Наступленне на карупцыю

Новы Закон Рэспублікі Беларусь “Аб барацьбе з карупцыяй” уступае ў сілу  з 24 студзеня 2016 года. Ён прыняты ў мэтах зніжэння рызыкі ўчынення супрацьпраўных дзеянняў, забеспячэння абароны эканамічных інтарэсаў грамадства і дзяржавы, утрымлівае дадатковыя меры, накіраваныя на папярэджанне карупцыі.   Што змянілася з яго прыняццем?

Так, законам упершыню ўведзены канкрэтныя абмежаванні для асоб, якія прыраўнаваны да дзяржаўных службовых асоб, а таксама для мужа і жонкі дзяржаўных службовых асоб або асоб, якія прыраўнаваны да іх, для блізкіх родных і сваякоў, якія пражываюць сумесна з імі і вядуць агульную гаспадарку.

Артыкулам 18 закона дэталёва рэгламентаваны выпадкі, пры якіх забараняецца сумесная работа мужа і жонкі, блізкіх родных і сваякоў. Напрыклад, забараняецца сумесная работа ў адной і той жа дзяржаўнай арганізацыі на пасадзе кіраўніка або намесніка, галоўнага бухгалтара або яго намесніка і касіра, калі работа звязана з непасрэдным падначаленнем, падкантрольнасцю.

У мэтах стымулявання законапаслухмяных паводзін законам прадугледжаны падставы адмовы ў назначэнні на кіруючую пасаду, прыёме на дзяржаўную службу, дадатковыя падставы прыцягнення да дысцыплінарнай адказнасці кіраўнікоў, якія праігнаравалі вышэйзгаданыя падставы адмовы ў прыёме на службу. Уведзены падставы для адмовы дзяржаўным служачым у назначэнні пенсіі.

Напрыклад, асобы, якія ўчынілі цяжкія або асабліва цяжкія злачынствы супраць інтарэсаў службы ці звязаныя з выкарыстаннем службовай асобай сваіх службовых паўнамоцтваў, незалежна ад таго, колькі прайшло часу, не могуць быць прыняты на дзяржаўную службу.

А звальненне па дыскрэдытуючых   падставах істотна абмяжоўвае магчымасць працаўладкавання на кіруючую пасаду, у тым ліку ў арганізацыі прыватнай формы ўласнасці.

Законам звужана кола асоб, якім забаронена працаваць па сумяшчальніцтве ў іншых арганізацыях. Так, з 2016 года іншую аплачваемую работу выконваць не змогуць толькі дзяржаўныя служачыя, супрацоўнікі праваахоўных і кантралюючых органаў, кіраўнікі, іх намеснікі і галоўныя бухгалтары дзяржаўных арганізацый і арганізацый, у статутных фондах якіх 50 і больш працэнтаў доляў (акцый) знаходзіцца ва ўласнасці дзяржавы або яго адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі.

Новым законам пашыраны пералік звестак аб даходах і маёмасці, якія належаць дэклараванню службовымі асобамі, што займаюць адказнае становішча, асобамі, назначанымі на пасаду шляхам выбрання, а таксама ўведзены нормы, што дазваляюць пры перавышэнні кошту маёмасці і іншых расходаў над даходамі, атрыманымі з законных крыніц, адабраць у вышэйзгаданых асоб такую маёмасць, спагнаць расходы.    На пракуратуру ўскладзены функцыі па наглядзе за выкананнем заканадаўства ў сферы барацьбы з карупцыяй.

Сяргей ДЗЯЖКО,

пракурор раёна.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *