Неспакойнае сэрца

Не сказаць, каб жыццё крута змяніла свой накірунак, калі Марыя Пятроўна пайшла на заслужаны адпачынак. У вёсцы работы хапае, адна толькі гаспадарка на падворку чаго вартая: і карову накарміць-падаіць, і свіней, і птушку дагледзець. Патрэбна падтрымліваць пастаянны парадак ля дома і ў доме, які, дарэчы, некалі самі пабудавалі з мужам. Гэта цяпер гаспадарка забяспечвае работнікаў жыллём, ды якім! Прыгожыя катэджы ў Гаслаўшчыне ўтвараюць цэлыя вуліцы.
Выпадае вольная часіна, унукам трэба ўдзяліць увагу, яны цяпер часцяком забягаюць да бабулі. І гэта такое шчасце! Аднак, іншы раз, бывае, возьме за душу нейкі сум: ні то ад таго, што маладыя суседкі на досвітку спяшаюцца на ферму, а цябе ўжо там ніхто не чакае, ні то ад таго, што так хутка прабеглі гады працы з поспехамі, няўдачамі і новымі знаходкамі, калі спаборнічалі — хто больш, хто лепш.
Але ёсць і суцяшэнне: і сёння на даярку СВК «Ляхавіцкі» Марыю Патаповіч глядзяць землякі са шчырай павагай. Не ў кожнай складваецца так лёс, што ўрадавыя ўзнагароды знаходзяць свайго адрасата, калі той ужо на пенсіі. Зусім нядаўна яна атрымала медаль «За працоўныя заслугі».
— Такія людзі, як Марыя Пятроўна, — гонар нашай гаспадаркі,— расказвае галоўны заатэхнік сельгаскааператыва Уладзімір Ксёнжык. — Усё жыццё яна ў працы: была малаказборшчыцай, а пасля больш як 15 гадоў шчыравала даяркай на русінавіцкай ферме. Даглядала 50 кароў, адна з першых увайшла ў клуб «шасцітысячніц». А пасля быў час, калі ад кожнай каровы надойвала і па 7 тысяч кілаграмаў малака. Узнагароду Марыя Пятроўна заслужыла. Сёння больш вольнага часу з’явілася ў яе. Часта думае пра былых калег па працы, па-добраму зайздросціць маладым аператарам машыннага даення, якія працуюць па новых тэхналогіях у новых сучасных памяшканнях і дабіваюцца выдатных вынікаў. Здаецца, скінула б з плячэй дзясятак гадоў і пайшла б на ферму папрацаваць у такіх умовах, якія сёння створаны. Яна пераканана, што са сваім стараннем і мэтанакіраванасцю асвоіла б работу на новым абсталяванні і, як заўсёды, была б у лідарах. Каб скінуць з плячэй дзясятак гадоў…
У гэтыя дні, напярэдадні жаночага свята, яна шле сваім сяброўкам і ўсім жанчынам шчырыя віншаванні і пажаданні здароўя, вясновага настрою, поспехаў у працы, дабрабыту, шчасця і радасці.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *