Без «Залатога кальца», але з турпатэнцыялам

Пытанне распрацоўкі з іх далейшым рэкламным суправаджэннем турыстычных маршрутаў Ляхавіцкага раёна на слыху даўно. Яго вырашэнне трымае на кантролі раённая ўлада. Хвалюе тэма турыстычнай прывабнасці нашай малой радзімы і раёнку, якая неаднойчы выступала з прапановай стварэння “Залатога кальца Ляхавіччыны”.

На апаратнай нарадзе напрыканцы мая кіраўнік раёна Вячаслаў Сельмановіч запатрабаваў ад начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Святланы Якубоўскай пракантраляваць выпуск брашуры “Турыстычны патэнцыял Ляхавіцкага раёна” і буклета “Аграсядзібы Ляхавіцкага раёна” да 3 ліпеня 2015 года.

“ЛВ” пацікавіўся, ці выканана распараджэнне. Галоўны спецыяліст аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Уладзімір Погас паведаміў, што доўгачаканыя даведнік “Ляхавіцкі раён” (аб’ёмам 40 старонак) і буклет “Спорт, турызм, адпачынак. Ляхавіцкі раён” хутка ўбачаць свет. Абодва выданні маюць тыраж па 1000 экзэмпляраў. Кожнае суправаджаецца фотаздымкамі, якія рабіў прафесійны фатограф з выдавецтва “Беларуская энцыклапедыя” імя Пятруся Броўкі. Распрацоўкай маршрутаў займаліся непасрэдна Уладзімір Погас і цэнтр турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі.

Чым жа парадуюць патэнцыяльнага турыста вышэйзгаданыя выданні?

У даведніку – 7 маршрутаў, па кожным з якіх могуць праводзіцца аглядавыя экскурсіі, у тым ліку і па культавых аб’ектах. Напрыклад, “Па святынях Ляхавіччыны” прадугледжвае наведванне цэркваў і касцёлаў у Падлессі, Сваятычах, Дараве, а “Культавае дойлідства” – у Ляхавічах, Мядзведзічах, Крывошыне, Ліпску, Востраве. Напэўна, многіх зацікавіць (пры вартым рэкламным суправаджэнні) маршрут “Свяціца – Залужжа – Ліпск – Заліпенне – Крывошын – Альхоўцы – Ляхавічы”. Ён вызначаецца двума накірункамі: патрыятычным і краязнаўчым. Прапануецца наведванне багатых на экспазіцыі школьных музеяў у Свяціцкай і Крывошынскай СШ, помнікаў, абеліскаў, загінуўшым у гады Вялікай Айчыннай воінам і мірным жыхарам. Тым больш, што пра кожны помнік сабрана шмат гістарычных звестак, успаміны відавочцаў тых падзей, у тым ліку ветэранаў, маюцца архіўныя матэрыялы.

Нямала да канца так і не даследаваных старонак гісторыі можна будзе перагарнуць на маршруце “Лабузы – Федзюкі – Туркі – Петухоўшчына – Задвор’е”. Нямыя сведкі Першай сусветнай вайны – доты і дзоты на лініі ўмацавання на гэтай тэрыторыі. Прыгажосцю і непаўторнасцю пакарылі мясцовыя краявіды больш за сотню гадоў назад і нямецкіх афіцэраў, якія фатаграфавалі пейзажы прама з бліндажоў. У лесе магілы рускіх салдат часоў Першай сусветнай, непадалёк – іх ворагаў. Ёсць тут пахаванні і часоў Вялікай Айчыннай. Тут можна віртуальна перамясціцца ў ліпень 1944 года, калі і па тэрыторыі нашага раёна ішла вызваленчая аперацыя “Баграціён”. З пакалення ў пакаленне мясцовыя жыхары перадаюць расказы пра тое, як да апошняга патрона мужна адстрэльваліся ад фашыстаў байцы разведгрупы Чырвонай Арміі – загінулі ўсе. Ёсць яшчэ адна адметнасць на ўскрайку Лабузоў – рэшткі былой сядзібы Ражанскіх (пабудова канца ХІХ стагоддзя).

На гэтым маршруце ёсць важны кіне-матаграфічна-культурны прыпынак – вёска Федзюкі, месца, дзе нарадзіўся, правёў дзяцінства, куды прыязджаў і потым наш знакаміты зямляк – сусветна вядомы рэжысёр Міхаіл Пташук.

Амаль што паралельна пралягае аналагічны водны маршрут. Яшчэ летась была першая спроба ад Лабузоў па Шчары праплыць на байдарках да Выганашчанскага возера. Гатовы прыняць турыстаў гаспадары тутэйшай аграсядзібы “Андрэеўка”. І не толькі размясціць у камфортных умовах, а забяспечыць усім неабходным для адпачынку. Яны запланавалі таксама рэканструяваць бліндаж часоў Першай сусветнай вайны.

Паклапаціліся распрацоўшчыкі і пра прыхільнікаў экскурсіі аднаго дня, якія атрымалі назву “загараднія” і ўключылі ў сябе прагулкі па палацава-паркавых ансамблях у Грушаўцы, Савейках, Флер’янове.

Не ўпушчаны і прыродазнаўчы накірунак, у першую чаргу, – парк “Рэпіхава”. Па распараджэнні старшыні райвыканкама да 1 верасня 2015 года павінны быць адноўлены экалагічныя сцежкі да Нетчынскага возера. Патрабуецца зусім нямнога: Крывошынскай СШ падрыхтаваць экскурсавода, а лясгасу аднавіць ля гістарычных мясцін шыльды з назвамі, стварыць неабходныя ўмовы для турыстаў і экскурсантаў у паляўнічым доміку, адрамантаваць альтанку на маршруце.

Не засталіся без увагі і аматары паходаў, для іх маршруты “Ляхавічы-Мыслабаж”, “Ляхавічы-Грушаўка”, “Русінавічы – Ганчары – Мазуркі” і інш.  Што датычыцца лёсу прапанаванага “ЛВ” “Залатога кальца Ляхавіччыны”, то, на думку Уладзіміра Погаса, ідэю пакуль нерэальна ўвасобіць у жыццё. Прычына, па яго словах, наступная: нельга за адзін раз аб’ехаць усе славутасці адразу… Аднак, навошта адразу, можна размеркаваць на некалькі дзён. Тым больш, спыніцца ёсць дзе – двухзоркавая гасцініца “Эдэльвейс” у горадзе, а таксама аграсядзібы.

З маршрутамі зразумела, бра-шурамі таксама. Наколькі яны будуць запатрабаваны і паўплываюць на турыстычную прывабнасць раёна, пакажа час. Але ёсць пытанне, якое можа стаць праблемным: у аддзеле адукацыі, спорту і турызму адсутнічае пасада экскурсавода, які валодаў бы дакладнай і глыбокай інфармацыяй па ўсіх маршрутах. Ці не стане гэта тормазам у аказанні турыстычных паслуг? Па словах Уладзіміра Погаса, калі будуць паступаць папярэднія заяўкі, то ролю экскурсавода на сябе можа ўзяць ён і, у пэўнай ступені, супрацоўнікі турбазы.

І яшчэ: на той жа майскай апаратнай нарадзе неаднойчы ўзгадвалася неабходнасць стварэння адзінага турыстычнага інфармацыйнага цэнтра з уласным сайтам. Пытанне пакуль павісла ў паветры.

Галіна КАНЬКО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *