Аўтограф святлом. 22 снежня — Дзень энергетыка

Дырэктар ТАА «Трансэлектракамплект» Генадзій Сакуць.

Напрыканцы лістапада  сталі вядомы пераможцы штогадовага нацыянальнага бізнес-рэйтынгу па выніках 2014 года. У ТОП-10 – і таварыства з абмежаванай адказнасцю “Трансэлектракамплект”, якое адзначана “залатым” сертыфікатам за трэцяе месца і спецыяльным знакам “Лідар года”.

Акрамя таго, майстар цэха Віталій Татарыновіч названы “Лепшым спецыялістам года” і атрымаў адпаведны сертыфікат. Напрыканцы лістапада  сталі вядомы пераможцы штогадовага нацыянальнага бізнес-рэйтынгу па выніках 2014 года. У ТОП-10 – і таварыства з абмежаванай адказнасцю “Трансэлектракамплект”, якое адзначана “залатым” сертыфікатам за трэцяе месца і спецыяльным знакам “Лідар года”. Акрамя таго, майстар цэха Віталій Татарыновіч названы “Лепшым спецыялістам года” і атрымаў адпаведны сертыфікат.

Крытэрый “сумарная намінацыя”, у якім вызначылася прадпрыемства, разлічваецца на аснове важнейшых паказчыкаў фінансава-гаспадарчай дзейнасці: выручкі ад рэалізацыі прадукцыі, тавараў, работ, паслуг, чыстага прыбытку, прадукцыйнасці працы, сярэдняй заработнай платы.

За 11 гадоў, што прайшлі з моманту стварэння ў Ляхавічах сучаснага прадпрыемства па выпуску электрамантажных тэрмаўсадачных муфтаў рознага сячэння, “Трансэлектракамплект” зарэкамендаваў сябе стабільным і паспяховым вытворцам, надзейным партнёрам. А заснавальнік і дырэктар ТАА Генадзій Сакуць неаднаразова прызнаваўся лепшым прадпрымальнікам Брэстчыны, краіны.

Сёння асартымент электратэхнічнай і кабельнай прадукцыі прадпрыемства налічвае больш за сотню найменняў, частка вырабляецца па ўласных тэхналогіях і распрацоўках. “Трансэлектракамплект” выконвае электрамантажныя работы. А “няпрофільны” магазін харчовых тавараў запатрабаваны не толькі ў сваіх работнікаў (таварыства забяспечыла працоўным месцам са стабільнай зарплатай сотню нашых землякоў), але і жыхароў райцэнтра.

Экспартаарыентаванасць, інавацыйнасць, высокая якасць і прымальны кошт – асноўныя характарыстыкі прадукцыі з фірменным знакам “Трансэлектракамплект”. Безумоўна, эканамічны крызіс адбіўся і на эканоміцы ТАА. Пакуль не ўсе праблемы, звязаныя са збытам прадукцыі, вырашаны. Але ж прадпрыемства, у многім дзякуючы прадпрымальнасці і прадбачлівасці дырэктара, выстаяла, утрымалася на плаву, не дапушчана ні скарачэння вытворчасці, ні звальнення работнікаў, прадукцыя па-ранейшаму карыстаецца попытам на міжнародным рынку: у Расіі, Украіне. Генадзій Сакуць упэўнены: захочаш – знойдзеш магчымасць, не захочаш – знойдзеш прычыну. І выбірае першае.

У надыходзячы 2016 год калектыў глядзіць упэўнена. Планаў нямала. Сярод асноўных – адкрыццё новага цэха. Праектная дакументацыя на яго падрыхтавана, экспертыза праведзена. На будаўніцтва пойдуць уласныя сродкі “Трансэлектракамплекта”, крэдыты, плануюцца і замежныя інвестыцыі. Новы цэх – новыя працоўныя месцы, дадатковая прадукцыя, рынкі збыту і, адпаведна, паляпшэнне фінансава-эканамічнага стану таварыства.

– Вырашылі на базе нашага прадпрыемства арганізаваць вучэбны клас для падрыхтоўкі кабельшчы-каў. Ёсць ужо заяўкі на навучанне па гэтай спецыяльнасці ад Брэстэнерга і Віцебскэнер-га, – расказвае намеснік начальніка па вытворчасці Віктар Матчэня.

У цэхах работа кіпіць у дзве змены. Тут працуюць сапраўдныя прафесіяналы, якія ведаюць сваю справу, любяць яе. У калектыве жартуюць, што вопытны Міхаіл Емяльянчык можа нават з заплюшчанымі вачыма апрацоўваць вырабы з поліэтылену. Прафесійнымі сакрэтамі ахвотна дзеліцца з маладым калегам Сяргеем Лойкам. Паўнапраўным членам калектыву Сяргей стаў нядаўна, але яшчэ школьнікам падчас летніх канікул неаднойчы працаваў тут па праграме другаснай занятасці. У аднаго са старажылаў прадпрыемства Мікалая Харошкі, кожная хвіліна на вагу золата, нават на кароткую фотасесію часу не хапае: ідзе наладка новага прэс-фармоўшчыка. Побач вынікова працуюць Сцяпан Ляшко і Яраслаў Кручок.

Ахмед Гамідаў на прадпрыемстве за кароткі час паспеў зарэкамендаваць сябе добрым апрацоўшчыкам.

– Мне падабаецца працаваць, абсталяванне добрае, збояў не дае. Калегі – добразычлівыя і надзейныя, – гаворыць Ахмед.

Ён прыехаў у Беларусь з Дагестана, ажаніўся з мясцовай дзяўчынай і застаўся ў Ляхавічах. Зусім нядаўна ў сям’і Гамідавых нарадзіўся яшчэ адзін сын.

На ўчастку металаапрацоўкі выпускаюць злучальнікі і наканечнікі балтовыя. Токары начале з Віталіем Татарыновічам паспяхова асвоілі станок з праграмным лічбавым кіраваннем, на якім вырабляюцца так званыя момантавыя балты пад усе тыпы і размеры наканечнікаў і злучальнікаў.

У галоўнага інжынера Аляксандра Гаспадуры і майстра Вячаслава Галёнкі спраў хапае ў любую пару года. Зладжаная брыгада ў складзе Аляксандра Мысло, Дзмітрыя Белага, Юрыя Кліменкі, Аляксандра Караваевіча выконвае электрамантажныя работы на самых розных аб’ектах. Ілюмінацыя да абласнога фестывалю-кірмашу “Дажынкі-2013” у Ляхавічах, не адна сотня свяцільняў на вуліцах горада, асвятленне самых буйных у горадзе новабудоўляў – справа рук электрамантажнікаў “Трансэлектракамплекта” .

На асаблівым рахунку ў калектыве сямейныя дынастыі. З 2004 года працуе наладчыкам Анатолій Максімчык. За добрасумленную працу, прафесіяналізм і адказнасць чуе ў свой адрас толькі словы падзякі. Апрацоўшчыкам вырабаў з пластмасы прыйшоў працаваць і сын Яўгеній.

–Калі параўноўваць, то сённяшнія ўмовы працы, абсталяванне значна лепшыя, чым у час, калі наша прадпрыемства толькі пачынала дзейнічаць, – расказвае Максімчык-старэйшы.

Галіна Жмурко – камплектоўшчыца, яе муж Васілій – токар. Таццяна Юнік – інжынер, яе бацька Леанід – вадзіцель. Як бачым, “Трансэлектракамплект” для многіх стаў сямейнай справай.

Тут амаль адсутнічае цякучасць кадраў, большасць працуе з моманту заснавання таварыства. Пры гэтым сярэдні ўзрост работнікаў – 34 гады. Шануюць у калектыве і сваіх паважаных ветэранаў – тых, хто па ўзросце на заслужаным адпачынку. Дарэчы, калі ў іх узнікае жаданне працаваць і далей, – калі ласка: вопыт і надзейнасць тут цэняць.

Прадпрыемства – вядомы ў раёне дабрачынец, яго кіраўнік уваходзіць у склад папячыцельскага савета, створанага пры ТЦСАН.

– Справа гонару аказваць дапамогу таму, каму яна найбольш неабходна, – перакананы Генадзій Сакуць. І ніколі не адмаўляе ў падтрымцы ні ветэранам, ні раённай арганізацыі Чырвонага Крыжа, ні ўстановам адукацыі і аховы здароўя.

“Трансэлектракамплект” – калектыў прафесіяналаў, аднадумцаў, якому пад сілу вырашэнне складаных задач, што смела ставяцца кіраўніцтвам аднаго з самых паспяховых маладых прадпрыемстваў раёна. Менавіта так – з аптымізмам, новымі планамі і задумкамі – тут сутракаюць сваё прафесійнае свята – Дзень энергетыка.

– Хачу пажадаць сваім калегам моцнага здароўя, дабрабыту, энергіі і працвітання. Разам мы – каманда, моцная і прафесійная, якой пакарыцца любая вяршыня. Дзякуй за супрацоўніцтва, разуменне і падтрымку, – пажаданні Генадзія Сакуця ўсяму калектыву таварыства.

Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Віталій Татарыновіч.

Мікалай Харошка, Сцяпан Ляшко і Яраслаў Кручок.

Ахмед Гамідаў, Алена Герашчанка, Людміла Янушка і Ганна Чалевіч.

Яўгеній і Анатолій Максімчыкі.

Намеснік начальніка Віктар Матчэня, вядучы эканаміст Юрый Палуянчык, спецыялісты Анатолій Ілюкевіч і Эдуард Косцін.

Галоўны інжынер Аляксандр Гаспадура (трэці злева) і спецыялісты інжынерна-электрамантажнай службы.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *