Старшакласнік шукае работу

Калі вучні малодшых і сярэдніх класаў поўнасцю аддаюцца летняму адпачынку, то многія старшакласнікі падчас канікулаў задумваюцца, дзе і як падзарабіць грошай на кішэнныя расходы. Жаданне зразумелае і вартае заахвочвання: работа, нават часовая, дазволіць не толькі мець уласны бюджэт, але і адчуваць сябе больш самастойнымі, навучыць цаніць не толькі сваю, але і чужую працу.

Канешне, больш шанцаў часова працаўладкавацца ў жыхароў вялікіх гарадоў, дзе юнакам і дзяўчатам прапануюць розныя вакансіі ў гандлёвых кропках і на прадпрыемствах грамадскага харчавання. Патрабуюцца прыбіральшчыкі, распаўсюджвальнікі рэкламы, рознарабочыя і г.д. Студэнты педагагічных ВНУ і ССНУ працуюць у аздараўленчых лагерах у якасці важатых, выхавальнікаў, фізрукоў і плаўрукоў. Папулярныя сярод моладзі студэнцкія атрады.

А вось у маленькіх райцэнтрах, а тым больш вёсках знайсці старшакласніку работу даволі складана. Галоўны спецыяліст аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Іна Зубік расказала, што гэтым летам у рамках другаснай занятасці школьныя брыгады ў чэрвені працавалі ў СШ №1 і № 2 (па 10 чалавек), гімназіі (8 чалавек). Рабяты пад кіраўніцтвам педагогаў добраўпарадкавалі школьную тэрыторыю, рамантавалі мэблю, фарбавалі падлогі і сцены, наводзілі парадак на стадыёнах, займаліся праполкай і г.д. За старанную працу атрымалі заработную плату па дагаворы паміж аддзелам адукацыі, спорту і турызму і ўпраўленнем па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама. На гэтыя мэты з абласнога бю-джэту пайшло звыш 30 мільёнаў рублёў.

З 20 ліпеня пачалася працоўная чвэрць для 20 старшакласнікаў Малагарадзішчанскага ДС-СШ і Крывошынскай СШ. Вучні Крывошынскай школы шчыруюць на добраўпарадкаванні тэрыторыі паркавага ансамбля ”Рэпіхава”, дапамагаюць у рамонце сваёй навучальнай установы.

Сёлета зноў пайшоў насустрач школьнікам, якія жадаюць падзарабіць, камунгас. У першы месяц лета 70 старшакласнікаў з гарадскіх школ і гімназіі працавалі на добраўпарадкаванні горада. У камунгасе імі засталіся задаволены – рабяты адказна і добрасумленна аднесліся да справы. Кожны, дарэчы, змог зарабіць прыкладна па 1200000 рублёў. А яшчэ добра адпачыць: разам праводзілі вольны час і харчаваліся ў летніках пры школах.

Маладых людзей, якія жадаюць папрацаваць у вольны ад вучобы час, з кожным годам становіцца ўсё больш, у адрозненне ад колькасці прапаноўваемых пра-цоўных месцаў. Большасць прадпрыемстваў не зацікаўлена і не мае патрэбы ў часовых работніках. Нехта не жадае “звязвацца” з непаўналетнімі, у дачыненні якіх дзейнічаюць пэўныя абмежаванні па пра-цоўным часе і відах работ.

Па словах першага сакратара раённага камітэта ГА БРСМ Тамары Пракап’юк, за дапамогай у пошуку часовай работы старшакласнікі звяртаюцца і ў райкам. Аднак, сёлета ім прапанаваць нічога не могуць: прадпрыемствы, дзе раней школьнікам былі рады, адмаўляюць у працоўных месцах па прычыне не зусім камфортнага эканамічнага становішча.

Вось і атрымліваецца, што моладзь працаваць хоча, але не заўсёды мае такую магчымасць. Праўда, найбольш настойлівыя ўсё ж знаходзяць прымяненне сваім сілам і энергіі: адпраўляюцца ў лес за ягадамі, якія потым здаюць нарыхтоўшчыкам ці прадаюць на рынку, бяруцца і за часовую работу. Ідзе жніво, на зернетаках таксама спатрэбіцца дапамога маладых і працавітых. А восенню па традыцыі старшакласнікі выйдуць на палеткі гаспадарак раёна і будуць дапамагаць на ўборцы бульбы, ільну, яблык.

Да канца лета яшчэ ёсць час, і важна, каб усе рабяты да 1 верасня добра адпачылі. Пакуль іх галоўная работа – усё ж вучоба.

Галіна КАНЬКО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *