Шчырыя Кулікі

На свяце вёскі ніхто не сумаваў.

У першыню ў дакументах вёска Кулікі ўзгадваецца з 1905 года, і тады ў ёй жыло 318 чалавек (цяпер – каля 50). Колькі ўсяго было за больш як стагоддзе! Лёсы мясцовых жыхароў цесна перапляліся з гісторыяй раёна, вобласці, краіны. У баявых дзеяннях Першай сусветнай вайны ўдзельнічаў і куліковец Павел Говар, быў паранены, вярнуўся дамоў інвалідам. Не абышла бокам вёску і вяскоўцаў Вялікая Айчынная вайна. 34 землякі загінулі на франтах, у партызанах. Семярым з тых, хто пайшоў на фронт, пашчасціла выжыць.

9 жыхароў Кулікоў былі вязнямі фашысцкіх канцлагераў, у жывых цяпер толькі Ніна Шляйко.  Ніна Міхайлаўна была адным з шаноўных гасцей на свяце вёскі Кулікі, якое арганізавалі для тутэйшых людзей і шматлікіх гасцей работнікі Востраўскага сельскага Дома культуры. У населеным пункце няма ўстановы культуры, таму сабраліся аднавяскоўцы на вуліцы.

З цікавасцю слухалі свайго земляка Пятра Лазарчука. Ён сабраў багаты матэрыял пра гісторыю Кулікоў, працавітых, добрых і шчырых мясцовых людзей. Кулікоўцы цёпла віталі самую сталую жыхарку вёскі 94-гадовую Вольгу Лазарчук, сярэбраных юбіляраў – сямейную пару Ніны і Мікалая Шклянікаў, а таксама Ірыну і Мікалая Хітрыкаў, якія разам пражылі 20 гадоў. Але больш за іншых апладысментаў дасталося Марыі і Мікалаю Хітрыкам, чый сямейны карабель плыве па жыцці 55 гадоў.

Жыве ў Куліках і маці Героя Расіі – Кацярына Дзямідава. Для яе і ўсіх матуль вёскі гучалі песні. Шмат цёплых слоў сказана ў адрас юбіляраў. З 85-годдзем віншавалі Канстанціна Хітрыка, 80-годдзем – Антаніну Валчок, 65-годдзем – Кацярыну Дзямідаву, Васілія Дзямідава, Мікалая Хітрыка, які прыехаў на свята з Мінска, 45-годдзем – Ніну Шкляр.

Дэпутат Востраўскага сельскага Савета Ірына Жылінская ўручыла падарункі ад сельвыканкама лепшым гас-падарам, чые падворкі прызнаны самымі добраўпарадкаванымі і ўтульнымі.  Цудоўны настрой на свяце стваралі самадзейныя артысты з Вострава.

Валянціна ГОЎША,

дырэктар  Востраўскага СДК.

Фота Вольгі САВАНЧУК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *