Канкрэтныя даручэнні на зададзеную тэму

Праблемы трэба вырашаць, а не замоўчваць – такую задачу паставіў старшыня райвыканкама Вячаслаў Сельмановіч перад усімі службамі на апаратнай нарадзе ў мінулы панядзелак.
У прыватнасці, нягледзячы на ранейшыя даручэнні, пакуль так і не прыняты меры адносна  вадзіцеляў ці ўласнікаў вялікагрузных транспартных сродкаў, якія паркуюць машыны, у тым ліку, на прызначаных для легкавых аўтамабіляў дваровых стаянках. Спецыяльныя  платныя стаянкі для вялікагрузаў прадугледжаны на тэрыторыі  ДРБУ-200, ПМК-17, райаграсэрвісу. Яшчэ адно пытанне, якое патрабуе неадкладнага вырашэння – мыццё машын у дварах шматкватэрнікаў.  Куды глядзяць міліцыя, прыродаахоўная і санітарная службы? – канкрэтнае пытанне да іх кіраўнікоў ад старшыні райвыканкама.
Чарговай нагодай для  ўзмацнення кантролю спецыялістаў энерганагляду  за спажываннем электраэнергіі стала пазаштатная сітуацыя  ў мінулую нядзелю ў ЖБСК-11 па вуліцы Інтэрнацыянальнай у райцэнтры. З-за замыкання электраправодкі, выкліканага  перагрузкай электрасетак, 4 кватэры  былі поўнасцю абясточаны.  Электрык, з якім кіраўніцтва кааператыва заключыла дагавор на абслугоўванне, на месца надзвычайнай сітуацыі не з’явіўся. Давялося выклікаць электраманцёраў камунгаса (хаця на балансе арганізацыі дом не знаходзіцца).
Доўгі час у аварыйным, небяспечным для пасажыраў стане, быў аўтобусны прыпынак у вёсцы Заліпенне. Нарэшце сіламі дарожнікаў гэта пабудова знесена. А што замест яе?  Кіраўнік раёна  зноў нагадаў старшыні Крывошынскага сельвыканкама і начальніку ДРБУ-200: праблему трэба  вырашыць. Таксама дадзена даручэне ДРБУ-200 і ДЭУ-24 наводзіць парадак не толькі на аўтобусных прыпынках, вакол іх, але і паабапал дарог. Патрабуецца спіліць аварыйныя  дрэвы  на ўчастку  аўтадарогі Ляхавічы-Баранавічы, якую абслугоўвае ДЭУ-24.
Вячаслаў Сельмановіч падвёў вынікі работы ўсіх сельвыканкамаў па навядзенні парадку на падведамасных тэрыторыях.
Кіраўнік раёна запатрабаваў  ад райінспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, землеўпарадкавальнай службы, раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі больш цеснага ўзаемадзеяння з сельвыканкамамі: не толькі выяўляць недапрацоўкі, але і папярэджваць негатыўныя з’явы. Не будзе лішнім удзел спецыялістаў гэтых службаў у сельскіх сходах,  асабісты прыём  грамадзян.
– Зроблена нямала. Але праведзеных мерапрыемстваў недастаткова. Неабходна, у     першую чаргу, наладзіць дыялог  з насельніцтвам, не баяцца ісці да людзей, каб выяўляць праблемныя пытанні і разам іх вырашаць, – зазначыў старшыня райвыканкама.
Галіна КАНЬКО.

One thought on “Канкрэтныя даручэнні на зададзеную тэму

  • 09/12/2015 в 23:15
    Permalink

    Интересно, если в городе нет автомойки, где ещё можно помыть личный транспорт?

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *