«Свая» свіная адбіўная

– Калі будзеш ехаць у вёску, унучак, то прывязі мне кавалачак салёнага сала – з кубельца… Такая нязвыклая просьба вымусіла маладога чалавека ўспомніць, як яшчэ нядаўна ён ездзіў да бабулі “на свежаніну”, як збіралася ўся сям’я, рабілі сялянскую каўбасу, крывянку, вантрабянку, сальцісон, марынавалі, а пасля сушылі ў падстрэшшы кумпякі, а сала салілася па бабуліным рэцэпце, вядомым толькі ёй.

– А цяпер вось сала стала “гарадскім”, – падсумаваў мой субяседнік.

Калі існавала пагроза з’яўлення афрыканскай чумы свіней, каб выратаваць буйныя свінагадоўчыя комплексы  ЗТАА “БелДан” і ЗАТ “Белпрампрыбор”,  было часова забаронена ўтрыманне свіней на ўласных падвор’ях грамадзян. Асноўнай крыніцай паставак свініны спажыўцам сталі тыя ж свінагадоўчыя комплексы. Свінакомплекс “Шчэрбава” ЗАТ “Белпрампрыбор” сёння на сваёй праектнай магутнасці і мае пагалоўе 8,5 тысячы жывёл. Работа арганізавана па замкнутым цыкле вытворчасці, жывёла размеркавана на рознаўзроставыя групы, кожная з якіх даглядаецца па сваёй тэхналогіі. Як адзначае загадчык вытворчасці Аляксандр Рабцэвіч, асноўная задача – дабіцца вышэйшых прываг на адкорме і, у канчатковым выніку, – прадаць спажыўцам найбольш прадукцыі. Прымяненне новых тэхналогій дазваляе работнікам “Шчэрбава” лідзіраваць у спаборніцтве сярод аднатыпных прадпрыемстваў рэспублікі: сярэднясутачныя прывагі кожнай жывёліны тут складаюць 700 грамаў. З пачатку года свінакомплекс паставіў спажыўцам 6800 цэнтнераў у жывой вазе – на 5 працэнтаў больш, чым за адпаведны перыяд летась.Сёлета ў раёне адзначаецца істотнае – на 2 тысячы – павелічэнне пагалоўя свіней за кошт беларуска-дацкага прадпрыемства “БелДан”, якое раней запланаванага тэрміну выйшла на поўную праектную магутнасць і сёння мае пагалоўе 25,5 тысячы. Летась “БелДан” паставіў на рынкі рэспублікі 49850 цэнтнераў свініны, а за 6 месяцаў сёлета – 25400 цэнтнераў. Свінагадоўчая галіна раёна па росце пагалоўя, сярэднясутачных прывагах, а таксама па росце валавой вытворчасці свініны займае лідзіруючыя пазіцыі ў вобласці. Жыхары раёна сёння маюць магчымасць набыць і “мясцовую” свініну да свайго стала: “БелДан” па заяўках грамадзян прадае свежаніну паўтушамі – вывозіць у бліжэйшыя вёскі, а таксама на рынак. Па такой жа схеме працуе і “Белпрампрыбор”. Праўда, не ўсіх гэта задавальняе: не кожнаму спажыўцу патрэбна адразу столькі мяса-сала. Вяскоўцы, якія прывыклі весці падсобную гаспадарку, пачынаюць аднаўляць прыватную свінагадоўлю, звяртаюцца ў райветстанцыю з заяўкай на адпаведны дазвол. Раённая ветэрынарная служба выязджае, каб правесці дэзынфекцыю памяшканняў, дзе ўтрымліваюцца свінні. Рэкамендавана трымаць на адным падвор’і не больш за тры парсюкі, забаронена гадаванне свінаматак, а таксама свабодны выгул жывёлы.Галоўны ветэрынарны ўрач раёна Павел Сіцько адзначае, што пагалоўе свіней на падвор’ях грамадзян сёння значна меншае, чым калісьці: на пачатак года налічвалася 1796 супраць 5000. Многія гаспадары падсумавалі затраты на гадаванне, супаставілі з цэнамі, па якіх можна набыць свініну, і зрабілі высновы, што лепш купіць гатовы прадукт. Па словах галоўнага ветурача раёна, выпадкі афрыканскай чумы свіней зноў зарэгістраваны на тэрыторыі Польшчы, у краінах Прыбалтыкі, Расіі, ва Украіне. Толькі дзякуючы жорсткаму ветэрынарнаму кантролю прадукцыі, якая паступае на рынкі нашай краіны, удаецца захоўваць сітуацыю стабільнай.

Аліна ЛАПІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *