны былі ў цэнтры ўвагі чарговай апаратнай нарады ў кіраўніка раёна. На гэты раз справаздачу трымаў старшыня Начаўскага сельвыканкама Вячаслаў Новік. На тэрыторыі сельсавета прапісаны 2 аграгарадкі і 8 вёсак, палацава-паркавы комплекс “Грушаўка” і комплекс былой сядзібы Чарноцкіх 1810-1815 гг., СВК “Ляхавіцкі” і ДП “Нача”.

У справаздачы гучала традыцыйнае: тэрыторыі перыядычна ачышчаюцца ад паваленых дрэў, смецця, раслінных рэшткаў; падтрымліваецца парадак на могілках; праводзіцца ямачны рамонт асфальтнага пакрыцця, але неабходна грэйдзіраванне вуліц і дарог, уладкаванне бетонных пляцовак для часовага складзіравання смецця на могілках і іншае. Увогуле, як гавораць, пэўная работа праводзіцца…

А па інфармацыі галоўнага дзяржаўнага санітарнага ўрача раёна Віталія Ціханава, выкананне плана па добраўпарадкаванні і навядзенні парадку на тэрыторыі сельсавета на 2015 год склала 67 працэнтаў.

На праблему несанкцыянаваных сметнікаў звярталі ўвагу і санітарная, і экалагічная службы. Прычына, пэўна, і ў тым, што амаль пятая частка насельніцтва не заключыла з камунальнікамі дагавор на вываз цвёрдых бытавых адходаў.

За ўтрыманне тэрыторый у неналежным санітарным стане да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнуты 18 службовых асоб суб’ектаў гаспадарання, размешчаных на тэрыторыі сельсавета.

Старшыня райвыканкама Вячаслаў Сельмановіч акцэнтаваў увагу на эфектыўнасці і своечасовасці навядзення парадку і добраўпарадкавання.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *