Што доктару прапісана. У мінулы панядзелак у Ляхавічах прайшло пасяджэнне выязной калегіі абласнога ўпраўлення аховы здароўя

У мінулы панядзелак у Ляхавічах прайшло пасяджэнне выязной калегіі абласнога ўпраўлення аховы здароўя. Напярэдадні камісія ўпраўлення дэталёва ацаніла стан аховы здароўя насельніцтва раёна па паказчыках 2011-2015 гадоў. Размова па выніках гэтай ацэнкі была канкрэтнай, аргументаванай і нават жорсткай. Ляхавіцкая ЦРБ з дваццаці пастаўленых папярэдняй калегіяй задач выканала не ўсе.

Са станоўчага боку адзначана развітая сетка медыцынскіх устаноў раёна. Умацоўваецца матэрыяльна-тэхнічная база, створаны выдатныя ўмовы для працы медыкаў. Сёння першасную меддапамогу насельніцтву аказваюць цэнтральная раённая і ўчастковая бальніцы, паліклініка, 9 урачэбных амбулаторый і 16 ФАПаў. Рэканструяваны паліклініка, хірургічныя аперацыйныя блокі, аддзяленне інтэнсіўнай тэрапіі і рэанімацыі; рэнтгенкабінет. Аснашчаны сучасным абсталяваннем, камп’ютарнай тэхнікай. Планавая магутнасць паліклінікі – 420 наведванняў у змену, вядзецца прыём па 17 спецыяльнасцях.

У раёне намецілася паступовае змяншэнне паказчыка смяротнасці сярод насельніцтва (хаця раённы паказчык вышэй абласнога), у тым ліку ад выпадковых атручванняў гарэлкай. Разам з тым сярод галоўных прычын смяротнасці ў працаздольнага насельніцтва становіцца злоўжыванне алкаголем.

Адзначана, што павялічылася колькасць пацыентаў, якім аказвалася амбулаторная і своечасовая стацыянарная наркалагічная дапамога. Станоўчым штрыхом у партрэце раённай медыцыны з’яўляецца эндакрыналагічная служба. Па паказчыках лячэння хворых цукровым дыябетам яна адна з лепшых у вобласці.

Поўнасцю ўкамплектавана педыятрычная служба раёна. На працягу апошніх пяці гадоў узровень захворвання дзяцей у раёне ва ўсіх узроставых групах зніжаецца і застаецца ніжэй абласнога паказчыка. Колькасць нараджэнняў ідзе ўверх, адсутнічае дзіцячая смяротнасць.

Усе гэтыя і многія іншыя факты прагучалі падчас пасяджэння калегіі.

Начальнік упраўлення аховы здароўя аблвыканкама Віктар Міхалоўскі ў размове з карэспандэнтам “ЛВ” рэзюмаваў, што ў медустановах раёна створана добрая матэрыяльна-тэхнічная база, магчымасці якой ляхавіцкім медыкам неабходна ў поўнай меры выкарыстоўваць для аказання якаснай дапамогі. Падрыхтаваны медперсанал, пераемнасць пакаленняў – маладым калегам ёсць у каго вучыцца, пераймаць вопыт. Што датычыць аптымізацыі, то ложкавы фонд, які не выкарыстоўваецца, канешне, бу-

дзе перапрафіліраваны. Неабходна сістэматычна працаваць над паляпшэннем якасці медабслугоўвання, удасканальваць яго па ўсіх напрамках – гэта адназначна. Асаблівую ўвагу трэба надаць эфектыўнай прафілактыцы захворванняў, ранняй дыягностыцы анкалогіі і іншых паталогій, выяўленню фактараў, якія садзейнічаюць іх узнікненню.

Жыццё – галоўная каштоўнасць, а здароўе – яго найпершы складальнік.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *