На шляху да Рыа-дэ-Жанэйра-2016

Як жа хутка бяжыць час. Здаецца нядаўна ўсе мы балелі за сочынскія старты беларусаў. Непераўзыдзеная Дар’я Домрачава, Антон Кушнір, Ала Цупер, Надзея Скардзіна – іх спартыўны подзвіг ужо стаў гісторыяй. А на працяг яго – каардынаты ХХХІ летніх Алімпійскіх гульняў у Рыа-дэ-Жанэйра.

Прадстаўніцтва Нацыянальнага алімпійскага камітэта Беларусі ў Брэсцкай вобласці сумесна з галоўным упраўленнем ідэалагічнай работы аблвыканкама і ўпраўленнем фізічнай культуры, спорту і турызму распрацавалі план мерапрыемстваў па інфармацыйным забеспячэнні, рэкламе і асвятленні хода падрыхтоўкі і ўдзелу беларускіх спартсменаў у галоўных летніх стартах сусветнага маштабу. Сярод кандыдатаў на ўдзел у ХХХІ Алімпійскіх гульнях у Рыа, – лёгкаатлеты, велагоншчыкі, весляры, баксёры. Ва ўсякім выпадку ўраджэнка Бярозы Алена Амялюсік, якая займаецца веласпортам, на чэмпіянаце свету-2015 была першай (у камандзе) і мае ліцэнзію на ўдзел у Алімпійскіх гульнях. Таксама як і брастчанін Вадзім Лялін па акадэмічным веславанні, Алег Юрэня – веславанні на байдарках і каноэ, пінчанін Юрый Шчэрбацэвіч – кулявой стральбе. Гэты спіс прэтэндэнтаў, у тым ліку і з нашай вобласці, на ўдзел у Гульнях у Рыа-дэ-Жанэйра, канешне, пакуль не поўны. Будзем сачыць, будзем балець, будзем жадаць поспеху і чакаць станоўчых эмоцый ад выступленняў землякоў, а ў ідэале – алімпійскіх медалёў.
Вольга СВЯТЛОВА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *