Фірменны стыль – традыцыі будучага. Днямі прафесійнае свята адзначылі банкаўскія і фінансавыя работнікі, у тым ліку і калектыў разлікова-касавага цэнтра №35 у г. Ляхавічы філіяла ААТ “Белаграпрамбанк” – Брэсцкае абласное ўпраўленне

Днямі прафесійнае свята адзначылі банкаўскія і фінансавыя работнікі, у тым ліку і калектыў разлікова-касавага цэнтра №35 у г. Ляхавічы філіяла ААТ “Белаграпрамбанк” – Брэсцкае абласное ўпраўленне. РКЦ у райцэнтры ўстанова запатрабаваная, аказвае шырокі спектр банкаўскіх паслуг: ад прыёму камунальных плацяжоў і валютна-абменных аперацый да выдачы крэдытаў і правядзення страхавых аперацый.

26 прафесіяналаў пад кіраўніцтвам начальніка цэнтра Алы Кандратовіч і яе намесніка Ірыны Ракашэвіч – сённяшні калектыў РКЦ. Камунікабельнасць і абавязковасць супрацоўнікаў, уменне весці зацікаўлены дыялог і выбудоўваць узаемавыгадныя адносіны, тактоўнасць і ўважлівасць дазваляюць пастаянна павялічваць колькасць кліентаў установы, сярод якіх як фізічныя, так і юрыдычныя асобы. Той факт, што з 215 юрасоб, якія абслугоўваюцца тут, 104 індывідуальныя прадпрымальнікі, пацвярджае: банку давяраюць.

У верасні Белаграпрамбанк адзначыць сваё 25-годдзе. Чвэрць стагоддзя банк – надзейны партнёр аграпрамысловага комплексу. Многія суб’екты гаспадарання сталі за гэты час не проста дзелавымі партнёрамі, а вернымі сябрамі. Сярод найбольш буйных кліентаў РКЦ – малочны, кансервавы, торфабрыкетны заводы, райаграсэрвіс, СВК “Ляхавіцкі”, “Жарабковічы”, «Шлях новы» і іншыя.

Абслугоўваннем юрасоб займаецца аддзел кліенцкага менеджменту. Яго кіраўнік Жанна Занько 25 гадоў у фінансавай сферы. Больш за 3 дзесяцігоддзі прысвяціла рабоце ў банкаўскай сістэме спецыяліст Тамара Грудзько. Наогул, усе, хто тут працуе, здольныя паспяхова зарыентаваць кліента ў любых фінансавых пытаннях, у тым ліку пазнаёміць з банкаўскімі навінкамі, сярод якіх – пакет паслуг “Лінія бізнес-росту”. З нядаўняга часу банк пачаў выдачу гарантый – аднабаковых абавязацельстваў, якія прымаюцца банкам па хадайніцтве кліента.

Высокая адказнасць вылучае спецыялістаў аддзела разлікаў на чале з Ларысай Матрашынай. Стаж вядучага спецыяліста аддзела Наталлі Марозавай налічвае больш за 2 дзесяцігоддзі – маладым супрацоўнікам ёсць у каго павучыцца.

Аддзелам рознічных паслуг кіруе Таццяна Жаўрыд. Яе падначаленыя заўсёды рады дапамагчы кліентам – фізічным асобам – у выбары аптымальнай і найбольш цікавай прапановы ад Белаграпрамбанка. Гэтыя спецыялісты частыя госці ў школах, дзе знаёмяць рабят з асновамі фінансавай граматнасці, вучаць правільна распараджацца грашыма. Сёлета ў межах рэспубліканскай праграмы “Расці вялікі!” 13-гадовы ляхавічанін атрымаў падарунак ад банка – адпачынак у аквапарку “Лябяжы”.

Зладжаная работа ўсіх трох аддзелаў, а таксама галоўных спецыялістаў інфармацыйных тэхналогій  Дзмітрыя Галіцкага і Станіслава Дзядзюры, галоўнага юрысконсульта Генадзія Сяргея і спецыяліста па забеспячэнні дзейнасці банка Валерыя Малашчука – трывалая аснова паспяховай дзейнасці РКЦ.

Сёлета падчас дня адкрытых дзвярэй для пажылых людзей адбылася прэзентацыя пакета “Клопат”. Яго ўладальнікі маюць мноства прыемных бонусаў і сюрпрызаў ад банка. Дарэчы, 394 нашы землякі ўжо выбралі для сябе “Клопат”. Як правіла, першымі карыстальнікамі навінак банка становяцца яго ветэраны. Да іх у РКЦ асаблівая ўвага – кожны юбіляр абавязкова атрымлівае на дзень нараджэння букет ад банка.

– Мы і далей будзем імкнуцца працаваць так, каб кожны наш кліент мог аператыўна і камфортна вырашыць усе свае фінансавыя пытанні, – адзначае дырэктар РКЦ №35 Ала Кандратовіч.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Начальнік аддзела кліенцкага менеджменту Жанна Занько (справа) са спецыялістамі Кацярынай Кулеш і Дар’яй Пятровай.

Спецыялісты аддзела разлікаў Наталля Марозава, Вольга Гардзіевіч і Ларыса Прыхач.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *