Праменьчык святла і дабрыні. 5 студзеня – Дзень работнікаў сацыяльнай абароны

Вольга Саган у конкурсе прафесійнага майстэрства сярод сацработнікаў стала лепшай.

Яркімі фарбамі дыванкоў, развешаных на агароджы каля дома,  сустракае падворак  аднаго  з  падапечных сацыяльнага работніка Вольгі Саган, якая тут распачала генеральнае прыбіранне.

– Да свята абавязкова трэба памыць вокны, фіранкі, павытрасаць дарожкі, – завіхаецца Вольга Паўлаўна.
Жыццярадасная і добразычлівая, яна з любоўю расказвае пра сваіх сяброў. Так цёпла называе кожнага з дзесяці  сваіх падапечных. За дзень з вёскі ў вёску, з Галаўнінцаў у Бенькаўцы, Малышы набягае не адзін кіламетр. На ўсё ў яе хапае сіл, усюды паспявае. Ведае – яе чакаюць.  Кожнаму пажадае здароўя, пацікавіцца жыццём-быццём і за працу прымецца. Растапіць печ, прынесці вады, заплаціць за камунальныя паслугі, па рэцэпце ўрача забяспечыць лякарствамі, купіць прадуктаў – не пералічыць усіх клопатаў і паслуг, што  выконваюць  сацыяльныя работнікі. У прафесію Вольга Саган трапіла выпадкова: прыйшла сюды з сельскай гаспадаркі на падмену водпуску. Так і засталася на  два дзесяцігоддзі. Прыкіпела да людзей, якім не абысціся без яе, яны сталі часткай яе  жыцця. Зусім не выпадкова ў  раённым конкурсе прафесійнага майстэрства сацыяльных работнікаў Вольга  Саган прызнана лепшай. Вопыт,  асабістыя якасці і, канешне, заўсёдная падтрымка сям’і – складальнікі  яе поспеху.
Другое месца ў гэтым конкурсе заняла Зоя Біліновіч –  вопытны і адказны спецыяліст, добры і  спагадлівы чалавек. Жыве яна ў Куршынавічах. У сакавіку будзе 20 гадоў, як Зоя  Раманаўна  перакваліфікавалася з  кандытара ў  сацработніка. Але, адзначае, пра зроблены выбар ніколі не пашкадавала:
– Адказнасць за маіх васьмярых бабуль  і дзядуляў – важная частка маіх клопатаў.
Сярод яе падапечных  вяскоўцы рознага ўзросту і сямейнага становішча. Тактоўная і сардэчная Зоя Біліновіч да  кожнага знаходзіць  падыход, для кожнага знойдзе цёплае  слова, за што ні возьмецца – зробіць акуратна.
І хоць працоўны дзень сацыяльнага работніка доўжыцца стандартныя 8 гадзін, праходзіць ён  не заўсёды па графіку і ў яго межах.  Вось і днямі Зоя Раманаўна па просьбе сваіх бабуль  і дзядуляў ездзіла ў Баранавічы за пакупкамі. Дарэчы, усе яе падапечныя даўнія сябры  раёнкі – выпісваюць “ЛВ” шмат гадоў.
У тройцы пераможцаў прафесійнага конкурсу і сацработнік з Падлесся Святлана Тарабаш. Жыццёвыя абставіны прывялі яе, фармацэўта, у  прафесію, у якой яна сябе адчувае вельмі ўпэўнена. Медыцынскія навыкі толькі плюс  у рабоце з пажылымі людзьмі.
– Да ўсяго чалавек прывыкае. Галоўнае, каб мае падшэфныя не адчувалі сябе адзінокімі, – дзеліцца  Святлана Аляксееўна. Яна, акрамя іншага, ім і  ціск памерае, і, калі трэба, пастрыжэ, дапаможа прыгатаваць абед,  вырашыць шмат іншых надзённых спраў. Нераўнадушны і актыўны чалавек, шчырая і адданая сваёй справе, яна ўспрымае чужы боль як свой, не цураецца ніякай работы.  Да таго ж, Святлана – удзельніца мастацкай самадзейнасці. Аптымістка па натуры, дорыць дабрыню і  пазітыўныя эмоцыі іншым.
Сацработнікі –  бы  праменьчык святла, які саграе  і разбаўляе  адзіноцтва.  Ім, неабыякавым да чужых  праблем, уласцівы асаблівая вытрымка, сардэчнасць. І гэта абавязковыя якасці для такой работы.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Не скупяцца на душэўнае цяпло і ўвагу сацработнікі Зоя Біліновіч і Святлана Тарабаш.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *