«Размарозіліся». Рэканструкцыя фермаў у Ляхавіцкім раёне

Узвядзенне новай малочнатаварнай фермы ў СВК «Жарабковічы» распачалі дзесяцігоддзе назад. Месца выбралі паміж Жарабковічамі і Гулічамі, у клопаце пра людзей, якія тут будуць працаваць. Будаўнікі зрабілі зусім трохі, і на гэтым справа заглохла. Летась у канцы ліпеня сельгаскааператыў аднавіў работы, працягвае іх – па новым сучасным праекце малочнага комплексу. Доўгабуд ператварыўся ў будаўнічую пляцоўку № 1, куды сёння накіроўваюцца асноўныя фінансавыя сродкі сельгаскааператыва. У студзені было здадзена ў эксплуатацыю памяшканне кароўніка, у якім размясцілі 300 кароў, што дояцца пры дапамозе перасоўнай сістэмы УДС.
Работа на будоўлі кіпіць: штодзень на аб’екце задзейнічана брыгада сельгаскааператыва, наёмныя працаўнікі, магутная тэхніка. Засталося выканаць апошнія работы да засялення яшчэ двух кароўнікаў, кожны з якіх разлічаны на 190 рагуляў. Завяршаецца падрыхтоўка да эксплуатацыі даільнай залы.
Узвядзеннем комплексу кіруе інжынер-будаўнік гаспадаркі Людміла Мікуліч, якая паведаміла, што з пачатку актыўнай работы на аб’екце СВК “Жарабковічы” затраціў 18 мільярдаў 626 мільёнаў рублёў уласных сродкаў. Малочны комплекс разлічаны на 720 жывёлін, поўнасцю пачне дзейнічаць у наступным годзе, але для гэтага спатрэбіцца (улічваючы добраўпарадкаванне тэрыторыі) яшчэ 30 мільярдаў рублёў.
– Выдатны сучасны праект комплексу, – дзеліцца ўражаннямі Людміла Мікуліч. – Мы збіраемся завяршыць будоўлю як мага хутчэй.
Дарэчы, тэмпы работ – гэта важная акалічнасць, але не адзіная, пра якую клапоціцца Людміла Аляксандраўна. Працаваць з душой, якасна, прафесійна – яе крэда. Інжынера-будаўніка можна бачыць на рыштаваннях, яна па вузенькай лесвіцы ўпэўнена ўзнімаецца на дах: дзе працуюць яе падначаленыя, там і яна. Слушныя парады, заўвагі, важкае слова прафесіянала – на карысць нават самым вопытным будаўнікам. Найперш за гэта яе паважаюць і цэняць калегі, пашанцавала ў гэтым плане і гаспадарцы.
А прыехала сюды Людміла Мікуліч пасля заканчэння Брэсцкага інжынерна-будаўнічага інстытута, і вось ужо 30 гадоў разам з мясцовай брыгадай фарміруе інфраструктуру сельгаскааператыва.
Сёння на парадку дня жарабковіцкіх будаўнікоў – завяршэнне малочнага комплексу. Але і жыллёвыя праблемы членаў сельгаскааператыва вырашаюць  яны: рэканструююць купленыя ў вяскоўцаў дамы, якія атрымліваюцца не горшымі за новыя катэджы.
…З комплексу, дзе будаўніцтва ў поўным разгары, штодзень на малаказавод адпраўляецца прадукцыя. Напрыклад, за лістапад ад 220 кароў надаілі 130 тон малака – экстра і вышэйшага гатунку. А гэта “жывыя” грошы, якія гаспадарка можа ўкладваць, у тым ліку, і ў далейшае будаўніцтва комплексу.
Аліна ЛАПІЧ.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *