Дынамічна-праблематычнае райпо

Якім быў апошні год для райпо, наколькі выканана праграма дзейнасці спажывецкай кааперацыі, што ў планах развіцця – гэтыя пытанні абмяркоўваліся падчас чарговага справаздачнага сходу ўпаўнаважаных, які адбыўся ў мінулы панядзелак. На сходзе прысутнічалі ўпаўнаважаныя з усіх структурных падраздзяленняў райпо.
Размова была канструктыўнай і дзелавой, адзначаліся не толькі і не столькі станоўчыя моманты ў развіцці спажывецкай кааперацыі раёна, але аналізаваліся недахопы, недапрацоўкі і нават пралікі з боку кіраўніцтва райпо, былі акрэслены задачы на бліжэйшую перспектыву.
Перад упаўнаважанымі справаздачу трымаў старшыня праўлення райпо Васілій Некрашэвіч. Ён адзначыў, што галоўныя задачы – удасканаленне гандлёвага абслугоўвання насельніцтва, павышэнне якасці выпускаемай прадукцыі, арганізацыя новых відаў паслуг – рашаліся, але не заўжды на належным узроўні. Пра гэта гавораць лічбы і факты. Прагнозны паказчык тавараабароту (дакладны барометр дзейнасці) летась выкананы на 107 працэнтаў – на 3 працэнты ніжэй запланаванага. За пяцігодку планавалася 166 працэнтаў, а ў выніку аказалася – 149. Хаця станоўчая дынаміка ўсё ж ёсць. На раённым схо-дзе актыву першы намеснік старшыні праўлення Брэсцкага аблспажыўсаюза Таццяна Чэрапава агучыла: па выніках 2010 года Ляхавіцкае райпо з 16 месца ў вобласці перамясцілася на 14, а ў рэспубліцы са 108 – на 78.
У 2010 годзе атрымана 15 мільёнаў рублёў чыстага прыбытку. З 10 даведзеных параметраў росту ў мінулым годзе станоўчая дынаміка маецца па 8 пунктах (рознічны гандаль, грамадскае харчаванне, выпуск уласнай прадукцыі, вытворчасць тавараў, платныя і бытавыя паслугі, нарыхтоўчы і знешнеэканамічны абарот). Дакладчык адзначыў, што выніковымі аказаліся меры, прымаемыя праўленнем райпо для ўдасканалення нарыхтоўчай дзейнасці, якія прынеслі 3 месца ў вобласці па павелічэнні аб’ёму нарыхтовак і закупу прадукцыі ў насельніцтва. Адсюль і выкананне планавага паказчыка на 143,9 працэнта. Да 188,8 працэнта выраслі і пастаўкі на экспарт.
Самакрытычна было адзначана, што не ў дастатковай ступені выкарыстоўваліся магчымасці для больш інтэнсіўнага нарошчвання аб’ёмаў дзейнасці і паляпшэння яе якасці. Не забяспечаны вытворчыя паказчыкі па энергазберажэнні (паказчык склаў мінус 7,7 працэнта пры заданні мінус 9,7), зніжаны аб’ёмы вытворчасці паўфабрыкатаў і кандытарскіх вырабаў, ёсць праблемы і з асартыментам тавару. Не выкаранены факты крадзяжоў таварна-матэрыяльных каштоўнасцяў на прадпрыемствах спажывецкай кааперацыі. Востра стаіць кадравае пытанне, асабліва ў сельскай мясцовасці, вялікая “цякучасць” кадраў. Ёсць пэўныя недапрацоўкі і па іншых накірунках дзейнасці райпо.
Намеснік старшыні Брэсцкага аблспажыўсаюза Уладзімір Тарасевіч таксама падкрэсліў станоўчую дынаміку ў рабоце райпо, у тым ліку і па змяншэнні крэдыторскай запазычанасці. Аднак гэта не азначае, што можна спыняцца на дасягнутым. Работы шмат, прычым ва ўсіх структурных падраздзяленнях. Паспяховасць залежыць, у першую чаргу, ад арганізацыі работы ўнутры райпо, выкарыстання новых тэхналогій і падыходаў да арганізацыі гандлю, пашырэння асартыменту тавараў і паслуг, удасканалення культуры абслугоўвання.
Пра плюсы і мінусы ў рабоце гаварылі і выступаючыя ў спрэчках дырэктар ПУП “Ляхавіцкі кааппрам” Галіна Якубец, прадавец магазіна “Мэбля” Любоў Куніцкая, майстар-повар Людміла Хвясько.
На сходзе разглядалася і выкананне наказаў, дадзеных членамі спажывецкага таварыства на справаздачных сходах. Выканана заданне па рамонце магазіна “Меркурый” у райцэнтры і магазіна ў вёсцы Куршынавічы, павялічыўся асартымент гаспадарчых тавараў у вясковых крамах. Сярод наказаў на 2011 год – адкрыццё спецыялізаванага магазіна кулінарыі ў райцэнтры, аднаўленне сацыяльнай накіраванасці “Ветэрана”, пашырэнне асартыменту прамтавараў у Доме гандлю, адкрыццё ў магазіне “Мясная лаўка” фірменнай секцыі птушкафабрыкі “Дружба” і іншыя.
Ды што гаварыць, у Год прадпрымальнасці тым больш патрабуецца вытворчы, прафесіянальны падыход да справы.
Галіна КАНЬКО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *