Бала-гектар удакладняе і падштурхоўвае

Вясной чаруюць вока абноўленыя прыродай і чалавекам краявіды, уражваюць завораныя палеткі, што “бягуць” аж да гарызонта, – роўныя, толькі з-пад плуга пласты зямлі пабліскваюць на сонцы. Крыху фантазіі, і ўяўляеш, як неўзабаве тут закаласіцца жыта ці ячмень, пшаніца… – хлеб. Вясновае поле заўсёды выглядае святочна. Але захапляе не толькі прыгажосць. Калі апрацоўваецца кожны свабодны ўчастак зямлі, калі месца для пустазелля няма ні ў полі, ні ўздоўж дарог, калі ўсходы – дружнай шчоткай, – гэта яскравая прыкмета высокай культуры земляробства, якая мае мноства самых розных складальнікаў і адну мэту – павелічэнне ўраджайнай аддачы кожнага гектара.

Сярэдні бал урадлівасці ворыўнай зямлі ў раёне складае 34,8. Сёлета ўраджайнасць збожжавых на бала-гектар склала ў сярэднім 156 кілаграмаў, а валавы збор зерня ў бункернай вазе – 86934 тон. Вынік добры, аднак літаральна ў кожнага сельгаспрадпрыемства ёсць нявыкарыстаныя рэзервы і магчымасць працаваць больш эфектыўна.

Дзе яны, гэтыя рэзервы, якая роля адводзіцца культуры земляробства, чаго не хапае сельгаспрадпрыемствам раёна, каб атрымаць найбольшую аддачу ад зямлі? Гэтыя і іншыя пытанні сталі тэмай для размовы спецыялістаў, якую ініцыяваў “ЛВ”. Сваімі меркаваннямі падзяліліся намеснік старшыні райвыканкама, начальнік райсельгасхарчу Сяргей Баргамон, намеснік старшыні СВК “Ляхавіцкі” Іван Вітко, намеснік старшыні СВК “Жарабковічы” Антон Булаты, загадчык сектара вытворчасці прадукцыі раслінаводства райсельгасхарчу Ігар Яварчук.

Сяргей БАРГАМОН:

– У сельскагаспадарчай дзейнасці асноўны сродак вытворчасці – зямля. Задача заключаецца ў тым, каб як мага больш інтэнсіўна выкарыстоўваць зямельныя ўгоддзі, максімальна павялічваць ворыўныя плошчы – акультурваць няўдобіцы, рэкультываваць старыя разбураныя сядзібы і г.д. У тым ліку гэта і ёсць культура земляробства – аснова асноў, якая ўключае ў сябе яшчэ шмат агратэхнічных прыёмаў, накіраваных на павышэнне ўрадлівасці ўгоддзяў. Тут і рацыянальнае ўнясенне ўгнаенняў і гліфасатаў, правільная і своечасовая апрацоўка глебы, старанны догляд за пасевамі. Дзякуючы сучаснай тэхніцы, нашы магчымасці шматразова ўзраслі. Канешне, многае залежыць ад прафесіяналізму і адказнасці людзей. Усё гэта, памножанае на прыродныя рэсурсы, можа даць выдатны эфект. Напрыклад, у СВК “Жарабковічы” бал урадлівасці зямлі складае 45,7 – самы высокі ў раёне, “Шляху новым” – 37,8. Гэтыя сельгас-кааператывы, можна сказаць, маюць “залатую жылу”, падараную прыродай. Чаго не скажаш пра ДП “Ліпнянка”, дзе бальнасць ворыва складае 28,2, у ДП “Востраў-Агра” – 29,6.

Між тым, ва ўсіх сельгаспрадпрыемствах ёсць пэўны патэнцыял павелічэння вытворчасці, заснаваны на прымяненні агратэхнічных прыёмаў, укараненні дасягненняў навукі і перадавога вопыту.

Некалькі дзесяцігоддзяў назад у СВК “Ляхавіцкі” бал ворыва складаў 28. Безумоўна, давялося ўкласці нямала сіл і сродкаў, асвойваць і выкарыстоўваць прагрэсіўныя тэхналогіі, па навуцы “карміць” зямлю арганікай і мінеральнымі ўгнаеннямі. Вынік відавочны: сёння ўрадлівасць ворыва павялічылася да 33,7 бала.

Дзякуючы высокай культуры земляробства, кожны гектар тут працуе па максімуму: сёлета на бала-гектар атрымана 209,8 кілаграма збожжавых без уліку кукурузы. Хлебная ніва, якая займала 1322 гектары, дала 9351 тону збожжа. Для параўнання: у СВК “Жарабковічы” на бала-гектар намалочана 192 кілаграмы зерня. Не адмаўляючы раслінаводчых плюсаў гаспадаркі, тым не менш не дабіраюць “Жарабковічы” ў параўнанні з “Ляхавіцкім”.

Іван ВІТКО:

– На палях працуе высокапрадукцыйная сучасная тэхніка, тыя ж абаротныя плугі ці камбінаваныя агрэгаты, якія дазваляюць падрыхтаваць зямлю, як таго патрабуе тэхналогія, – прывычная справа. Важна не дапусціць збояў у тэхналагічным ланцугу, бо страты ўраджаю будуць адназначна. Каб такога не здарылася, сваю работу трэба дакладна і дэталёва планаваць, прагназаваць і абгрунтоўваць ураджайнасць. Напрыклад, на нашых землях аптымальная для зерневых – 60 цэнтнераў з гектара – пад гэты вынік сёлета і працавалі. Дзякуючы яшчэ і спрыяльным умовам надвор’я, атрымалі амаль па 70 цэнтнераў з гектара. Аднак, несумненна, не надвор’е асноўнае, перш за ўсё спрацавала высокая культура земляробства, якая “культывуецца” ў нашай гаспадарцы.

Неаспрэчны факт: павышэнне ўрадлівасці глебы амаль на 6 балаў – ні што іншае, як дзесяцігоддзямі адладжаная работа з угнаеннямі, захаванне тэхналогіі апрацоўкі зямлі. На першы погляд, дробязь, як заарана поле. У нас за аснову бярэцца культура земляробства – спецыялізаваная тэхніка, спрыяльны час, глыбіня ворыва і шмат іншых нюансаў, добра вядомых аграномам. Гэта не проста прыгожыя словы, што “зямліцы трэба пакланіцца”, а настойлівая, мэтанакіраваная работа, на аснове навуковых распрацовак, эксперыментаў, укаранення новых тэхналогій.

Сельгаскааператыў, напрыклад, стаў паспяховай бульбаводчай гаспадаркай. Дабіцца, каб кожны гектар даваў больш як 300 цэнтнераў клубняў, няпроста: тут і слова навукоўцаў, і настойлівая праца спецыялістаў гаспадаркі, і механізатараў, ад якіх патрабуецца строгае захаванне тэхналогій. Мы можам сказаць, што маем трывалы вопыт па выпрошчванні бульбы, як, дарэчы, і зерневых, кукурузы, траў, іншых сельскагаспадарчых культур. Перакананы, сёння нельга гаспадарыць на зямлі без прымянення навуковых распрацовак і, зразумела, трэба шчыра, адказна, з любоўю адносіцца да зямлі-карміцелькі, якая на клопат пра яе адклікаецца шчодрым ураджаем.

Антон БУЛАТЫ:

– У кожнай гаспадарцы пэўная структура зямельных угоддзяў, якая патрабуе дыферэнцыраванага ўнясення ўгнаенняў, мікра- і макраэлементаў і г.д. Мы захоўваем севазварот, прымяняем сродкі аховы раслін і г.д. Наогул, культура земляробства – гэта ланцуг тэхналагічнага працэсу, у якім важна, каб усе звенні працавалі. Напрыклад, што датычыць тэрмінаў сяўбы: у супрацьлеглым баку раёна ўжо сеюць, а мы яшчэ рыхтуем глебу – не таму, што не паспяваем, – чакаем лепшых тэрмінаў для работы на нашых землях, калі і вільготнасць прыйдзе ў норму, і тэмпература глебы стане спрыяльнай. Такі ж падыход і да тэрмінаў уборкі ўраджаю. Штогод працуем з насеннем, пастаянна праводзім сортаабнаўленне. На нашых глебах выдатна расце азімая пшаніца сартоў сюіта і багатка, якім і аддаём перавагу. Сёлета пшаніца дала амаль па 100 цэнтнераў з гектара.

Культура земляробства – гэта яшчэ і барацьба з пустазеллем на абочынах дарог, рэкультывацыя і ўвядзенне ў севазварот зямель з былых хутароў і нічыйных сядзібаў. Наогул, з зямлёй трэба абыходзіцца беражліва, з павагай, па-гаспадарску. І яна аддзячыць.

Сяргей БАРГАМОН:

– Культура земляробства сёння ў многім залежыць ад тэхнічнага забеспячэння гаспадарак. У сельгаспрадпрыемствах раёна ў наяўнасці 42 энерганасычаныя трактары – дастаткова. Ёсць 34 васьмікорпусныя плугі – аснова культуры земляробства, 33 камбінаваныя глебаапрацоўчыя пасяўныя агрэгаты, у тым ліку АПП-6АД, якія паспяхова выконваюць пажніўныя работы. У СВК “Ляхавіцкі”, “Жарабковічы”, “Шлях новы” пасля ворыва абавязкова выкарыстоўваюць культыватары для разраўноўвання глебы. Гэты агратэхнічны прыём накіраваны на павышэнне культуры земляробства, а ў канчатковым выніку – на ўраджай: пасяўны агрэгат на разраўнаванай глебе ідэальна высявае зерне на зададзеную глыбіню, што забяспечвае раўнамерныя адначасовыя ўсходы. Некаторыя сельгаспрадпрыемствы не выкарыстоўваюць аграпрыём разраўноўвання глебы з-за эканоміі гаруча-змазачных матэрыялаў. І на такой “эканоміі” страчваюць значна больш.

Машынна-трактарныя паркі сельгаспрадпрыемстваў тэхнікай забяспечаны, але, зразумела ж, яе трэба абнаўляць.   Добры механізатар за рулём сучаснай тэхнікі, які здольны выканаць работы хутка і якасна, у вёсцы, можна сказаць, на вагу золата. У любым сельгас-прадпрыемстве з задавальненнем прынялі б на работу прафесіяналаў сваёй справы. Аднак механізатараў, якія маюць адпаведную кваліфікацыю для работы на сучаснай тэхніцы, не надта многа.

Ігар ЯВАРЧУК:

– Захаванне тэхналогіі – аснова культуры земляробства. Але не так проста арганізаваць справу, каб не ўпусціць ні аднаго спрыяльнага моманту. Закла-дзена аснова будучага ўраджаю – сяўба азімых праведзена на плошчы 9135 гектараў, пасеяна 2708 гектараў азімага рапсу. І ўжо сёння можна канстатаваць, што культура земляробства “кульгае” ў ДП “Ліпнянка”, “Востраў-Агра”, райаграсэрвісе. Як паказала практыка, гэтым гаспадаркам выгадней вырошчваць на сваіх угоддзях азімыя культуры, а яны нават не выканалі планавае заданне па іх сяўбе.

Усе сельгаспрадпрыемствы раёна, без выключэння, зменшылі ўнясенне мінеральных угнаенняў пад пасевы. Некаторыя, праўда, далі больш арганікі. Ёсць шанц падкарэкціраваць сітуацыю веснавымі падкормкамі.

Ніяк не спрыяе будучаму ўраджаю і тое, што ў многіх гас-падарках сяўба праводзілася адразу пасля ворыва. Рэдка дзе можна пабачыць і такі эфектыўны восеньскі аграпрыём, як лушчэнне ржышча. Мала працуюць гаспадаркі з арганікай: свежапрыгатаваны кампост не з’яўляецца паўнацэнным угнаеннем. Усё гэта не на карысць ураджаю.

На наступны год перад гаспадаркамі раёна пастаўлена задача намалаціць 71500 тон зерня ў свірнавай вазе. Вырашыць гэтую задачу павінна дапамагчы культура земляробства, над павышэннем якой працуюць усе сельгаспрадпрыемствы раёна.

Некалькі дзесяцігоддзяў назад у СВК «Ляхавіцкі» бал ворыва складаў 28. Дзякуючы высокай культуры земляробства, урадлівасць ворыва павялічылася да 33,7 бала. Сёлета ўраджайнасць збожжавых з аднаго бала-гектара склала 209,8 кілаграма – самы лепшы паказчык сярод сельгаспрадпрыемстваў раёна. А кожны сярэднераённы бала-гектар даў па 156 кілаграмаў збожжа.

Запісала Аліна ЛАПІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *