Мы і “Нашы дзеці”

Правядзенне напярэдадні Новага года і Калядаў дабрачыннай акцыі “Нашы дзеці” стала ў Беларусі добрай і прыгожай традыцыяй. Яе галоўная мэта – каб ніхто з нашых маленькіх землякоў не застаўся ў гэтыя дні без падарункаў і ўвагі.
Снежань – час цудаў і спраўджвання мараў. Не першы год на Ляхавіччыне ў апошні зімовы месяц пачынаецца дабрачынны калядны марафон. Адзін з яго этапаў – акцыя “Жаданне ў далоньцы”, калі любы з нас зможа падарыць часцінку сваёй дабрыні падапечным цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі, дапамагаючы сабраць навагоднія падарункі для іх.
Яшчэ будуць ранішнікі і тэматычныя дыскатэкі, забаўляльная праграма для маленькіх пацыентаў райбальніцы, навагоднія турніры па дзюдо і гандболе, святочныя прадстаўленні і конкурсныя праграмы.
Трое рабят з нашага раёна запрошаны на дабрачыннае навагодняе свята ў Мінску 23-24 снежня. Сёлета такі гонар выпаў гімназісту Сяргею Байчыку, Аляксандры Яўсеевай з СШ № 1 і вучню СШ № 2 Назару Шкляніку – за актыўны ўдзел у жыцці школы і піянерскім руху, выдатную вучобу і перамогі ў раённых і абласных конкурсах.
Яшчэ 15 хлопчыкаў і дзяўчынак 29 снежня прымуць удзел у абласным навагоднім свяце. У гэты ж дзень сотня рабят з усіх куточкаў раёна (выдатнікі, лепшыя спартсмены, юныя таленты, дзеці з мнагадзетных і малазабяспечаных сем’яў, сіроты) збяруцца ў Ляхавіцкім ГДК, каб разам весела адзначыць Новы год і Каляды.
І ўжо ў пятніцу ў Брэсце адбыўся святочны ранішнік, на якім пабывалі пяцёра юных ляхавічан з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця.
Святлана БЕЛЬМАЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *