Фларыянаўскія сезоны Элізы Ажэшкі

Пра летнія канікулы, праведзеныя пісьменніцай Элізай Ажэшкай у Фларыянаве, напісана даволі шмат. Аднак, гэты матэрыял, думаецца, усё ж зацікавіць нашых чытачоў. Гэта ўспаміны пра фларыянаўскія сезоны Марты Асвенцімскай, якая ў 1908 годзе жыла ў знакамітай сядзібе і была відавочцам тых па-дзей. Успаміны запісваліся для перадачы на варшаўскім радыё яшчэ ў канцы шасцідзясятых гадоў мінулага стагоддзя і нядаўна былі перададзены аўтару знаёмымі сям’і Бохвіцаў, былых уладальнікаў Фларыянава, для публікацыі ў Беларусі. Зараз у чытачоў «ЛВ» ёсць магчымасць пазнаёміцца з поўнай версіяй гэтага ўнікальнага расповяду.
Фларыянава (назва паходзіць ад імя філосафа Фларыяна Бохвіца) у 1908 годзе было ўласнасцю Тадэвуша Бохвіца, унука мысліцеля. Гэта быў невялікі маёнтак у Мінскай губерні, пабудаваны на фоне шэрага раўніннага пейзажу. Заснавальнікам маёнтка быў
Ян Оттан Бохвіц, бацька Тадэвуша. Ён стаў уладальнікам Фларыянава ў даволі няпросты час, але, дзякуючы працавітасці і настойлівасці, стварыў сядзібу, якая стала ўпрыгожваннем краю і забяспечыла дастатак наступным пакаленням Бохвіцаў. Разумеючы, што даходу ад сельскагаспадарчых угоддзяў не хопіць на пакрыццё ўсіх расходаў сям’і, Ян Оттан пасадзіў на ўчастку ў 30 дзясяцін сад, дзе раслі самыя разнастайныя фруктовыя дрэвы. Купляць фрукты ў Фларыянава прыязджалі нават купцы з Масквы і Пецярбурга. Акрамя таго, Ян Оттан Бохвіц, вядомы спецыяліст у галіне раслінаводства, пасадзіў у сядзібе цудоўны парк. Там былі грабавая, лістоўнічная, яловая алеі, ядлаўцовы лясок. Сярод дрэваў і кустоў цягнуліся сцяжынкі, у парку былі мудрагеліста ўсталяваны патаемныя куточкі, а каля ўязной брамы насыпаны высокі ўзгорак, на які можна было падняцца і паглядзець на палі, захад сонца, паслухаць брэх сабак і скрып калодзежнага жураўля, што даносіліся з суседняй вёскі.
Дом быў аддзелены ад саду цяністай арэхавай алеяй, якая вяла да рэчкі Ведзьма, і стаяў у паркавай частцы сядзібы, дзе перад верандай знаходзілася пляцоўка для гульні ў кракет. Вакол пляцоўкі раслі дрэвы і былі разбіты клумбы. Непадалёку размяшчаўся газон, дзе на чырвоным фоне быў высаджаны белымі кветкамі арол — гонар уладальнікаў маёнтка. На мяжы з суседняй сядзібай Каранеўшчына цякла хуткаплынная Ведзьма. Там знаходзілася месца для купання.
Усюды адчуваўся парадак, эстэтыка і клопат пра кожную дробязь. У 1909 годзе паблізу жылога дома была створана невялікая пляцоўка, на якой вядомыя госці ўласнаручна садзілі маладыя дубкі, пакідаючы каля іх зашклёныя таблічкі з аўтографам і датай. На другім баку знаходзіліся тэнісны корт, флігель і гаспадарчыя пабудовы. Пад вокнамі дома з гэтага боку разбіваліся клумбы (кветкі там высаджваліся па густах гасцей). Іменна ў гэтай частцы прысядзібнага дома знаходзіўся пакой, у якім пасялілі пісьменніцу Элізу Ажэшку.
У той час гаспадары сядзіб пачалі ўсталёўваць у сваіх маёнтках летнія пансіянаты. Пры-трымліваючыся моды, прымаць гасцей сталі і ў Фларыянаве. Сюды прыязджалі родныя сям’і Бохвіцаў, добрыя знаёмыя, пажылыя людзі і моладзь з бацькамі. А ў 1908 годзе жаданне правесці лета ў Фларыянаве выказала Эліза Ажэшка. Аднойчы яна сустрэла ў Вільна Тадэвуша Бохвіца, які вельмі спадабаўся пісьменніцы. Тадэвуш, у сваю чаргу, наведаў Ажэшку ў Гродна, дзе і нарадзілася ідэя яе прыезду на летнія канікулы ў фларыянаўскі пансіянат. Ажэшка нейкі час сумнявалася, але ў рэшце рэшт, рашыла прыехаць, запрасіўшы з сабой многіх сяброў і знаёмых.
Бохвіцы вельмі хваляваліся перад гэтым візітам. Гаспадары Фларыянава баяліся стаць сведкамі расчаравання сваіх высокіх гасцей і стараліся забяспечыць ім усе выгоды, добры настрой і сапраўды дамашнюю абстаноўку. Урэшце Бохвіцы атрымалі дэпешу, якая паведамляла дзень і час прыбыцця Ажэшкі і яе сакратара ў Баранавічы.
Стары ветлівы кучар Іван, які з маладосці працаваў у фларыянаўскай канюшні, а зараз вазіў ужо трэцяе пакаленне Бохвіцаў, усё часцей стаў трапляць у непрыемныя сітуацыі нават на роўнай дарозе і скардзіўся на боль у вачах. У сувязі з гэтым яму ўжо не маглі даверыць вялікі экіпаж, запрэжаны чацвёркай коней, які збіраліся выслаць на чыгуначную станцыю ў Баранавічах для сустрэчы Ажэшкі. Дарога з Баранавічаў лічылася складанай, коні з цяжкасцю забіраліся на горку, якая знаходзілася пад вёскай Дарава. На шчасце, для Івана знайшлася замена, а Тадэвуш Бохвіц сеў побач з новым кучарам і паехаў у Баранавічы па-клапаціцца пра гасцей.
Экіпаж прывёз Ажэшку ў Фларыянава ў спякотны чэрвеньскі поўдзень. Зараней было агаворана, што ніхто не будзе сустракаць пісьменніцу ў момант прыезду, паколькі Ажэшка і яе сакратар Соф’я Гашкоўская, стомленыя падарожжам, напэўна пажадаюць адпачнуць і змяніць дарожнае адзенне. Але перад абедам жыльцы дома павінны былі стаяць на сваіх месцах, чакаючы выхаду Ажэшкі і яе кампаньёнкі.
Калі прабілі ў абедзенны гонг, усе з нецярпеннем чакалі знакамітую госцю. Гаспадыня дома (Браніслава Бохвіц, прым. аўтара) хвалявалася, што садоўнік не паспеў закончыць дэкарацыю абедзеннага стала, і папрасіла Марту Асвенцімскую як-небудзь яго ўпрыгожыць. Часу для таго, каб прыдумаць нешта арыгінальнае ўжо не было, але ўсё ж Марце ўдалося скласці з невялікіх кветак двухколерную манаграму пісьменніцы: «Э.О.».
Абапіраючыся на плячо Тадэвуша Бохвіца, Ажэшка ўвайшла ў абедзенную залу, прымаючы з поўным ветлівасці паклонам і ўсмешкай прывітанні чакаўшых яе людзей.
Пісьменніца была апранута так, як і на фотаздымках: у чорнай сукенцы з белым крыжам на шыі. Твар у яе быў стомлены, з выразнымі, амаль не жаночымі рысамі, сівыя валасы хаваў чорны бант. Увесь убор быў абдуманы такім чынам, каб яна здавалася больш высокай.
Людзі звярталі ўвагу на яе дагле-джаныя рукі і вялікія, цёмныя, разумныя і добрыя вочы. Калі яна села за стол, адразу прыкмеціла сваю манаграму, усміхнулася і спытала, хто з’яўляецца яе стваральнікам. Даведаўшыся, што манаграму прыдумала Марта, пісьменніца зрабіла знак, што хоча ёй падзякаваць. Калі Марта падышла, Ажэшка расцалавала яе і пяшчотна пагладзіла па галаве.
На імгненне ўсе прыціхлі. Ажэшка з цікаўнасцю паглядзела на прысутных, зноў усміхнулася і, каб пачаць размову, весела сказала: «Бачу за сталом столькі моладзі, а стаіць такая дзіўная цішыня…». Гэта заўвага ўсіх ажывіла і госці паступова ўцягваліся ў размову. Нехта нават настолькі забыўся, што па старым звычаі запусціў хлебным шарыкам у таварыша, прычым гэты «снарад» праляцеў побач з Ажэшкай. Пасля абеду гэты легкадумны ўчынак выклікаў сапраўдную буру, аднак ніхто так і не прызнаўся ў зробленым. Тым не менш, далей трапеза прайшла спакойна. Абед быў смачным, хоць і даволі сціплым, без мноства страў. Не было звычаю падаваць алкагольныя напіткі. Замест іх быў цудоўны дамашні, шыпучы, як шампанскае, фруктовы і хлебны квас.
Пасля абеду старэйшыя перайшлі на веранду, дзе за кубкам кавы або чаю правялі некалькі гадзін за знаёмствам, размовамі і складаннем планаў на наступныя дні сумеснага знаходжання ў вёсцы…
Дзмітрый МІРАЎ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *