Якім застанецца ў памяці нашых землякоў-ляхавічан 2015 год? Пра гэта – з першых вуснаў

Падзеі радасныя

Мікалай ЮРУЦЬ, ляхавічанін:

– У адыходзячым 2015 годзе мой асабісты юбілей супаў з юбілеем роднага раёна: я на дзесяць гадоў маладзейшы. А ў снежні чарговая круглая дата: 30 гадоў назад быў створаны арганізацыйна-кадравы аддзел райвыканкама, які я ўзначальваў. Тады ён называўся арганізацыйна-інструктарскім. Разам са мной пачыналі Марыя Алейчык, Марыя Плескацэвіч, потым далучылася Людміла Палтарак. На змену тым, хто пачынаў справу, прыходзіла маладое пакаленне. У аддзеле ў розныя часы працавалі Алена Кунцэвіч, Юрый Несцяровіч, цяпер – Таццяна Чайкоўская, Ірына Чура, Іна Косціна, Алена Дзямід. Віншую сваіх калег з юбілеем утварэння службы, а таксама землякоў з Новым 2016 годам. Здароўя, шчасця, дабрабыту ўсім!

Юлія ДАБРАВОЛЬСКАЯ, старшыня  савета моладзі ДП “Нача”:

– У нашай краіне 2015 быў абвешчаны Годам моладзі. Шмат увагі надавалася рэалізацыі маладзёжных праектаў. Прыемна, што ў “Начы” моладзі давяраюць адказныя справы, падтрымліваюць. Мы, у сваю чаргу, стараемся апраўдваць давер, працаваць сумленна, плённа, самі арганізоўваем і праводзім разнастайныя мерапрыемствы.

Нямала цікавых задумак рэалізоўвае савет моладзі, які, дарэчы, сёлета заняў трэцяе месца ў абласным конкурсе ў намінацыі “Лепшы савет моладзі сельскагаспадарчых прадпрыемстваў”. Актыўна ўдзельнічалі ў выбарчай кампаніі, сярод перадавікоў – на суботніках і спартыўных спаборніцтвах, у складзе добраахвотнай санітарнай дружыны. Пабывалі на экскурсіях у Нясвіжы, Белавежскай пушчы.

Ёсць і вытворчыя здабыткі. Другі год запар Дзмітрый Шастак прызнаецца на жніве адным з лепшых маладых вадзіцеляў на адвозцы зерня. Сярод перадавікоў і нашы актывісты – брыгадзір паляводчай брыгады Таццяна Кудравец, трактарыст-машыніст Віталій Шклянік, вадзіцель Аляксандр Маркоўскі, аператар машыннага даення Людміла Бубен.

Андрэй ЦЯМЧЫК, мастацкі кіраўнік Русінавіцкага СДК:

– Я заўжды буду ўдзячны 2015 году, бо сёлета наблізілася да ажыццяўлення адна з маіх самых запаветных мар – паўдзельнічаць у міжнародным конкурсе эстраднай песні “Славянскі базар у Віцебску”. Паспяхова прайшоў абласны адборачны тур, рыхтуюся да рэспубліканскага.

А яшчэ стаў лаўрэатам рэспубліканскага фестывалю беларускай песні і паэзіі ў Маладзечне і “Новыя імёны Беларусі”. Наогул, спяваў шмат – і сольна, і ў складзе народнай эстраднай студыі “Экспрэс”. Асабліва запомніліся канцэртныя праграмы да 70-годдзя Вялікай Перамогі і снежаньскі дабрачынны канцэрт “Песні маёй Беларусі”.

Песня – мой нязменны спадарожнік, натхненне, душа. Менавіта любоў да музыкі пазнаёміла з Надзяй, якая стала маёй жонкай. Цяпер мы разам не толькі спяваем у “Экспрэсе” – расцім сына. Наш Ягорка, дарэчы, стаў першакласнікам харэаграфічнага аддзялення дзіцячай школы мастацтваў.

Падзеі знакавыя

Вікенцій БУРЛО, ветэран Вялікай Айчыннай вайны, член першай рэдкалегіі падпольнай газеты
“Совецкі патрыёт”:
Самая  светлая  і  памятная  для мяне падзея гэтага года – юбілей  Перамогі. 9 мая – вялікае свята. І мы, ветэраны, шчаслівыя, што моладзь гэта разумее, памятае, якой цаной дасталася Перамога, шануе ветэранаў.
У час Вялікай Айчыннай вайны я быў партызанам. Больш як 7 дзесяцігоддзяў назад  у Машукоўскім лесе, у падполлі мы выдавалі “Совецкі патрыёт”. Цяжкі быў час. Выстаялі. Перамаглі. І  сёння    помню ўсіх сваіх таварышаў, з якімі   друкавалі  газету, кожны той дзень, лес,  які стаў домам і надзейна ахоўваў.  Гэта было надзвычай важна: друкаванае слова  натхняла, заклікала, вяло,  расказвала  пра мужнасць і  смеласць людзей. “Патрыёт” быў  веснікам  жыцця.
Сёлета адзначыў сваё 95-годдзе. І магу дакладна сказаць: мір – найвялікшая каштоўнасць.   Пасля вайны ў нас з жонкай была вялікая сям’я – шасцёра дзяцей. Сёння я шчаслівы дзядуля – у мяне 5 унукаў і 2 праўнукі.
Мой лёс  цесна звязаны з Ляхавіцкім і Баранавіцкім раёнамі.  Цікаўлюся справамі і аднаго, і другога. Шчыра радаваўся  сёлетняй ураджайнасці. Малайцы хлебаробы! Журналісты “Ляхавіцкага весніка” сталі для мяне сапраўднымі сябрамі, роднымі людзьмі. Бываю ў іх, а яны ў мяне. Нам ёсць пра што пагаварыць.
Адпачываў у санаторыі пад Брэстам. Абслугоўванне і лячэнне на вышэйшым узроўні. А прырода! Якая ж яна ў нас маляўнічая і непаўторная.
Няхай 2016 год будзе радасным, згоды ўсім і міру!

Падзеі ўражальныя

Віктар БОГУШ, трэнер-выкладчык ДЮСШ:

– Для мяне, трэнера, асабліва важныя дасягненні маіх выхаванцаў. А 2015 год у гэтым сэнсе вельмі ўдалы. Прозвішчы ляхавіцкіх хлопцаў гучалі ў ліку пераможцаў на шматлікіх спаборніцтвах на Брэстчыне, у краіне і нават за межамі Беларусі.

Сваё высокае майстэрства неаднарозова пацвярджаў Уладзіслаў Цярпіцкі. У яго асабістай скарбонцы – і два кубкі Еўропы! Маючы званне майстра спорту па дзюдо, выканаў такі ж нарматыў па самба. У бліжэйшай перспектыве ў яго членства ў Нацыянальнай зборнай Беларусі па дзюдо. Вельмі прыемна, што мой выхаванец стаў стыпендыятам Прэзідэнцкага спартклуба.

А Данііл Касянкоў быў лепшым на першынстве Беларусі па самба сярод сваіх равеснікаў, на першынстве Еўропы ў Турцыі – пятым. Зараз ён навучэнец Брэсцкага вучылішча алімпійскага рэзерву. А пачынаў займацца спортам у Ляхавіцкай ДЮСШ.

З гэтага года ў ДЮСШ працуе і мая жонка Наталля. Яна інструктар-метадыст па дзюдо. Першыя крокі ў адзінаборстве робіць малодшая дачка – другакласніца Маша, якая праяўляе спартыўны характар. А сямікласніца Яна захапляецца маляваннем і займаецца ў школе мастацтваў, наведвае гурток аэробікі.

Даспадобы рабятам прыйшлася спартыўная змена ў “Чайцы”. Гэта было выдатна! Трэніраваліся на чыстым паветры, цудоўна адпачылі, паправілі здароўе.

Жадаю землякам новых перамог і дасягненняў.

Іосіф ТАТАРЫНОВІЧ, жыхар  Ганчароўскага дома сумеснага  пражывання пажылых людзей:

– У кастрычніку пасяліўся ў гэтым доме. Цяпер паміж людзей, не адзін, акружаны цеплынёй і ўвагай. Я вельмі задаволены. Завёў новых сяброў – нас тут 8 чалавек. Дарэчы, раёнку чытаем ад першай старонкі да апошняй.

Любім і чакаем гасцей. Якія канцэрты для нас ладзяць добразычлівыя землякі! За гэта мы ўсім вельмі ўдзячныя. Шчыры клопат і падтрымка патрэбны, асабліва пажылым людзям.

Радуюся, калі прыязджаюць мае дзве ўнучкі – яны жывуць далёка, клічуць мяне да сябе. А мне і тут добра. Ці многа трэба пенсіянеру ў 77 гадоў? Усё ў мяне ёсць.

Радуюся кожнаму сонечнаму дню, кожнаму добраму чалавеку і прыемнай падзеі, а найбольш – клопату пра людзей, якім у нашай краіне ўсе мы не абдзелены.

Галіна СІДОР, медсястра

Дараўскай урачэбнай амбулаторыі:

– Якое шчасце трымаць на руках немаўля! І сёлета на ўчастку, які я абслугоўваю, такое свята было 22 разы. За кожным нованароджаным разам са шчаслівымі бацькамі ездзіла ў радзільны дом, суправаджала малышоў да месца жыхарства: у Конькі, Федзюкі, Дарава, Малое Падлессе, Дарава-Чыж, Бажкі. Дзетак да месячнага ўзросту наведваю двойчы на тыдзень. Вельмі радасна, што хлопчыкі і дзяўчынкі нарадзіліся ва ўладкаваных сем’ях, маюць вельмі клапатлівых матуль і татаў – радуюся за іх. Вось ужо 25 гадоў працую медсястрой і клапачуся пра здароўе вяскоўцаў, якіх абслугоўвае наша медустанова.

Сёлета ў мяне асаблівая радасць: у ліку 22 нованароджаных і мая ўнучачка Ульянка, якой ужо пяць з паловай месяцаў. Роўна столькі часу я – бабуля! Ганаруся гэтым, удзячна адыходзячаму году за падоранае шчасце. Наогул, лічу, што дзеці – гэта сэнс жыцця. Жадаю, каб як мага часцей над дахамі дамоў землякоў кружылі буслы і прыносілі чаканую радасць.

Падзеі незабыўныя

Сяргей ШУШПАННІКАЎ, загадчык мехмайстэрняў  СВК “Ляхавіцкі”:

– Пад Новы год здараюцца цуды, і я гэта дакладна ведаю. На мяне звалілася столькі шчасця, што хочацца падзяліцца сваім цудоўным настроем з усім белым светам. Нядаўна, пасля трох гадоў работы ў СВК “Ляхавіцкі” на пасадзе загадчыка мехмайстэрняў, атрымаў добраўпарадкаваны катэдж. Для маладой сям’і, згадзіцеся, гэта бясцэнны падарунак. Тым больш прэстыжна мець жыллё ў самым моцным сельгаскааператыве раёна.

А літаральна днямі мая любая Анастасія падарыла мне сына! Праз некалькі дзён я прывязу сваіх самых дарагіх людзей – Настачку і сына Савелія – у новы дом. І гэта яшчэ не ўсе падарункі адыходзячага 2015 года. Сёлета мая жонка закончыла вучобу ў БарДУ і атрымала дыплом інжынера-эканаміста.

Радуюся і за сваіх калег: у нашай гаспадарцы сёлета 6 маладых спецыялістаў атрымалі жыллё. Застаецца толькі шчыра працаваць, каб быць дастойнымі пераемнікамі працоўных традыцый гэтай славутай гаспадаркі і яе старшыні Аляксандра Вітко.

Удзячны лёсу, што трапіў працаваць на Ляхавіччыну. З Новым годам віншую ўсіх вяскоўцаў.

Марыя ТУРКО, даярка Галавачоўскай МТФ  СВК “Шлях новы”:

– Хачу сказаць дзякуй адыходзячаму году – ён быў для мяне і маёй сям’і добрым, прынёс шмат прыемных падзей.

Стабільнасць і паспяховасць у працы – выдатны стымул. Прыемна, што па выніках раённага спаборніцтва сёлета заняла другое месца сярод аператараў машыннага даення па сваёй групе гаспадарак. Хоць ужо на пенсіі, але з задавальненнем іду на работу і свайго жыцця не ўяўляю без поўных клопатаў ранкаў, з якіх пачынаецца кожны дзень. Побач выдатны калектыў руплівых і адказных людзей, з якімі прыемна працаваць.

Адыходзячы год быў адметным і для нашай сям’і: ладзілі вяселле малодшага сына. Падзея чаканая, памятная, радасная. Адначасова з’явіўся і спакой на душы: усе тры сыны ўжо маюць сем’і.

Сустракаць Новы год і праводзіць стары мы па традыцыі будзем усёй вялікай сям’ёй. І пажадаем, каб 2016-ы таксама не скупіўся на добрыя падзеі.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *