Чарка ўпоперак лёсу

У жыцці маладога чалавека К. усё складвалася паспяхова: закончыў ліцэй, паступіў у сталічны ўніверсітэт, займаўся спортам, марыў працаваць па спецыяльнасці. Бацькі радаваліся поспехам сына, пра многія з якіх даведваліся з пісьмаў-падзяк, што прыходзілі з месца вучобы, а таксама шматлікіх грамат і дыпломаў.

Юнак паспяхова здаў сесію і па запрашэнні аднакурснікаў прыехаў пагасціць да іх у Ляхавічы. Сустрэчу адзначалі ў кафэ “Алеся”. Паводзілі сябе стрымана, культурна. А вось мясцовы жыхар і заўсёднік кафэ З., які ўжо быў яўна нецвярозы, паводзіў сябе нахабна, чапляўся да наведвальнікаў. Не абышоў “увагай” і кампанію студэнтаў. Убачыўшы незнаёмага,  З. вырашыў пагаварыць з ім “па-мужчынску”, прапанаваў выйсці для гэтага з кафэ. Фінал размовы сумны для абодвух: З. апынуўся ў рэанімацыйным аддзяленні райбальніцы,  а К. замест аўдыторыі ўніверсітэта – у камеры следчага ізалятара.

Судом Ляхавіцкага раёна К. прызнаны вінаватым ва ўчыненні злачынства, прадугледжанага часткай 1 артыкула 147 Крымінальнага Кодэкса Рэспублікі Беларусь, і прыгавораны да 5 гадоў абмежавання волі без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу. Ён 4 месяцы знаходзіўся пад вартай, за ўчыненне злачынства адлічаны з універсітэта. На карысць пацярпелага і ў кошт аднаўлення затрат на лячэнне яму давялося заплаціць больш за 50 мільёнаў рублёў.

Літаральна ў адно імгненне паспяховы малады чалавек, перад якім адкрывалася шмат перспектыў, пазбавіўся іх.  А колькі пакут і яго родным, і блізкім пацярпелага, які выжыў, дзякуючы медыкам.

Хацелася б, каб усё гэта стала сур’ёзным урокам і для пацярпелага, прымусіла перагледзець свае паводзіны і адносіны да іншых. У многіх здарэннях, у тым ліку трагічных, хтосьці з бакоў, а то і абодва знаходзяцца ў стане алкагольнага ап’янення. Наступствы іх разборак, скандалаў – сіроты, састарэлыя бацькі без догляду і дапамогі, разбураныя сем’і.

А яшчэ практычна заўсёды з’яўляюцца падставы для сумнай высновы: з маўклівай згоды тых, хто побач, хуліганы бесперашкодна псуюць жыццё іншым, сямейныя скандалісты здзекуюцца над сваімі роднымі, п’яныя садзяцца за руль. Ці не надта дарагой аказваецца чарка гарэлкі?..

Ігар ПАЛЫКА,

намеснік пракурора раёна.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *