«Мама, тата, мы ў вас ёсць!..» Усім дзецям патрэбны бацькоўскі клопат, але не ўсе яго атрымліваюць і адчуваюць

Ёсць бацькі, якія ў прамым сэнсе адбіраюць дзяцінства ў сваіх сыноў і дачок. На жаль, для некаторых рабят цеплыня і клопат, любоў і звычайнае пачуццё абароненасці – вялікая рэдкасць. П’янства бацькоў, грэбаванне абавязкамі па выхаванні дзяцей прыводзяць да таго, што хлопчыкі і дзяўчынкі аказваюцца па-за межамі роднай сям’і. У выпадках сямейнай неўладкаванасці пачынае дзейнічаць Дэкрэт Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь  № 18 “Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей у неўладкаваных сем’ях”.

Выкананне палажэнняў дэкрэта ў раёне на пастаянным кантролі мясцовай улады – аналізуецца на пасяджэннях райвыканкама, каардынацыйнага савета, раённай камісіі па справах непаўналетніх і г.д. Выпрацавана сістэма ўзаемадзеяння ўсіх зацікаўленых службаў, што нясуць адказнасць за яго выкананне.

У аддзеле адукацыі, спорту і турызму райвыканкама на ўліку 90 абавязаных асоб, якія павінны кампенсаваць дзяржаве расходы на ўтрыманне 127 дзяцей, што жывуць і выхоўваюцца ў дзяржаўных установах. У параўнанні з кастрычнікам працэнт кампенсацыі ў лістападзе павялічыўся і сёння крыху перавышае палову ад неабходнага. Намеснік старшыні райвыканкама Дзіяна Трысцень адзначае, што на ўзровень кампенсацыі аказвае ўплыў некалькі фактараў. Напрыклад, зменшылася сума налічэння пасля таго, як 6 непаўналетніх выбылі ў навучальныя ўстановы. Тым не менш праблем хапае. Каб павялічыць працэнт кампенсацыі, за абавязанымі бацькамі наладжаны пастаянны кантроль, вядзецца работа і з арганізацыямі, якія не пералічваюць адпаведныя выплаты, дапамагае ў вырашэнні гэтага пытання пракуратура. Дзіяна Трысцень расказала, што з 90 абавязаных асоб трэцяя частка не працуе: хтосьці знаходзіцца на лячэнні ў ЛПП, некаторыя ў выпраўленчай калоніі, у вышуку і г.д. З тых, хто працуе, толькі 21 чалавек пражывае на тэрыторыі раёна, 34 – за яго межамі, 5 – наогул не ў Беларусі. Сума, якую абавязаныя бацькі павінны кампенсаваць дзяржаве, за лістапад перавысіла 132 мільёны рублёў.

У раёне па стане на пачатак снежня ў сацыяльна небяспечным становішчы знаходзяцца 90 дзяцей з 49 сем’яў. Сёлета з 4-х сем’яў адабрана 6 хлопчыкаў і дзяўчынак, якім патрабуецца дзяржаўная дапамога, трое вярнуліся ў біялагічныя сем’і, у тым ліку двое з адабраных раней. З пачатку года чацвёра бацькоў пазбаўлены бацькоўскіх правоў у адносінах 6 дзяцей. І, на жаль, толькі адзін бацька адноўлены ў правах у адносінах 2 дзяцей. Прычыны, па якіх рабятам патрабуецца дзяржаўная абарона, не новыя. Гэта п’янства дарослых, унутрысямейныя канфлікты.

Галоўны спецыяліст аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Святлана Галееўская занепакоена такой сітуацыяй. Прыгадвае, што раней у школах быў прадмет “Этыка і псіхалогія сямейных адносін”, на якім дзяўчат навучалі азам гаспадыні і маці. Зараз, калі ў моладзі многае вымяраецца матэрыяльнымі каштоўнасцямі, пэўна, падобны курс быў бы вельмі дарэчы.

За 11 месяцаў на рахунку 21 працуючай у нашым раёне абавязанай асобы – 206 прагулаў. У кожнай арганізацыі і прадпрыемства да такіх кадраў выпрацаваны індывідуальны падыход. У СВК “Шлях новы” сёння 11 падкантрольных. Намеснік старшыні сельгаспрадпрыемства па ідэалагічнай рабоце Тамара Марцінкевіч падкрэслівае:

– За кожным абавязаным у гаспадарцы замацаваны адказны, які кантралюе выхад падапечнага на работу. Таму, калі і здараюцца прагулы, усе адразу пагашаюцца.

– Да злосных прагульшчыкаў у адпаведнасці з заканадаўствам аддзел прымусовага выканання Ляхавіцкага раёна прымяняе адміністрацыйны арышт, – расказвае начальнік службы Наталля Жураўская. – Арыштаваныя абавязаныя асобы прыцягваюцца да працы. Заключаны дагавор з камунгасам, па якім нашы несвядомыя землякі працуюць на добраўпарадкаванні райцэнтра. Заробленае накіроўваецца ў даход дзяржавы для спагнання даўгоў. Ёсць і такія грамадзяне, што на працягу года неаднойчы прыцягваюцца да падобных работ.

На ўліку ў раённым аддзеле прымусовага выканання знаходзіцца 77 абавязаных асоб, да якіх, акрамя іншых мер, прымяняецца і абмежаванне ў праве выезду за межы Беларусі.

Зразумела, рэалізацыя патрабаванняў дэкрэта патрабуе карпатлівай работы ўсіх адказных асоб. Але без асабістай зацікаўленасці такіх бацькоў намаганні аказваюцца менш выніковымі. Пакутуюць, у першую чаргу, дзеці, якія, абдзеленыя сямейнай пяшчотай і любоўю. На жаль, часта яны паўтараюць шлях сваіх родных.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

One thought on “«Мама, тата, мы ў вас ёсць!..» Усім дзецям патрэбны бацькоўскі клопат, але не ўсе яго атрымліваюць і адчуваюць

  • 09/12/2015 в 20:23
    Permalink

    Государство изымая из неблагополучных семей детей — в прямом смысле спасают их. Но у некоторых родителей развязваются руки. Они продолжают пить и , даже, дальше рожать детей. Советовал бы к таким горе-мамашам применять более жёсткие меры

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *