Спартыўны клас паказвае клас. Дзесяцігадовыя футбалісты з Ляхавіч занялі другую прыступку п’едэстала абласнога першынства

Напярэдадні зімы футбол шукае цяпла і ўтульнасці – хаваецца пад дах спартзалаў, крытых арэн і звычайна праходзіць у фармаце міні. Гуляюць прафесіяналы і аматары, дарослыя і зусім юныя, якія маюць шанц стаць прафесіяналамі. Хоць і не ў тым галоўнае: спорт як кампанент здаровага ладу жыцця куды важней.
У тым ліку і з мэтай папулярызацыі здаровага ладу жыцця ўпраўленне спорту і турызму аблвыканкама арганізавала першынства Брэстчыны па міні-футболе сярод хлопчыкаў 2005-2006 гадоў нараджэння.
На першым этапе спаборніцтваў у барацьбу ўключыліся 22 каманды, падзеленыя па тэрытарыяльным прынцыпе на 4 зоны. Каб кваліфікавацца ў наступны раўнд, камандзе неабходна было стаць, мінімум, другой у занальным спаборніцтве. Што ляхавіцкія хлопцы і зрабілі. У аднакругавым турніры супраць равеснікаў з Баранавіч, Ганцавіч, Баранавіцкага раёна і дзвюх івацэвіцкіх дружын нашы юныя землякі саступілі толькі баранавіцкім гараджанам. Адпаведна, на пару з імі і адправіліся ў горад назваў суперфінальную пару. Камандам, якія занялі ў сваіх чацвёрках другое месца, належала разыграць “бронзу” спаборніцтваў.
Права на ўдзел у галоўным матчы абласнога міні-футбольнага першынства ляхавіцкія футбалісты атрымалі ў напружанай і роўнай барацьбе. Тры каманды падгрупы набралі аднолькавую колькасць ачкоў, але за нашых землякоў “згуляла” найлепшая розніца забітых і прапушчаных мячоў. Другім удзельнікам залатога матча сталі брэсцкія футбалісты. А ў выніку перамогі над ляхавічанамі з лікам 5:1 ім жа дастаўся і галоўны прыз. Нашы – другія. “Бронзавы” матч паміж футбалістамі з Баранавіч і Пінска завяршыўся перамогай першых – 3:1.
Імёны сярэбраных прызёраў: Аляксандр Панасюк, Ягор Астроўскі, Яўгеній Зыбайла, Мацвей Ціхан, Дзяніс Чыркоў, Аляксей Цяльпук, Кірыл Мазоль, Ілья Дыдышка, Данііл Курловіч, Мікіта
Курчый, Арсеній Зуйкевіч, Аляксандр Румянцаў і Максім Лойка, якому таксама дастаўся і тытул лепшага бамбардзіра турніру.
Футбольную навуку хлопцы спасцігаюць пад кіраўніцтвам трэнера-выкладчыка ДЮСШ Васілія Бут-Гусаіма. За навукай жа школьнай большасць з іх прыходзіць у пяты – спартыўны – клас СШ № 2.
Іван КАВАЛЕНКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *