Браты. З васьмі братоў Лешыкаў шасцёра працуюць механізатарамі ў Ляхавіцкім райаграсэрвісе

На фоне шэра-сумных  перадзімовых колераў наваколля размаляваныя хаты вяскоўцаў выглядаюць ярка і прыветна, асабліва побач з тымі, дзе ўжо даўно няма гаспадароў. А яшчэ нядаўна, здаецца, вёска Волька была густанаселенай, разбудоўвалася ва ўсе бакі. Вельмі прыгожыя і раздольныя тут мясціны.

Некалі, пасля вайны менавіта тут вырашылі пабудаваць свой дом Канстанцін і Дар’я Лешыкі. Абаім вельмі хацелася мець дах над галавой – надзейны, каб і для сябе, і для дзяцей.  Канстанцін у вайну быў падлеткам. Фашысты вывезлі яго на Нямеччыну, дзе давялося цяжка працаваць. Як жа ён сумаваў…Вярнуўся дамоў сталым хлопцам, якім і ўбачыла яго Дар’я.

У    Канстанціна былі залатыя рукі, здавалася не існавала такой справы, якую ён не змог зрабіць. Яго з задавальненнем узялі ў брыгаду мясцовай гаспадаркі, якая будавала жывёлагадоўчыя фермы, склады, жыллё ў Ганчарах, Альхоўцах, Малым Гарадзішчы. І для сваёй сям’і гаспадар узвёў адмысловы дом, у якім неўзабаве зазвінелі дзіцячыя галасы: адзін за другім, праз 2-3 гадочкі, нарадзіліся сыночкі – Саша, Валодзя, Міша, Толя, Вася, Гена, Лёня, Коля! Даў Бог і дачушку Людмілу, якую ўсе песцілі і аберагалі.

На старэйшага Аляксандра лягло найбольш клопатаў: дапамагчы па гаспадарцы, прыглядзець за малодшымі, першым ён узяў у рукі касу і першым пайшоў за плугам.

Сёння Аляксандр успамінае той час з цеплынёй і настальгіяй: у хаце бацькі – жывыя і здаровыя, браты – у кожнага свае інтарэсы, а на стале свежавыпечаны духмяны і такі смачны хлеб. Кожная раніца пачыналася аднолькава: поўная хата вучняў, і ўсе спяшаюцца, каб не спазніцца на ўрокі, снедаюць за вялікім сталом – такое гаманлівае “застолле”. Матуля ледзь паспявала даставаць з печы бліны…

Бацька, нягледзячы на падарванае ў фашысцкім рабстве здароўе, працягваў працаваць на будоўлі, а маці ўправіцца з дамашняй гаспадаркай – і на палявыя работы ў калгас. Зараблялі не многа, але хапала на хлеб, ды яшчэ сёе-тое прыкупіць з вопраткі.

Гады вучобы ў Малагарадзішчанскай сярэдняй школе праляцелі хутка. Закончыў дзесяцігодку Аляксандр і пачаў слясарыць у мясцовай гаспадарцы. Пасля была служба ў арміі, вучоба ў Навамышскім СПТВ, дзе атрымаў прафесію механізатара. Старэйшы брат нібы праклаў малодшым шлях. Уладзімір разам з атэстатам сталасці атрымаў правы трактарыста і яшчэ да арміі пайшоў працаваць у эксперыментальную базу “Малагарадзішчанская”. Анатолій таксама сеў за руль аўтамабіля, а калі прыходзіла пара ўборкі ўраджаю, выводзіў камбайн на хлебную ніву, часта быў лідарам у спаборніцтве сярод мясцовых камбайнераў. Цяпер ён вопытны трактарыст. А там і Васілій папоўніў атрад механізатараў. Змалку любіць і ведае тэхніку, працуе з душой.

Намеснік дырэктара райаграсэрвіса Уладзімір Юруць пра дынастыю Лешыкаў гаворыць ахвотна:

– Калі б у нашу гаспадарку яшчэ 3-4 такія механізатары, як браты Лешыкі, то кадравая праблема закрылася б. Гэта людзі вельмі адказныя, працавітыя, свядомыя і сапраўдныя прафесіяналы. Ці ў полі, ці ў майстэрні за работай Лешыкі – стопрацэнтная гарантыя, што заданне будзе выканана паспяхова. Таму і даручаецца ім найбольш адказная работа: на сяўбе, доглядзе пасеваў, ва ўборачнай кампаніі.

Усё, што звязана з механізацыяй, у братоў выклікае цікавасць. Мікалай, напрыклад, працуе млынаром, але валодае прафесіяй токара-фрэзероўшчыка, незаменны, асабліва ў час рамонту тэхнікі: любую дэталь ён вытачыць. Таксама заўзята ў свой час працаваў на камбайне. І першы ўборачны сезон запомніў назаўсёды. Праз 3 дні пасля выпускнога балю ў школе, пайшоў у мясцовую гаспадарку і папрасіўся на камбайн. Першую зарплату хутчэй панёс маці…

Не абысціся, асабліва ў час жніва, і без Леаніда, які шмат гадоў працуе машыністам КЗС, а пасля сезона – рабочым на зерняскладзе.

Яшчэ два браты Лешыкі “адбіліся ад чарады”: Міхаіл падаўся ў райцэнтр – слясарыць у камунгасе, а інжынера Генадзія лёс закінуў аж у Расію, у горад Севераморск. Але варта паклікаць камусьці з братоў – і яны будуць усе побач. На жаль, пайшла з жыцця адзіная і горача любімая сястра.

Час бяжыць вельмі хутка. Браты Лешыкі маюць свае сем’і, дзяцей, а старэйшыя і ўнукаў, добраўпарадкаваныя сядзібы, якія, дарэчы, пабудаваны сельгаспрадпрыемствам. У Малым Гарадзішчы пасяліліся чатыры браты – жывуць па-суседску вялікай, дружнай сям’ёй. І жонкі сябруюць, дапамагаюць адна адной ва ўсіх справах, раяцца, дзеляцца апошнім. Каб не Леанід, які пакуль халасцякуе, застаўся б пуставаць бацькоўскі дом у Вольцы. Уладзімір таксама жыве ў гэтай вёсцы, у яго свая сядзіба – па-гаспадарску дагледжаная, пабудаваная насупраць дома, дзе ён нарадзіўся.  Штогод прыязджае ў родную хату Генадзій з сям’ёй, лічыць малую радзіму самым прыцягальным месцам на свеце.

– Дзе б не жылі, якія б добраўпарадкаваныя катэджы не мелі, бацькоўскі дом для нас усіх тая адзіная прыстань, куды найбольш імкнецца душа, – гаворыць старэйшы Аляксандр. – Шчасце, што гэтае дарагое для нас месца побач і кожны ў любы час можа сюды завітаць, каб падсілкавацца жыццёвай энергіяй…

Братоў Лешыкаў у вёсцы паважаюць. Яны заўсёды гатовы прыйсці на дапамогу іншым. Часам вяскоўцы па-добраму зайздросцяць: усе справы найперш зроблены ў Лешыкаў, бо яны дружна дапамагаюць адзін аднаму. Калі на рыбалку, то з ахвотай ідуць Аляксандр, Анатолій і Васілій, якім па душы гэты від адпачынку. А вось на юшку, бывае, збярэцца вялікая дружная сям’я. Як напэўна і на гэты раз. Дзень знаёмства з братамі Лешыкамі якраз супаў з днём нараджэння аднаго з іх – Анатолію споўнілася 52 гады. Кожны з механізатараў імкнуўся павіншаваць сябра, а гарачыя поціскі рук і шчырыя пажаданні пяці братоў былі наймацнейшымі.

Дарэчы, калі выпадае сабрацца разам, то агульная тэма для размовы знаходзіцца і з сынамі і пляменнікамі: тэхніка, механізацыя. А ўсё таму, што і дзеці некаторых братоў таксама пайшлі па сцежцы, некалі пратаптанай дзядзькам Аляксандрам. Ва Уладзіміра абодва сыны сталі механізатарамі, праўда, працуюць у Мінску.

У каго ні спытай у Малым Гарадзішчы, гавораць пра Лешыкаў: шчаслівыя. І хоць у кожнага сваё разуменне гэтага паняцця, у даным выпадку не паспрачаешся.

Аліна ЛАПІЧ.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

One thought on “Браты. З васьмі братоў Лешыкаў шасцёра працуюць механізатарамі ў Ляхавіцкім райаграсэрвісе

  • 09/12/2015 в 23:11
    Permalink

    Друг за дружкой — брат за брата. Вот это семья, вот это династия! В районе , наверное, немало семейных династий. Пусть откликнуться!

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *