Грошы пад нагамі

Што смецце можна “перакаваць” у грошы, вядома даўно і ўсім. Вялікіх грошай пры гэтым, канешне, не атрымаеш, але і намаганні, затрачаныя на “перакоўку”, асабліва напружанымі не з’яўляюцца. Часам дастаткова не пераблытаць кантэйнеры: напрыклад, палімерную ёмістасць апусціць не ў бліжэйшы, а ў “адрасны” кантэйнер. Дзякуючы такім жа дакладным і ашчадным дзеянням другое жыццё можна і трэба надаць шкляным бутэлькам і слоікам, макулатуры, тэкстыльным і будаўнічым матэрыялам, гуме. Для небагатай на карысныя выкапні Беларусі такая другасная здабыча мае ці не першаснае значэнне.

На нарыхтоўку і наступную здачу на перапрацоўку другаснай сыравіны арыентаваны зараз усе – жыхары гарадоў і вёсак, буйныя, сярэднія і дробныя прадпрыемствы. Так над гадавой раённай праграмай па нарыхтоўцы другасных матэрыяльных рэсурсаў працуюць у раёне 113 арганізацый, устаноў і прадпрыемстваў дзяржаўнай і недзяржаўнай формаў уласнасці. Працуюць неаднолькава добра і заслужылі розныя адзнакі ад куратара гэтай справы – аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама. Залік па здачы на перапрацоўку другасных матэрыялаў многія ўжо здалі і забыліся, іншыя знаходзяцца на блізкім да фінішу шляху, трэція гэты самы шлях яшчэ і не пачыналі. Да ліку апошніх адносіцца значная частка прадпрыемстваў і іншых структур прыватнай формы ўласнасці. А, напрыклад, што тычыцца макулатуры, то ні адным яе здадзеным кілаграмам не адзначыўся пакуль і шэраг сельгаспрадпрыемстваў раёна. І наадварот, малочны завод, заводы “Металапластмас” і “Інтэрлак”, мясцовы РКЦ “Белаграпрамбанка”, РАНС, ДРСУ-200, раённая арганізацыйная структура ДТСААФ, фінаддзел і аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, упраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама сумесна з тэрытарыяльным цэнтрам сацабслугоўвання насельніцтва значацца ў ліку выдатнікаў па нарыхтоўцы і здачы на перапрацоўку адходаў паперы і кардону. Іменна “макулатурнае” пытанне з’яўляецца для раёна найбольш вострым. Закрыць даведзенае заданне, якое складае 900 тон, вельмі і вельмі няпрос-та. І з улікам гадавой дынамікі выйсці на вызначаную лічбу атрымаецца наўрад ці: за перыяд са студзеня па кастрычнік з усіх крыніц раёна на перапрацоўку паступіла каля 310 тон паперы. Гэта на 10 тон больш лічбы гадавога дзяржзаказу, аднак амаль утрая менш планавага задання.

Макулатура – не адзінкавы пласт у структуры даведзеных Ляхавіччыне другасных нарыхтовак. Неабходна таксама сабраць і рэалізаваць у перапрацоўку 70 тон адходаў поліэтылену, 30 – тэкстылю, 100 – зношаных шын, 400 – шкла і 800 тон будаўнічых адходаў.  Задан-не па зборы будадходаў раён выканаў амаль на 200 працэнтаў. З палімерамі, зборам тэкстыльных утыль-матэрыялаў складаней: за 10 месяцаў ляхавіцкія нарыхтоўкі гэтых відаў другаснай сыравіны не выкананы і напалавіну.

Гаварыць пра збор і здачу ў другасную перапрацоўку адходаў шкла ў вялікай ступені азначае гаварыць пра работу індывідуальнага прадпрымальніка Валерыя Пронькі. Збор названай сыравіны для другаснай перапрацоўкі прадпрымальнік ажыццяўляе як на стацыянарна размешчаным у суседніх Баранавічах прыёмным пункце, так і метадам раз’ездаў па населеных пунктах раёна і не толькі. Актыўнасць прадпрымальніка пацвярджаецца вынікам, а вынік заслугоўвае павагі: за 10 месяцаў ім было сабрана-нарыхтавана і здадзена ў падраздзяленне ДА “Белрэсурсы” 550 тон адходаў шкла. Нагадаем: раённае гадавое заданне складае чатыры сотні тон. У адрозненне ад паперы-кардону, палімерных і тэкстыльных адходаў, таго ж шкла, нарыхтоўка і здача якіх прыносіць нарыхтоўшчыкам хоць нейкую ды капейку, за адпрацаваную аўтатрактарную гуму даводзіцца яшчэ і даплачваць. Па сённяшніх расцэнках за кожную адпраўленую на перапрацоўку тону шын трэба заплаціць мільён рублёў. Сума сама па сабе не падаецца сімвалічнай, тым больш – у тандэме з транспартнымі расходамі. У гэтым, як мяркуюць у аддзеле ЖКГ райвыканкама, і варта шукаць прычыну таму факту, што выкананне задання па здачы ў перапрацоўку гумы расцягваецца. Пры тым, што зношаны аўтамабільны абутак прысутнічае на складах многіх прадпрыемстваў.

Іван КАВАЛЕНКА.


Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *