Дараўскія званы. Сцяжынцы да гэтага храма больш за паўтысячагоддзя

Ляхавіцкі касцёл.

Паслязаўтра хрысціяне каталіцкай канфесіі  адзначаць Нараджэнне Хрыстова. У гэтыя перадсвяточныя дні асаблівая атмасфера і ва ўсіх шасці касцёлах, якія дзейнічаюць у нашым раёне: Ляхавіцкім, Мядзведзіцкім, Сваятыцкім, Ліпскім,  Рачканскім, Дараўскім.  У кожнага з іх свая цікавая і непаўторная гісторыя, свае паданні і легенды, якія перадаюцца з пакалення ў пакаленне. Сцены храмаў памятаюць і светлыя падзеі, і жалобныя. Гэта так натуральна: у горы і ў радасці чалавек звяртаецца да Бога. Вера асвятляе зямны шлях. Нездарма ж галоўнымі хрысціянскімі святамі з’яўляюцца Нараджэнне Хрыстова і Вялікдзень.
Сёння ўзгадаем гісторыю аднаго з касцёлаў.

Праз тры дні  хрысціяне каталіцкай канфесіі  адзначаць Нараджэнне Хрыстова. У гэтыя перадсвяточныя дні асаблівая атмасфера і ва ўсіх шасці касцёлах, якія дзейнічаюць у нашым раёне: Ляхавіцкім, Мядзведзіцкім, Сваятыцкім, Ліпскім,  Рачканскім, Дараўскім.  У кожнага з іх свая цікавая і непаўторная гісторыя, свае паданні і легенды, якія перадаюцца з пакалення ў пакаленне. Сцены храмаў памятаюць і светлыя падзеі, і жалобныя. Гэта так натуральна: у горы і ў радасці чалавек звяртаецца да Бога. Вера асвятляе зямны шлях. Нездарма ж галоўнымі хрысціянскімі святамі з’яўляюцца Нараджэнне Хрыстова і Вялікдзень.Сёння ўзгадаем гісторыю аднаго з касцёлаў.

Аграгарадок Дарава знаходзіцца на маршруце Ляхавічы–Баранавічы. Заўсёды, праязджаючы праз яго, любуешся тутэйшым пейзажам, яркім фрагментам якога з’яўляецца прыгожы касцёл.

…Распавядаюць, што ў язычніцкія часы ў Дараве было вялікае капішча, прысвечанае Перуну. Пазней нашчадкі тых жрацоў сталі знахарамі, народнымі лекарамі. Слава пра аднаго з іх, Антося Гольца, грымела па наваколлі, пра яго ў сваіх пісьмах успаміналі Адам Міцкевіч і Ян Чачот. Першы Дараўскі каталіцкі храм, хутчэй за ўсё, быў узведзены на такім капішчы.

…У 1440 годзе над Даравам паплылі нечуваныя тут раней гукі: на стромкім узгорку па-над Шчарай быў пабудаваны касцёл і звон абвясціў пра гэта.

Будаўніцтва касцёла звязваюць з дзейнасцю тагачаснага ўладара Верхняга Панямоння Навагрудскага намесніка Пятраша Манцігірдавіча, які займаў гэтую пасаду з 1430 па 1444 гады. Менавіта ён даў грошы на першы касцёл у Дараве, які пабудавалі з лістоўніцы побач з берагам Шчары.

Той касцёл прастаяў, мабыць, да XVII стагоддзя – пасля пачалі будаваць новы. Паводле запісу ў актах Курыі Віленскага біскупства, да якога належала і Дараўская парафія, 9 сакавіка 1618 года рашэннем біскупскага капітула «…дадзена капу хвоек з маёнтка Лук на касцёл, што будуецца ў Дараве».

Але і гэты будынак быў знішчаны ў час вайны Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай 1654-1667 гадоў .

Трэці раз храм пачалі ўзводзіць у сярэдзіне XVII стагоддзя. «Сам касцёл драўляны…», – так пачынаецца кожны з вядомых інвентароў дараўскай святыні. Ад традыцыйнага драўлянага будаўніцтва тут не адступалі.

Па даўнім звычаі каталіцкіх святароў і дараўскія ксяндзы ўтрымлівалі шпіталь. Касцёльныя шпіталі не прызначаліся выключна для хворых. Гэта былі асобныя будынкі, дзе знаходзілі прытулак бедныя і нямоглыя старыя. І чацвёрты раз адбудоўваўся Дараўскі касцёл – у 1841 годзе.

Бывала, змаўкалі званы храма. 100 гадоў назад, на пачатку Першай сусветнай вайны, калі нямецкі фронт набліжаўся да Дарава, пробашч і парафіяне вырашылі зняць званы з касцёла і схаваць. Самым надзейным месцам ўяўлялася ім рака Шчара, якая ніколі нікому не выдавала давераных ёй таямніц. Выбралі месца, пазначанае прыкметамі-арыенцірамі, на беразе ракі выкапалі дол, ссунулі туды па дубовых лагах званы і засыпалі іх пяском. Ксёндз Казімір Едка асвяціў гэтае месца, а плынь  хутка яго замыла.

Але драўляны касцёл, які апынуўся на самай лініі фронту, быў разбураны ці згарэў восенню 1915 года. Сведкаў таго знішчэння няма, таму што ўсе жыхары навакольных вёсак былі выселены. І калі, верагодна ў 1918 годзе, вярнуліся дадому бежанцы, яны не ўбачылі ні касцёла, ні сваіх хатаў, ні гаспадарчых пабудоў. Не засталося, вядома, і прыкметаў, па якіх можна было пазнаць месца, дзе схавалі касцельныя званы…

У 1921 годзе ў Дарава вярнуўся ксёндз Казмір Ваньковіч, які пабудаваў тут плябанію і капліцу. Праз дзесяцігоддзе сюды прыехаў малады ксёндз Станіслаў Шаплевіч і ўзяўся за будаўніцтва касцёла. Каб не траціць сродкі на дарагія матэрыялы, прапанаваў з ваенных бункераў высякаць блокі і мураваць сцены. Неўзабаве згарэла дараўская капліца, і гэта акалічнасць прыспешыла старанні будаўнікоў. Праз год пасля здарэння, 15 жніўня 1938 года, біскуп Пінскі Казімір Букраба асвяціў новы касцёл.

Сродкі на два званы храма людзі збіралі ўскладку. Трэці звон фундаваў сам Станіслаў Шаплевіч. На жаль, не засталося ўспамінаў пра тое, як узнімалі іх на званіцу – самы вялікі звон важыў амаль тону.

Яны таксама перажылі сваю прыгоду – ўжо ў Вялікую Айчынную вайну. Фашысцкія акупанты прынялі рашэнне здымаць званы з храмаў. Невядомы добры чалавек папярэдзіў пра гэта, і з тутэйшага касцёла іх знялі і схавалі. Але навучаныя горкім вопытам вернікі вырашылі два самыя цяжкія званы з касцёла не выносіць. Малы звон ксяндза Шаплевіча перавезлі і схавалі ў Макееўшчыне, а два іншыя закапалі ў самім храме. Усе яны захаваліся, зноў занялі месца на адбудаванай вежы і загучалі.

У час Вялікай Айчыннай вайны згарэла Дараўская плябанія, быў значна пашкоджаны і будынак касцёла. Пазней, у 90-я гады, калі яго адрэстаўравалі, у сцяне над хорамі знайшлі артылерыйскі снарад, які там засеў: вось якія моцныя сцены вымуроўвае чалавек.

Не зарастае сцяжынка да храма. Людзі ідуць сюды і ў горы, і ў радасці. Паслязаўтра, у дзень нараджэння Хрыстова, тут будзе святочна і ўрачыста, як і ў іншых касцёлах, і зноў загучыць мелодыя званоў.

Валерый ІВАШКА,  краязнаўца.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Дараўскі касцёл .

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *