Добры Дзед Мароз, ці Няхай казкі спраўджваюцца

«Дзядуля Мароз, прынясі мне, калі ласка, Машу з мультфільма», «Я мару знайсці пад ёлачкай лялечны посуд», «Хачу машынку», «А мне – вялікую шакаладку з арэхамі», «Папрасіла ў Дзеда Мароза кніжку казак і карону як у прынцэсы»… Якія замілавальныя просьбы-мары, і якія светлыя і наіўныя душы тых, хто напісаў гэтыя лісты. Што можа параўнацца з дзіцячай верай у цуд і ў тое, што ўвесь свет – для іх? Яны малююць сонца і фантастычныя кветкі, маму, тату і сябе – нават калі мамы і таты няма, а ёсць добрыя выхавальніцы і нянечкі ў дзіцячым доме.

Чалавек нараджаецца для шчасця. Чалавек нараджаецца для шчасця? Маленькі чалавечак – цэнтр сусвету, суцэльная радасць і бязмежная пяшчота. Маленькі чалавечак, якому пашанцавала менш, зусім не пашанцавала, і ён не ведае, не ўяўляе, што такое маміна калыханка, маміны вочы, моцныя рукі таты.

Дзеці наша ўсё – працяг, будучыня. Як жа трапна сказана: ніякія ў свеце каштоўнасці не вартыя слязінкі дзіцяці – слязінкі, у якой вінаваты дарослыя. Напярэдадні святаў, калі незалежна ад узросту хочацца верыць у цуд, – у перадкалядна-навагоднія дні – можна стаць доб-рым чараўніком для абдзеленых лёсам малышоў, адзінокіх бабуль і дзядуль, для людзей, каму няма адкуль чакаць пісьма ці званка. Можна і патрэбна. Гаварыць пра дабрачыннасць не варта, а вось зрабіць добрую справу – самы час. Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі раіць «ачысціць сваю душу і сэрца ад усякай агіды і бруду, каб з чыстым сэрцам сустрэць Нараджэнне Хрыстова», і нагадвае пра добрае, што ў сілах зрабіць кожны.

Бегаем па магазінах, выбіраем падарункі родным, складаем святочнае меню, любуемся на яркія атрыбуты блізкіх святаў. У мітусні не прабегчы б міма галоўнага, заўважыць чаканне падтрымкі, радасці, цуда ў вачах дзіцяці, пачуць маўклівы крык аб дапамозе, які слязінкай на маршчыністым твары «нічыйнай» бабулі, не прапусціць нумар тэлефона на экране тэлевізара, званок на які стане маленькім укладам у будаўніцтва хоспіса… Проста зайсці, проста спытаць, проста прапанаваць «чым магу дапамагчы?». Чалавеку, які, вобразна кажучы, зусім адзінокі ў натоўпе.

Дабрачынныя акцыі, шматлікія і разнастайныя, чый сэнс – запаліць разам з агеньчыкамі на ёлцы ўсмешкі на ўсіх дзіцячых тварах, – гэта для ўсіх і для кожнага расклад на бліжэйшыя дні. А хацелася б – каб назаўсёды.

…Жанчына, якая некалі ўсынавіла хлопчыка, не можа стрымаць слёз, успамінаючы як гэта было. У яе і сёння захоўваецца дзетдомаўская паштоўка малыша Дзеду Марозу: «Хачу, каб знайшлася мама!».

Спраўдзілася. Шчаслівыя разам.

Вольга СВЯТЛОВА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *