Ланцужок дабрыні

Што можа быць даражэй за радасную ўсмешку дзіцяці і яго шчаслівыя вочы?! Дабрачынная акцыя “Нашы дзеці” дорыць хлопчыкам і дзяўчынкам веру ў дабрыню, у цуды і казку.

Кульмінацыяй акцыі па традыцыі стала рэспубліканскае свята ў Палацы Рэспублікі. Галоўная ёлка краіны сёлета сабрала больш за 2 тысячы юных і таленавітых з усіх куточкаў Беларусі. Аляксандра Яўсеева з СШ №1 – адна з тых, каму за актыўны ўдзел у жыцці школы і піянерскім руху, перамогі ў раённых і абласных конкурсах выпаў гонар стаць удзельнікамі свята (акрамя яе, Ляхавіччыну прадстаўлялі вучань СШ № 2 Назар Шклянік і гімназіст Сяргей Байчык).

– У сталіцы я не першы раз, але гэта паездка – асаблівая. Такая ўдача выпадае аднойчы. У захапленні ад добразычлівых адносін, цікавага цыркавога прадстаўлення, ад галоўнай ёлкі. А стаць гледачом незвычайнай казачнай гісторыі ў Вялікай зале Палаца Рэспублікі – мара кожнага. Пажаданні Кіраўніка дзяржавы, каб мы выраслі па-сапраўднаму адукаванымі і культурнымі людзьмі, сталі для нас жыццёвым наказам. А якія падарункі мы атрымалі! Адчуваю сябе самым шчаслівым чалавекам, – падзялілася ўражаннямі Саша.

Акцыя “Нашы дзеці” ў Брэсцкай вобласці аб’яднала каля 30 тысяч хлопчыкаў і дзяўчынак. 450 юных жыхароў вобласці 29 снежня прынялі ўдзел у абласным дабрачынным свяце: 15 ляхавічан вадзілі карагоды вакол ёлкі ў Брэсце. Сярод тых, каму выпаў шчаслівы білет, вучаніцы Тухавіцкай СШ Мілана Канановіч і Тальмінавіцкай СШ Ангеліна Карчэўская.

– Свята праходзіла ў абласным цэнтры маладзёжнай творчасці. Якія былі прыгожыя касцюмы, дэкарацыі, цудоўная музыка і феерычнае прадстаўленне! А да таго мы былі ўдзельнікамі шматлікіх гульняў і конкурсаў. Пасля звароту да нас губернатара захацелася стаць лепшай вучаніцай, – дзеліцца Мілана.

Ангеліна Карчэўская дадае:

– Я вельмі чакала гэты дзень. І ён спраўдзіў усе мае жаданні. Нас было больш за 400 чалавек з усіх раёнаў Брэстчыны! Мы наведалі выставу дзіцячай творчасці – у нас вельмі таленавітыя школьнікі. Нам паказвалі фокусы, некаторыя прымервалі форму МНС, ад душы весяліліся. А тэатралізаванае прадстаўленне “Новы год і пяро Жар-птушкі” пераўзышло ўсе спадзяванні – так гэта было цудоўна і казачна! А яшчэ мы атрымалі салодкія падарункі.

Ні адно дзіця ў гэтыя святочныя дні не павінна застацца без увагі. Прадстаўнікі аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі днямі наведалі дзіцячыя дамы сямейнага тыпу і ўручылі дзецям пачастункі.

Раённая арганізацыя таварыства Чырвонага Крыжа на працягу месяца праводзіць шматлікія дабрачынныя акцыі. Чырвонакрыжаўскія Дзед Мароз і Снягурка (дарэчы, касцюмы герояў падарыла ТАА “Трансэлектракамплект”) завіталі ў 5 сем’яў, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў, і перадалі салодкія пачастункі, 72 “асаблівыя” дзіцяці атрымалі гігіенічныя наборы. Для 16 мнага-дзетных сем’яў, у якіх выхоўваецца 5 і больш дзяцей, дарэчы прыйдуцца харчовыя наборы, такія ж наборы прадуктаў аказаліся даспадобы і 45 сем’ям, што знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. На акцыю “Падары Новы год” актыўна адгукнуліся Свяціцкая, Тухавіцкая, Крывошынская СШ, Падлескі дзіцячы сад-школа, гарадскія школы, якія збіралі для рабят цацкі, кніжкі і іншыя патрэбныя рэчы. Падчас ранішніка, які прайшоў у СШ №1, усё гэта і махровыя ручнікі ад Чырвонага Крыжа былі перададзены 35 сем’ям. Члены клуба “Залаты ўзрост” ТЦСАН сабралі для маладой сям’і з Данецка дамашнія нарыхтоўкі.

Ланцужок дабра працягваецца.

Дарэчы, ДЮСШ таксама зрабіла падарунак усім аматарам зімовага адпачынку – на гарадскім стадыёне заліты каток. Тут жа можна ўзяць канькі напракат.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.


Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *