Будзем разам…… з тымі, хто збірае смецце паасобна

Гэтым самым мы пакажам беражлівасць. Не сваю ўласную, вузкіх маштабаў, а беражлівасць грамадскую, што мае два важныя складальнікі. Першы – эканоміка – цесна ўзаемазвязаны з другім – экалогіяй – і выражаецца зразумелай формулай: чым большай колькасці бытавых адходаў мы падорым другое жыццё, тым чысцейшай і багацейшай будзе прастора вакол нас. Гэта не так заўважна з пазіцыі асабістага “я”, але вельмі і вельмі істотны эканоміка-экалагічны бонус у маштабах краіны.

На працягу года Ляхавіцкаму раёну разлічана заданне нарыхтаваць 900 тон макулатуры, 400 – шкла, 70 – полімерных, 30 – тэкстыльных і 800 тон будаўнічых адходаў. Плюс 100 тон зношаных шын. Пры гэтым з мэтай забеспячэння раўнамернасці работы перапрацоўчых прадпрыемстваў правілам ветлівага тону з’яўляецца раўнамернасць збору і здачы другасных матэрыяльных рэсурсаў.

Мінула паўгода, а тэмпы нарыхтоўкі шкла апярэдзілі планавыя гадавыя на амаль 13 працэнтных пунктаў. Другое жыццё нададзена ўжо 450 тонам шкла. Узнос у поспех справы па нарыхтоўцы названага віду адходаў унеслі ўсе 3 раённыя аператары-нарыхтоўшчыкі другасных матэрыяльных рэсурсаў: камунгас, райпо, аднак, роля індывідуальнага прадпрымальніка Валерыя Пронькі абсалютна прыярытэтная – выражаецца лічбай у 322 тоны. Прадпрымальнік працуе ў стацыянарна-мабільным рэжыме. І калі размешчаны ў Баранавічах стацыянарны прыёмны пункт, відавочна, для жыхароў суседняга рэгіёна, то аўтамабіль-шклонарыхтоўшчык прадпрымальніка гатовы накіраваць колы ў любы бок, населены пункт, двор.

Па выніках паўгадавога “жніва” на ніве другасных матэрыяльных рэсурсаў раён амаль на 70 працэнтаў справіўся з заданнем па нарыхтоўцы будаўнічых адходаў, план па зношаных шынах выкананы напалову, на чвэрць – па палімерных і тэкстыльных адходах.

Пра макулатуру варта сказаць асобна, паколькі іменна збор былых ва ўжытку паперы, кардону праходзіць у нашым раё-не найбольш натужліва. І летась, і сёлета, калі за мінулыя паўгода гадавы план збору выкананы крыху больш як на 21 працэнтны пункт. Дзеля яснасці карціны варта адз-начыць і аб’ёмы задання – 900 тон (у параўнанні, напрыклад, з адходамі таго ж тэкстылю – 30 тон). Аднак, ёсць у раёне тыя, хто спрацаваў на паўгода наперад: за 6 месяцаў справіўся з гадавым заданнем. Напрыклад, завод “Інтэрлак”, райфінаддзел, разлікова-касавы цэнтр Белаграпрамбанка, РАНС, ДТСААФ, кінавідэацэнтр, раённая арганізацыя БРСМ, ТАА “ЛП Лотас”, ТДА “Тэхмаш”. Шэраг прадпрыемстваў, арганізацый, устаноў наблізіўся да гадавога задання – выкананне склала 80 і больш працэнтаў ад патрэбнага. Але нямала і такіх, хто не прыступаў да выканання важнай задачы. Напрыклад, у гэтым спісе – шэраг сельскагас-падарчых арганізацый. Але найбольш – прадпрыемствы прыватнай формы ўласнасці. Іх дзясяткі – розных ТАА, ТДА, ПП, ПУП, ПГУП і іншых СТАА, у каго ў дэфіцыце макулатура або (што хутчэй за ўсё) – адчуванне свайго дачынення да важнай агульнараённай (і не толькі) справы.

У мэтах выканання даведзеных раёну заданняў па нарыхтоўцы другасных матэрыяльных рэсурсаў адпаведнымі раённымі службамі прапрацоўваюцца розныя варыянты, у тым ліку пытанне аб магчымасці “дыверсіфіцыраваць” дзейнасць ІП Пронька яшчэ і на нарыхтоўку макулатуры.

Надзея і на насельніцтва. На жыхароў гарадоў і вёсак, на іх экалагічную свядомасць і настрой быць разам з тымі, хто збірае бытавыя адходы паасобна.

Іван КАВАЛЕНКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *