У бяспекі свае пераможцы

Ахова працы — адзін з важных складальнікаў паспяховай работы арганізацыі і прадпрыемства любой формы ўласнасці. На большасці прадпрыемстваў Ляхавіччыны асаблівая ўвага надаецца стварэнню ўмоў для бяспечнай і высокапрадукцыйнай работы калектыву. Пастаянна праводзяцца дні аховы працы, гэтыя пытанні разглядаюцца на апаратных пасяджэннях, сходах актыву, кантралююцца прафкамамі, грамадскімі інспектарамі.
Штогод праводзіцца раённы-агляд конкурс на «Лепшую арганізацыю работы па ахове працы». Па выніках 2010 года пераможцай сярод арганізацый невытворчай сферы стала УАЗ «Ляхавіцкая цэнтральная раённая бальніца» (галоўны ўрач Уладзімір Усцюшкоў). Сярод арганізацый малога бізнесу лепш за іншых ахова працы наладжана ў ТАА «Ляхавічыдрэў» (дырэктар Аляксей Бацанаў).
Вызначаны і пераможцы сярод арганізацый вытворчай сферы. Сярод прадпрыемстваў з колькасцю працуючых да 100 чалавек першае месца ў УП «Ляхавіцкае ПМС» (дырэктар Валерый Богнат), з колькасцю працуючых да 500 чалавек дыплом пераможцы ўручаны СААТ «Ляхавіцкі малочны завод» (дырэктар Вячаслаў Жукоўскі). Пераможцы атрымалі дыпломы і грашовыя прэміі.
Сярод арганізацый вытворчай сферы дзейнасці з колькасцю працуючых звыш 500 чалавек пераможца не вызначаны з-за невыканання імі ўмоў агляду-конкурсу, запісана ў рашэнні райвыканкама.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *