Каб падлёдная лоўля не стала плаваннем

Штогод у СМІ з’яўляецца інфармацыя пра тое, што тонкі лёд не вытрымаў наступлення рыбакоў: людзі трапляюць у ваду, здараецца, дапамагчы ім ўжо не паспяваюць… Між тым, на Брэстчыне ўведзена забарона выхаду на лёд, пакуль яго таўшчыня не дасягне 7 сантыметраў. Забарона распаўсюджваецца таксама на перыяд раставання і разбурэння лёду.

Работнікі райаддзела па надзвычайных сітуацыях нагадваюць меры перасцярогі, якіх павінны прытрымлівацца ўсе, хто адпраўляецца на зімовую рыбалку. Так, у мэтах бяспекі лункі неабходна свідраваць на адлегласці не менш як 5-6 метраў адна ад адной, каб не дапускаць вялікіх нагрузак на лёд. Для ўмацавання апоры побач з лункай трэба класці прынесеную дошку. Нельга збірацца вялікімі групамі. Кожны рыбак павінен мець з сабой шнур даўжынёй 12-15 метраў, на адным канцы якога мацуецца груз, а на другім – пятля. Ва ўсіх выпадках, перш чым ступіць з берагу на лёд, неабходна ўважліва агледзецца, намеціць маршрут руху, выбіраючы бяспечнае месца. Ні ў якім разе нельга выпрабоўваць трываласць лёду ўдарам нагі, гэта трэба рабіць з дапамогай палкі. Пры руху па лёдзе групай трэба ісці адзін за адным на адлегласці 5-6 метраў.

Пільнасць павінны праявіць бацькі, асабліва калі побач з домам ёсць вадаём. Не дапускайце, каб дзеці знаходзіліся без нагляду паблізу рэк, сажалак, кар’ераў.

Калі раптам нехта праваліўся пад лёд, трэба ведаць, як правільна аказаць дапамогу. Набліжайцеся да пацярпелага толькі паўзком, у якасці выратавальных сродкаў скарыстайцеся дошкай, палкай, шчытом, вяроўкай, лыжай, звязаным адзеннем і г.д. Асцярожна цягніце пацярпелага да берага ў той бок, з якога ён прыйшоў. Дзейнічайце хутка, рашуча, паколькі пацярпелы губляе сілы, замярзае і можа пайсці пад лёд. Пасля таго, як пацярпелага выцягнулі з вады, неабходна як мага хутчэй адвесці яго ў цёплае памяшканне і да прыходу ўрача аказаць першую дапамогу: вызваліць ад мокрага адзення, расцерці, пераапрануць у сухую бялізну, напаіць любым гарачым напіткам. Майце на ўвазе, што тэмпература вады 2-3 градусы аказваецца смяротнай для чалавека праз 10-15 мінут.

Таццяна КАЛГУШКІНА, інспектар РАНС.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *