Настаўнік — гэта лад жыцця

Яны на заслужаным адпачынку, але заўсёды ведаюць, чым жыве іх родная школа, грамадства. Гатовы, калі трэба, дапамагчы словам і справай, навучыць, падтрымаць, накіраваць. Яны – настаўнікі, а гэта на ўсё жыццё. Як адзначыла ў сваім выступленні на справа-здачнавыбарнай канферэнцыі раённай арганізацыі ветэранаў педагагічнай працы Галіна Ярац (яна 5 гадоў з’яўлялася старшынёй раённага савета арганізацыі), на ўліку 491 настаўнік, 72 з іх яшчэ працуюць. Раённы савет і ветэраны-актывісты па-ранейшаму ў гушчыні жыцця: клапоцяцца пра сваіх немаладых калег, прыцягваюць іх да ўдзелу ў грамадскім жыцці, вучэбна-выхаваўчым працэсе моладзі.
Актыўная жыццёвая пазіцыя многіх ветэранаў педагагічнай працы яшчэ больш умацоўвае прэстыж прафесіі настаўніка.
За справаздачны перыяд праведзена шмат мерапрыемстваў і для настаўнікаў, і з іх непасрэдным удзелам. Акцыі “Клопат”, “Міласэрнасць”, “Ветэран жыве побач” садзейнічалі таму, што і вучні, і настаўнікі не абышлі увагай ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, працы: пасільная дапамога ў вырашэнні бытавых праблем, задушэўныя размовы, віншаванні – ім у радасць. Паездкі па славутых мясцінах рэспублікі, удзел у песенных фестывалях, спартыўных турнірах, арганізацыя святочных ушанаванняў ветэранаў – ды ці мала было самых розных мерапрыемстваў, якія захаплялі і пакінулі прыемныя ўспаміны.
Работу раённага савета ветэранаў педагагічнай працы станоўча ацанілі многія педагогі. А начальнік аддзела адукацыі райвыканкама Святлана Юрлевіч зазначыла, што ветэраны з’яўляюцца бясцэнным скарбам, увасобленым у мудрасці, вопыце, талентах, якім яны заўсёды гатовы падзяліцца з маладым пакаленнем.
Раённы савет ветэранаў педагагічнай працы выказаў шчырую падзяку Галіне Ярац за тое, што яна плённа працавала, узначальваючы ветэранскую арганізацыю. На справаздачна-выбарнай канферэнцыі выбраны новы склад савета, у які ўвайшлі сямёра актывістаў-ветэранаў, а ўзначаліла яго Людміла Рагацэвіч.
Святлана БЯЛЕЦКАЯ, старшыня РК прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *