Закон захавання энергіі. Яго добра ведаюць, выконваюць і дапамагаюць выконваць жыхарам Ляхавіцкага раёна спецыялісты РЭС

Інжынер РЭС Вікенцій Чайко (першы злева) з брыгадай па эксплуатацыі размеркавальных сетак выехалі на ўхіленне аварыйнай сітуацыі.

Са школы памятаем класічнае: энергія нікуды і ні пры якіх абставінах не знікае. Можа толькі пераўтварацца, пераходзіць з аднаго віду ў іншы. Напрыклад, механічная пры пэўных дзеяннях можа перарадзіцца ў цеплавую або электрычную. Ці наадварот. Але, калі забыцца на навуку і паразважаць з пункту гледжання простага абывацеля, кожны прыгадае, так бы мовіць, факты знікнення ў сваім доме электрычнай энергіі.  Тыднёвай даўнасці правакацыйныя дзеянні мокрага цяжкага снегу, калі часткова або поўнасцю былі абясточаны амаль 4 дзясяткі населеных пунктаў раёна, адчулі многія. Ці не кожны з нас у тыя, у прамым сэнсе, цёмныя часы маліліся на спецыялістаў Ляхавіцкага раёна электрычных сетак. “Раённыя захавальнікі электрычнай энергіі” спрацавалі аператыўна. Паўтара сутак дзеянняў у рэжыме блізкім да “НС” вярнулі раённы электрарубільнік у становішча “ўсё ўключана”.

Адзіным зладжаным і гарманічна настроеным механізмам працавалі і працуюць, фактычна, усе службы, брыгады і групы РЭС. Пры гэтым на фоне ўдзячных галасоў, не-не ды і чуюцца незадаволеныя. Маўляў, доўга ехалі, не хутка рамантавалі і таму падобнае… У якасці законнага контраргумента – словы начальніка Ляхавіцкага РЭС Віктара Станкевіча:
– Па-першае, па дагаворы, пісьмова заключаным паміж арганізацыяй і канкрэтным карыстальнікам нашых паслуг, у выпадку аварыйных сітуацый дапускаецца перапынак ў электразабеспячэнні працягласцю да 24 гадзін. Калі больш – вы маеце законную нагоду як мінімум для дыялогу. Хоць такіх крайніх выпадкаў мы шчыра і з выключнай зацікаўленасцю імкнёмся не дапускаць. Па-другое, існуюць нормы, якія дакладна прапісваюць чарговасць пасляаварыйных падключэнняў. Спачатку – малочнатаварныя фермы, зернесушыльныя комплексы (калі на тое сезон), дзіцячыя сады і школы, установы аховы здароўя, прадпрыемствы і аб’екты жыццязабеспячэння і г.д. Прыватныя домаўладанні гэты спіс замыкаюць. Не памочнік нам ў пытаннях ліквідацыі аварыйных сітуацый і цёмны час сутак. У адпаведнасці з правіламі тэхнікі бяспекі, ноччу дазваляецца толькі лакалізацыя – выяўленне – аварыйнага ўчастка. З тым, каб з першым дзённым святлом, без прамаруджвання, прыступіць да аднаўленчых работ. Ні пры якіх абставінах не марудзіць – адзін з прынцыпаў работы Ляхавіцкага РЭС.
Гаспадарка арганізацыі “цягнецца” сотні кламетраў. Сілавымі лініямі ахоплівае тэрыторыю раёна ўздоўж і ўпоперак, на рознай вышыні і ў розных накірунках. Асабліва відавочнымі адным і з асноўных вытворчых актываў арганізацыі з’яўляюцца паветраныя лініі электраперадачы. Калі іх выпрастаць у адну шарэнгу, атрымаецца строй працягласцю каля 1200 кіламетраў. Сілавых кабельных ліній на балансе арганізацыі разоў у шэсць менш, але хіба проста трымаць іх у спраўнасці? У зоне адказнасці ляхавіцкіх захавальнікаў электрычнай энергіі – дзясяткі трансфарматарных падстанцый, “свая” міні-ГЭС. Бясспрэчным галоўным актывам арганізацыі з’яўляецца яе працоўны калектыў. 73 прафесіяналы сваёй справы: маладыя-перспектыўныя, вопытныя, чый стаж службы перавысіў 3 дзясяткі гадоў. У абсалютнай большасці – прадстаўнікі моцнай паловы чалавецтва. Увесь калектыў, а таксама ветэранаў Ляхавіцкага РЭС шчыра віншуем з надыходзячым прафесійным святам!
Іван КАВАЛЕНКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Начальнік Віктар Станкевіч (у цэнтры), дыспетчар Ігар Арцюшкевіч, інжынер Віталій Юруць.

Службу збыту электраэнергіі ўзначальвае намеснік начальніка РЭС Валерый Маслюк (трэці справа).

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *